Беларуская Служба

«W Szczebrzeszynie chrząszcz brzmi w trzcinie» - пра складанасць польскай мовы

27.07.2019 09:12
 Чаму ў польскай мове гэтак шмат «свісту», «шыпення» і «шамацення»? - пра гэта раскажа эксперт.  
Аўдыё
  • Польская мова лічыцца адной з самых цяжкіх у свеце

У чарговай, чацвёртай па ліку перадачы з цыклу «Польская мова без межаў» мы пагаворым пра тое, чаму польская мова лічыцца цяжкай, асабліва для іншаземцаў. І пастараемся адказаць на пытанне, ці вывучэнне польскай мовы – гэта сапраўдны выклік.  

Сімвалічнымі фразамі, якія сведчаць пра складанасць мовы Міцкевіча і Славацкага, з'яўляюцца наступныя сказы і словазвароты: польская быстрамоўка «stół z powyłamywanymi nogami» (стол з паламанымі ножкамі) і радок з вядомага дзіцячага верша «W Szczebrzeszynie chrząszcz brzmi w trzcinie» («У (гарадку – рэд.) Шчэбжэшыне майскі жук гудзе ў трыснягу»). А таксама любімая польскімі журналістамі фраза «i cóż, że ze Szwecji» (ну і што, што са Швецыі). Гэта свайго роду практыкаванні на дыкцыю і эластычнасць языка. 

Кожны раз мы запрашаем у нашу студыю экспертаў у галіне польскай мовы. На гэты раз з намі кандыдат філалагічных навук, мовазнаўца з Варшаўскага ўніверсітэта і аўтар кніг пра польскую мову Агата Хонця (Agata Hącia). 

Польская мова лічыцца адной з самых цяжкіх у свеце, а здараецца, што на яе складанасць скардзяцца нават самі палякі. Паводле вас як спецыяліста, ці гэта сапраўды так? 

- Я б сказала, што ўсё залежыць ад таго, пра каго ідзе гаворка: гэта як у псіхалогіі, калі трэба выказаць меркаванне або даць ацэнку. А мова мае шмат агульнага як з псіхалогіяй, так і з сацыялогіяй. Польская мова, безумоўна, зʼяўляецца цяжкай для тых людзей, для якіх яна не родная. І тым больш для тых, чые мовы не адносяцца да групы славянскіх. Напрыклад, для кітайца або індыйца польская мова можа быць надзвычай цяжкай. Пры гэтым для ўкраінца, рускага або чэха польская мова не ўяўляе асаблівай складанасці, паколькі ўваходзіць у тую ж самую моўную групу, што і іх родныя мовы. А для нас, палякаў, можа быць цяжкай кітайская, японская мова альбо суахілі, таму што гэтыя мовы рэгулююцца зусім іншымі правіламі як фанетычнымі, так граматычнымі і лексічнымі. Але для нас славенская мова ўжо такой цяжкай не будзе. Так што на пытанне, ці зʼяўляецца польская мова адной з самых складаных у свеце, мой адказ гучыць: гэта залежыць ад таго, хто яе ацэньвае. 

А што ў польскай мове найбольш складанае для іншаземцаў? Ці гэта шыпячыя і свісцячыя гукі, характэрныя нашай мове? Чаму ў польскай мове гэтак шмат «свісту», «шыпення» і «шамацення»? 

- Я не ведаю чаму – проста такая польская мова, у гэтым яе асаблівасць, яе арыгінальнасць. Гістарычнае развіццё мовы прывяло да таго, што ў ёй шмат «шамацення». У сваю чаргу ў іншых славянскіх мовах ёсць тое, чаго няма ў польскай. Проста трэба зразумець, што такая спецыфіка польскай мовы і прыняць гэты факт. 

А што тычыцца пытання, ці цяжка польскае вымаўленне для замежнікаў, то, безумоўна, вельмі! Таму што польская мова характарызуецца перавагай зычных, а не галосных. Напрыклад, у французскай мове перавага галосных літар, там усё абапіраецца на шырокіх адкрытых гуках. А ў польскай уся апора ідзе на зычныя, і іх вымаўленне ўяўляе вялікую складанасць. Справа ў тым, што трэба ўмець кіраваць апаратам маўлення, пэўным чынам складаць вусны, язык. Гэта сапраўды нялёгка. І для вуха, якое не прывыкла да гучання польскай мовы, яна здаецца суцэльным шамаценнем. А польская граматыка для замежнікаў дык наагул здаецца касмічна складанай! 

Польская мова напэўна зʼяўляецца складанай для людзей, якія раней з ёй не сутыкаліся. Чаму польская мова нялёгкая для замежнікаў? 

- Па-першае, у польскай мове ёсць склоны, і такіх склонаў шэсць альбо сем, у залежнасці, як хто лічыць. Амаль кожны назоўнік у польскай мове скланяецца, скланяюцца таксама лічэбнікі ў выглядзе назоўнікаў. 

Такім чынам, практычна кожны назоўнік стварае 14 формаў, якія трэба проста запамятаць. Гэта сапраўды вельмі цяжка! З дзеясловамі яшчэ больш складаней, таму што дзеясловы спрагаюцца па ліках і асобах, можна назваць некалькі іншых катэгорый, якія даюць некалькі дзясяткаў формаў, што прадстаўляюць адзін дзеяслоў. І ўсе гэтыя формы таксама трэба памятаць. Гэта вялікая праца для памяці чалавека, які хоча добра карыстацца польскай мовай. 

Цыкл «Польская мова без межаў» часткова фінансуецца Фондам «Дапамога палякам на Ўсходзе» у рамках ажыццяўлення падтрымкі Сенатам Польшчы польскай дыяспары і палякаў за мяжой.

эп/вс/яс

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў