Беларуская Служба

У Варшаве адбылося афіцыйнае адкрыццё дому-прытулку для бежанцаў з Беларусі

10.05.2021 13:02
Па відэасувязі з сабранымі звязалася Святлана Ціханоўская, якая падкрэсліла, наколькі важная для беларусаў у гэтыя цяжкія часы салідарнасць і згода.
Аўдыё
  • У Варшаве адкрыўся Мірны дом
Уваход у Мірны дом у Варшавефота: БСПР/нг

У Варшаве адбылося афіцыйнае адкрыццё дому-прытулку для бежанцаў з Беларусі. «Мірны дом» – так назвалі гэтае месца – удалося стварыць дзякуючы высілкам многіх людзей, у тым ліку добраахвотнікаў.

Сродкі на арэнду дому збірала Фундацыя HUMANOSH імя Славы ды Ізка Валасянскіх, якая здаўна займаецца дапамогай уцекачам у Польшчы. Пасля падзей жніўня мінулага года, калі ў Польшчу пачалі ўцякаць апаненты рэжыму Лукашэнкі, асноўнай мэтай дзейнасці фундацыі стала падтрымка беларускіх уцекачоў.

Гаворыць Катажына Скопец, адна з заснавальнікаў фундацыі:

- Мы баімся ўвесь час за фінансы, ці нам хопіць сродкаў. Але ў мяне выдатная каманда, ёсць Караліна, якая дзейнічае вельмі інтэнсіўна. Ёсць Дар’я Ярмоцык, беларуска, якая таксама нам дапамагае. Цяпер мы ўжо ведаем, як афармляць паперы для ўцекачоў, дазволы на працу. Так што мы ўсё больш незалежныя і самастойныя, але ўвесь час нам патрэбная ежа, фінансавыя сродкі на арэнду гэтага дому. Штодзённа прыязджаюць новыя людзі. Мы цяпер будзем шукаць жыллё для двух новых сем’яў. Першая – бацькі з трыма дзецьмі, у другой сям’і двое дзяцей. Гэта вельмі трагічныя сітуацыі, трэба ім знайсці кватэру, бо тут для іх няма ўжо месца. Гісторыі гэтых людзей розныя, ёсць, напрыклад, доктарка з 17-гадовым стажам, ёсць маці з дзіцём-інвалідам. Гэтым людзям усё прыходзіцца пачынаць ад пачатку. Ім цяжка перш за ўсё псіхалагічна. На шчасце, у нас ёсць псіхолаг тут, на месцы, мы з ёй супрацоўнічаем.

На адкрыцці Мірнага дому прысутнічаў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

- Калі той, хто вымушаны з’ехаць з Беларусі, прыязджае за мяжу, зразумела, што трэба мець дах над галавой, трэба мець такі «Мірны дом», які мы бачым сёння тут, у Варшаве. Тут людзі могуць зразумець, дзе яны, што іх чакае, які лёс, спадзяюся, што часовы. Я ўспомніў, як я выязджаў у Польшчу ноччу з 1 па 2 верасня. У мяне не было нічога, акрамя касцюму, ніводнай іншай рэчы, ні мабільнага тэлефону. Дзякуй Богу, тут вучылася мая дачка, было да каго звярнуцца. Але гэта псіхалагічна вельмі цяжка. Вельмі добра, што ёсць ініцыятары, якія робяць такую добрую справу.

Па відэасувязі з сабранымі ў Варшаве звязалася таксама Святлана Ціханоўская, якая падзякавала фундацыі за дапамогу і падкрэсліла, наколькі важная для беларусаў у гэтыя цяжкія часы салідарнасць і згода.

слухайце рэпартаж у далучаным гукавым файле

нг


Жыхары Мірнага дому і Катажына Скопец (на першым плане ў агулярах) размаўляюць са С. Ціханоўскай Жыхары Мірнага дому і Катажына Скопец (на першым плане ў агулярах) размаўляюць са С. Ціханоўскай
Катажына Скопец, Яна Шостак, Караліна, Сяргей Дылеўскі, Павел Латушка На першым плане: Катажына Скопец, Яна Шостак, Караліна, Сяргей Дылеўскі, Павел Латушка