Беларуская Служба

У Расіі адбыліся дэманстрацыі пратэсту ў 140 гарадах

24.01.2021 09:01
Ніколі раней пратэсты ў рэгіёнах не былі такімі масавымі. У Ніжнім Ноўгарадзе на вуліцы выйшлі 10 тысяч чалавек, у Екацярынбургу, Уладзівастоку, Іркуцку — тысячы чалавек.
  .
Пратэсты ў Расіі. Ілюстрацыйны здымакEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA

Пратэсты ў абарону Аляксея Навальнага прайшлі ў 140 гарадах Расіі. Расійскія незалежныя СМІ паведамляюць, што паліцыя жорстка разганяла мітынгі прыхільнікаў апазіцыйнага лідара. Усяго затрымана каля 3200 чалавек, у тым ліку больш за 1200 у Маскве.

У Санкт-Пецярбургу паліцыя затрымала амаль 500 чалавек, а ў іншых гарадах - ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў чалавек.

Самая шматлікая дэманстрацыя прайшла ў сталіцы. У цэнтры Масквы пратэставаць выйшлі ад 15 да 20 тысяч чалавек. Людзі крычалі "Расія без Пуціна" і патрабавалі вызвалення Аляксея Навальнага.

У расійскай сталіцы адбыліся найбольш жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцыянтамі. Пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку журналісты.

У Пецярбургу супрацоўнік паліцыі ўдарыў нагой у жывот 54-гадовую Маргарыту Юдзіну падчас разгону мітынгу. Яна знаходзіцца ў шпіталі ў непрытомным стане. У яе сур'ёзная траўма галавы, за ноч ёй стала горш. Маргарыта знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні, паведаміў расійскі рэсурс Baza.

Апазіцыянеры абвясцілі, што на наступным тыдні зноў выйдуць на вуліцу.

ПР/юл