Беларуская Служба

На Вэстэрплятэ будзе пабудаваны музей

10.07.2019 15:52
Вэстэрплятэ – гэта адзін з важнейшых для палякаў сімвалаў Другой сусветнай вайны.
Аўдыё
Westerplatte, zdjęcie ilustracyjne
Westerplatte, zdjęcie ilustracyjneShutterstock/jurand38

1 верасня спаўняецца роўна 80 гадоў з пачатку Другой сусветнай вайны. У гэты дзень будзе закладзены краевугольны камень пад будаўніцтва новага Музею Вэстэрплятэ і вайны 1939 года.

Вэстэрплятэ з'яўляецца сімвалам пачатку Другой сусветнай вайны. Гэта паўвостраў на польскім узбярэжжы Балтыйскага мора непадалёк ад Гданьску, дзе на працягу першага тыдня вайны польскія салдаты трымалі абарону ад нямецкіх войскаў.

Адмысловая камісія вышэйшай палаты парламенту Польшчы, Сенату, падрыхтавала спецыяльны закон аб Вэстэрплятэ, які зацвердзіў Сэйм (ніжэйшая палата парламенту). На дадзены момант гістарычная тэрыторыя прыйшла ў заняпад, з часоў вайны там існавалі салдацкія казармы Польскага войска, многія з якіх былі кінутыя, сталі руінай. Дзякуючы адмысловаму закону ваявода зможа перадаць тэрыторыю на паўвостраве ў распараджэнне Музею Другой сусветнай вайны пад будаўніцтва новай філіі музею. Гэта дазволіць вярнуць адукацыйнае значэнне дадзенага месца, – адзначае дырэктар музею Караль Наўроцкі.

К. Наўроцкі: Гэта дасць магчымасць паказаць нямецкае нападзенне і геройства польскіх абаронцаў. Сёння сцяжынкі на Вэстэрплятэ не выконваюць сваёй функцыі, не расказваюць гісторыі. 1 верасня будзе закладзены краевугольны камень пад будаўніцтва музею Вэстэрплятэ і вайны 1939 году. Пакуль што мы ня ведаем, які будзе канчатковы сцэнар, але вядома, што музей можна размясціць у будынку электрастанцыі або гаўптвахты нумар чатыры. У адным з гэтых будынкаў будзе закладзены краевугольны камень.

Польскія цэнтральныя ўлады, прадстаўнікі партыі ўлады «Права і справядлівасць» мяркуюць, што ўлады гораду Гданьску не дбаюць належным чынам пра памяць абаронцаў Вэстэрплятэ, што неабходна старанней клапаціцца пра дадзеную старонку гісторыі. Меркаваннем дэпутата групоўкі Казімежа Смаліньскага, які з’яўляецца адным з аўтараў закону, новы музей дазволіць наведвальнікам зразумець, як выглядала абарона Вэстэрплятэ.

К. Смаліньскі: Цяпер гэтае месца зусім не дае магчымасці ўявіць сабе, як выглядала поле бітвы. Наведвальнікі, якія туды прыходзяць, ня маюць магчымасці рэальна ўбачыць, як тады разыграліся падзеі, у ‘39 годзе.

Улады Гданьску выступаюць супраць спецзакону, датычнага тэрыторыі Вэстэрплятэ, паколькі, на думку мэра гораду Александры Дулькевіч, такім чынам гарадская тэрыторыі пераходзіць у распараджэнне цэнтральнай улады, гэта непатрэбная цэнтралізацыя.

Такія пытанні не павінны дзяліць польскае грамадства, а цэнтральныя ўлады ды мэр Гданьску павінны абавязкова пашукаць кампраміс, – кажа віцэ-міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Яраслаў Сэлін.

Я. Сэлін: Мы імкнемся збудаваць музей пад адкрытым небам, які ўшаноўвае тыя падзеі, расказвае пра гісторыю той гераічнай сямідзённай барацьбы. Акрамя таго, госці музею змогуць пазнаёміцца з гістарычным фонам, з гісторыя абароннай вайны, якую вяла Польшча. Каб будаўніцтва новага аб’екту было магчымым, неабходна перадаць тэрыторыю Вэстэрплятэ аднаму ўладальніку. Гэта тэрыторыя, уладальнікам якой з’яўляецца ня толькі горад Гданьск, там ёсць шмат іншых аб’ектаў гаспадарання, якія цяпер уладальнікі.

Вэстэрплятэ – гэта адзін з важнейшых для палякаў сімвалаў Другой сусветнай вайны. І таму вельмі добра, што парламент прыняў спецыяльны закон, які ўпарадкуе юрыдычную сітуацыю дадзенага аб’екту, – мяркуе прадстаўнік кіруючых сілаў Адам Белян.

А. Белян: Паводле ўсіх апытанняў грамадскай думкі, гэта другі важнейшы для палякаў аб’ект пасля музею ў Аўшвіц. На жаль, тэрыторыя была вельмі занядбаная, неабходна яе добраўпарадкаваць. На самой справе гэта проста руіна. Праз трыццаць гадоў пасля вяртання незалежнасці гэта вялікі сорам. Мяне вельмі цешыць, што польская дзяржава знайшла на дадзеную мэту сродкі.

Палітыкі апазіцыі крытыкуюць спецзакон, некаторыя кажуць, што такім чынам кіруючая партыя навязвае свой пункт гледжання на гісторыю і выкарыстоўвае гістарычныя аб’екты ва ўласных палітычных мэтах. Па словах Пятра Згажэльскага з Польскай сялянскай партыі, справа Вэстэрплятэ паказвае, на колькі глыбокія падзелы існуюць у польскім палітычным жыцці.

П. Згажэльскі: На тэму гэтага гістарычнага сімвала, важнага для ўсіх палякаў, ідзе палітычная сварка, якая на самой справе знішчае наша адзінства.

Згодна спецзакону, прынятаму парламентам, усе нерухомыя аб’екты на тэрыторыі Вэстэрплятэ пераходзяць ва ўладанне дзяржавы. Дзякуючы гэтаму можна будзе стварыць новы музей.

ІАР ПР/нг