Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: гук і фанема

24.08.2019 17:09
Фанема – гэта абстрактны панятак, якім акрэсліваецца сукупнасць артыкуляцыйных рысаў гуку, што дазваляюць адрозніць яго ад іншых гукаў у межах слова.
Аўдыё
Фанетыка беларускай літаратурнай мовыradyjo.net

Гук – як найменшы элемент чалавечага маўлення – з’яўляецца асноўным паняццем фанетыкі, а з пункту гледжання фаналогіі гук прадстаўляе фанема. Фанема – гэта абстрактны панятак, якім акрэсліваецца сукупнасць артыкуляцыйных рысаў гуку, што дазваляюць адрозніць яго ад іншых гукаў у межах слова. Гэтыя рысы істотныя, і таму называюцца дыстынктыўнымі.

Фанема выконвае наступныя функцыі:

  • перцэпцыйную - [з'] бетону, [с'] песняй, [з] маці, [с] кожным, [ш] чалавекам, [ж] жалеза, але моўца гэтай розніцы не заўважае, таму што на месцы прыназоўніка з выступае адна фанема;
  • сігніфікатыўную – словы [г˚]ук і [р˚]ук адрозніваюцца фанемамі <г> і <р>.

Кожны чалавек можа пераходзіць ад канкрэтных гукаў да іх абстрактаў, фанем. У сувязі з гэтым адрозніваем гук маўлення (канкрэтны вымаўлены гук) і гук мовы (тут выступае шмат блізкіх па артыкуляцыі і гучанні гукаў).

З тэрмінам фанема звязаныя чаргаванні: 

  • гістарычныя: напр. вя[з]аць – вя[ж]у. З дапамогай гукаў [з] і [ж] можам адрозніць лексемы каза – кажа;
  • пазіцыйныя: напр. у словах жалу[д]ы ‒ жолу[т] звонкі зычны аглушаецца на канцы слова, г. зн., што ў фанеме <д> спалучаюцца гукі [д] і [т], якія могуць адрозніць лексемы дом – том.

Чаргаванні адбываюцца ў рамках адной марфемы, таму такі падыход у разуменні фанемы акрэсліваецца як марфалагічны. Бяруцца пад увагу толькі тыя, якія адрозніваюць значэнне лексем, напр. сад і суд адрозніваюцца гукамі [с] перад нелабіяльным а і [сº] перад лабіяльным у, а таксама гукамі [а] і [у], аднак іншае вымаўленне гукаў [с] і [сº] не прычыняецца да дыферэнцыяцыі значэння, г.зн., што ў беларускай мове няма такой пары лексем, якія адрозніваліся б толькі гэтымі гукамі [с] і [сº]).

Склад фанем акрэсліваецца на падставе моцнай пазіцыі, напр. у словазлучэннях во[з]ˆдроў і во[с]ˆстаіць гукі [з] і [с] утвараюць адну фанему <з>.

Маем дачыненне з некалькімі фаналагічнымі пазіцыямі:

  • перцэпцыйна моцнай – калі на гук не ўплываюць суседнія, тады знаходзіцца ён у нейтральнай пазіцыі: для галосных [а], [о], [у] такой пазіцыяй з’яўляецца пачатак слова альбо сярэдзіна слова паміж цвёрдымі зычнымі: вочы, дамы, зубы; для галосных [і], [э] – пасля мяккіх зычных перад цвёрдымі: з’іма, к’іно, л’эс, л’эта; для зычных – перад гукам [а]: в’асна, голас, с’астра;
  • перцэпцыйна слабой – калі гукі знаходзяцца пад уздзеяннем суседніх гукаў: для галосных – у суседстве мяккіх зычных: л’∙ос, м’∙аша∙ц’; для глухіх зычных – перад звонкімі зычнымі: звы[ж]ˆмеры, ка[з’]ба;
  • сігніфікатыўна моцнай – гэта пазіцыя максімальнай дыферэнцыяцыі: для галосных гукаў – гэта націскная пазіцыя, напр. бок, бак, дом, дам; для зычных гукаў – перад галоснымі і зычнымі санорнымі: рад, плот, кн’іга;
  • сігніфікатыўна слабой – гэта пазіцыя меншай дыферэнцыяцыі фанетычных адзінак: для галосных гукаў – гэта ненаціскная пазіцыя: горад, замл'а; для зычных гукаў – на канцы слова і перад глухімі зычнымі: гры[п], ве[с]ці.

Фанема рэалізуецца ў гуках маўлення званых алафонамі, напр. фанема <з> можа рэалізавацца як алафоны: [с] ([с]ˆсалам), [з] ([з]ˆмаці), [з'] ([з']ˆмясам), [ж] ([ж]ˆжонкай), [ш] ([ш]ˆшампунем), дзе [з] – асноўны алафон, які знаходзіцца пад найменшым уплывам суседніх гукаў.

Алафон, якасць якога мяняецца так значна, што гучыць як алафон іншай фанемы, называецца варыянтам фанемы, напр. маро[с] (гук [с] – варыянт фонемы <з> у слове маразы), в[а]ласы (гук [а] – варыянт фанемы <о> ў слове волас).

Фанема, якая не выступае ў канкрэтных марфемах у моцнай пазіцыі, акрэсліваецца гіперфанемай, напр. у слове савет галосны гук [а] не выступае пад націскам у лексемах з тым самым коранем, але ў беларускай мове добра вядомае пазіцыйнае чаргаванне гукаў  [а] і [о], напр. мова – маўленчы, поле – палі, г. зн., што гукі [а] і [о] прадстаўляюць гіперфанему <а/о>.

Калі дзве фанемы вымаўляюцца аднолькава, яны трацяць здольнасць адрознівання значэння слоў, выступае іх нейтралізацыя, напр. пас і паз – яны часам называюцца архіфанемай альбо слабой фанемай.

 Шырэй гл. (Г.К. Чахоўскі, Т.Л. Чахоўская, Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія, Мінск 2010, с. 64-74).

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак