Беларуская Служба

Мова і царква — аснова беларускай ідэнтычнасці на Падляшшы

15.08.2019 10:02
Эльжбета Фіёнік, дырэктар дома культуры ў Бельску-Падляшскім, расказвае пра свой шлях да беларускай ідэнтычнасці.
Аўдыё
  • Варшаўскі мост. Э.Фіёнік пра беларусаў Бельска-Падляшскага.
   -.
Уваскрэсенская царква ў Бельску-Падляшскім.Commons.wikimedia.org/Krzysztof Kundzicz/CC BY-SA 3.0

Бельск-Падляшскі — горад на поўдзень ад Беластока і на захад ад Брэста з’яўляецца адным з тых месц у Польшчы, дзе жывуць людзі, якія лічаць сябе беларусамі. Адзін з лідараў мясцовай беларускай супольнасці — Эльжбета Фіёнік, дырэктар дома культуры ў Бельску-Падляшскім.

У Бельску-Падляшскім многа ўстаноў, дзе функцыянуе беларуская мова. Дзейнічае комплекс школ з дадатковай беларускай мовай навучання імя Яраслава Кастыцэвіча. У горадзе працуе Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова з'яўляецца абавязковым прадметам. У Бельску-Падляшскім штогод праводзіцца фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень», дзейнічаюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы. Тут адбываецца свята «Спасаўскія запусты», якое 9-11 жніўня было арганізавана ўжо ў 25-ы раз. Сярод яго арганізатараў — Эльжбета Фіёнік. Яна расказала пра свой шлях да беларускай ідэнтычнасці.

Эльжбета Фіёнік: — Вучылася спачатку ў беларускай пачаткова школе № 3, потым у беларускім ліцэі, а пазней у Мінскім інстытуце культуры.

Я такая ж беларуска, як і можа палова бяльшчан. Не ўсе прызнаюцца ў гэтым. Але большасць праваслаўных жыхароў Бельска-Падляшскага — беларусы, хаця яны могуць сябе называць палякамі або ўкраінцамі.

Эльжбета Фіёнік гаворыць, што ў яе сям’і ўсе адчуваюць сябе беларусамі. Яе муж Дарафей Фіёнік з’яўляецца вядомым у Польшчы і Беларусі культурным і рэлігійным дзеячам.

На чым трымаецца беларуская ідэнтычнасць на Падляшшы — у ваколіцах Бельска, Беластока?

Эльжбета Фіёнік: — На Беласточчыне нас пры сваіх звычаях, абрадах, календары, адчуванні тутэйшымі трымала царква. Гэта дапамагала нам адчуваць сябе іншымі ў польскім, каталіцкім моры.

Вядома, мы жывём у польскай дзяржаве, таму прасякнуты таксама і польскім духам і ментальнасцю памежжа.

Калі бацькі, дзяды трымаюцца сваіх традыцый, сваёй мовы, як мы, бо мы ў хаце гаворым на сваім бельскім дыялекце, тады захоўваецца і тутэйшая ідэнтычнасць.

А мова Бельшчыны вельмі падобна да мовы Статута ВКЛ.

Мова — якая яна на Бельшчыне? Я папрасіў Эльжбету Фіёнік расказаць, дзе можна пачуць аўтэнтычную гаворку ў яе родным краі. Перш за ўсё яна запрасіла ў Студзіводы, раён Бельска-Падляшскага, дзе дзейнічае Музей малой бацькаўшчыны, які стварыў Дарафей Фіёнік. Тут уласна і жыве сям’я Фіёнікаў.

Эльжбета Фіёнік: — У Бельску па-свойму можна пагаварыць на рынку, у т.л. з людзьмі з іншых вёсак. У Гайнаўцы і ва ўсіх навакольных вёсках таксама ўсе людзі адказваюць па-свойму, калі пытаеш іх на нашай мове. У розных кутках рэгіёна гаворыць па-рознаму: дзесьці — ходыты, робыты, а дзесьці — ходіті, робіті.

Наш рэгіён — гэта заходняе Падляшша. А ўсходняе — гэта Камянеччына ў Беларусі. Там гавораць так, як у нас. Мы там часта бываем і запрашаем адтуль да нас розныя калектывы. Яны прыязджаюць, і мы іх просім, каб яны гаварылі па-свойму. І праўда, умеюць. Усе могуць. Толькі дзесьці хаваюцца.

Мы стараемся ўвесь час падтрымліваць беларускасць. Не маем іншага выхаду. Мусім падтрымліваць тое, што маем, бо ўжо мала што засталося.

Дарэчы, з Бельска-Падляшскага родам Іосіф Лангбард — архітэктар знакавых будынкаў Мінска, узведзеных у 1930-я гады: Дома Урада, Дома Чырвонай Арміі (цяпер Дом афіцэраў), тэатра оперы і балета. Паходзіў Лангбард з яўрэйскай сям’і. Яўрэяў у Бельску-Падляшскім знішчылі нацысты ў гады Другой сусветнай вайны. А беларусы перажылі выпрабаванні часу і яшчэ даюць пра сябе знаць у гэтым кутку Польшчы.

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост