Беларуская Служба

Кніга «Беларускія адміралы Польшчы» з’явіцца ў «Акадэмкнізе»

21.08.2019 11:29
Мікалай Малішэўскі рыхтуе яшчэ адно даследаванне, прысвечанае вайсковым начальнікам Польшчы, якія маюць беларускія карані.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Hermann/pixabay.com/CC0 Public Domain

11-га верасня ў Менску ў «Акадэмкнізе» чытачы, якія цікавяцца айчыннай гісторыяй, змогуць пазнаёміцца з новай кнігай «Беларускія адміралы Польшчы» гродзенскага аўтара Мікалая Малішэўскага.

У Гродне прэзентацыя гэтай кнігі пройдзе на свяце горада 14-га верасня. Яна адбудзецца каля лялечнага тэатра ў парку Яна Эмануэля Жылібера.

Мікалай Малішэўскі распавёў „Радыё Рацыя”, чаму ён даследаваў біяграфіі менавіта адміралаў па заходні бок Беларускай мяжы.

«Аб гэтых людзях, якія ў Расейскай Імперыі, у Савецкім Саюзе, – што-небудзь вядома. А аб тых нашых суайчынніках, якія на Захадзе, у той жа Польшчы, і не толькі ў Польшчы, такіх вяршынь дасягнулі, пра гэтых людзей зусім нічога невядома. І таму гэты прабел трэба кампенсаваць. Ніхто раней гэтым не займаўся ды і зараз, наколькі я ведаю, ніхто не займаецца. А тэма вельмі цікавая. Шчыра запрашаю ўсіх».

Цяпер Мікалай Малішэўскі рыхтуе яшчэ адно даследаванне, прысвечанае вайсковай гісторыі, пра вайсковых сухаземных начальнікаў Польшчы, якія маюць беларускія карані. У агульным спісе аўтар даследавання стварыў базу з сямідзесяці вайскоўцаў сухаземных войскаў, па рангу ад брыгадных генералаў і вышэй, аж да міністраў абароны Польшчы.

аз