Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: словаўтварэнне

12.10.2019 21:42
Новыя лексемы ўтвараюцца на базе ўжо існуючых у мове словаўтваральных сродкаў з улікам правілаў словаўтварэння.
Аўдыё
  • Тэрмін словаўтварэнне ўжываецца ў некалькіх значэннях
Беларуская моваradyjo.net

Лексіка беларускай мовы ўвесь час узбагачаецца. Сярод новых слоў, апрача запазычанняў, паяўляецца шмат лексемаў, якія ўзнікаюць на базе ўжо існуючага моўнага запасу шляхам выкарыстання розных словаўтваральных спосабаў. 

Тэрмін  словаўтварэнне ўжываецца ў некалькіх  значэннях: 

  • абазначае моўную з’яву – дэрывацыю, г. зн. працэс утварэння новых слоў  ад  ужо  існуючых  у  мове;
  • словаўтварэнне – гэта і  словаўтваральная  сістэма  мовы;
  • гэта і раздзел навукі аб мове, які вывучае словаўтваральную сістэму мовы ― сукупнасць словаўтваральных тыпаў і словаўтваральных гнёздаў, марфемы і іх ролю ў словаўтварэнні, структуру вытворных слоў ды магчымыя шляхі і сродкі, законы ўтварэння новых слоў.

Словаўтварэнне цесна звязана з іншымі раздзеламі мовазнаўства, такімі як лексікалогія ці марфалогія. Не ведаючы марфем, іх значэння і функцыянавання, немагчыма паспяхова займацца вывучэннем словаўтварэння. І наадварот, не ведаючы законаў словаўтварэння, цяжка высветліць марфемную структуру слоў – піша Я.Н. Марозава ў працы Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа (Віцебск 2005, с. 4) 

Новыя лексемы ўтвараюцца на базе ўжо існуючых у мове словаўтваральных сродкаў з улікам правілаў словаўтварэння. Веданне гэтых правілаў дазваляе прасачыць шляхі і сродкі папаўнення лексічнага складу мовы ды больш глыбока раскрыць значэнне новых ці невядомых слоў.

Можам гэта зрабіць на прыкладзе чужога беларускай мове слова бомж, якое аднак ужо прыжылося ў і ўвайшло ў структуру беларускай мовы. Гэтая абрэвіятура расшыфроўваецца ў расійскай мове і азначае чалавека ‘без определённого места жительства’. Значыць, у беларускай мове гэта русізм. Па-беларуску абрэвіятура павінна гучаць бамж – асоба ‘без акрэсленага месца жыхарства’.  Слова першапачаткова належала да прафесійнай лексікі міліцыянераў. Назоўнік гэты даўно ўжо выйшаў за межы міліцэйскага лексікону, уключыўся ў словаўтваральную сістэму беларускай мовы і, як вобразна заўважае І.Я. Лепешаў у працы Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: Дапаможнік (Гродна 2002, с. 169-170), спарадзіў ладную сямейку слоў, што ўжываюцца не толькі ў прозе, але і ў паэзіі. Па гатовых словаўтваральных мадэлях створаны назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі і дзеясловы, якія аб’ядналіся ў асобнае  словаўтваральнае  гняздо: бамжыха, бомжык, бамжатнік, бамжатня, бамжаваты, бамжовы, бамжоўскі, бамжоўства, бамжацкі, па-бамжоўску, па-бамжацку,  бамжаваць, забамжаваць.

 Словаўтварэнне (як адзначае Я.Н. Марозава ў працы Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа (Віцебск 2005, с. 5) – гэта не механічнае папаўненне слоўнікавага складу мовы, а стварэнне слоў, значэнне і граматычныя ўласцівасці якіх ужо  прадвызначаны  ўтваральнай базай і словаўтва­ральнымі  сродкамі.

Выразна праяўляецца семантычная функцыя словаўтварэння ў катэгорыі, напрыклад,  назоўнікаў:

  • з дзеяслоўнай базай і суфіксамі -чык, -шчык, -ір, -ар, -ач са значэннем ‘назвы асоб паводле роду дзейнасці’: выкладчык, набор­шчык, насільшчыккамандзір,  пісарслухач;

Тут трэба адзначыць крытычнае стаўленне многіх мовазнаўцаў да расійскіх суфіксаў -чык, -шчык, напр. Я. Станкевіч у артыкуле Аб некаторых словах і хормах нашае мовы („Бацькаўшчына”, № 27 (257), Мюнхэн, 3 ліпеня 1955, с. 4) пісаў: „Спакменьнікі на -шчык, -чык, абазначаючыя дзеючую асо­бу – асаблівасьць вылучна расійская. (...) Па-беларуску за­мест сло­ва выдумшчык скажуць хіба іншае слова, напр. шту­кар ці вы­находнік”.

  • з назоўнікавай базай і суфіксамі -нік, -чык, -ар, -іст са значэннем ‘назвы асоб па адносінах да прадметаў’: бортнік, буфетчык, аптэкар,  гарманіст;
  • з прыметнікавай базай і суфіксамі -ан, -ак, -ун са значэннем ‘назвы асоб па характэрнай прыкмеце, па якасці’: велікан, чужак, дзікун;
  • з назоўнікавай базай і суфіксамі -ец (-анец), -чук, -анін, -як, -іт са значэннем ‘назвы асоб па месцы нараджэння і жыхарства’: албанец, аршанец,  градзянчук,  парыжанін,  туляк,  адэсіт.

Гэтак жа прадвызначэнне  семантыкі можна назіраць і ва ўтварэнні слоў іншых часцін мовы, напрыклад, дзеясловаў:

  • са значэннем станаўлення прыкметы ‘станавіцца такім, як абазначана ўтваральнай базай’ – з прыметнікавай базай і суфіксам -е-: бялець, чарнець, зелянець, сівець;
  • са значэннем ‘рабіць такім, як абазначана ўтваральнай базай’ – з прыметнікавай базай і суфіксам -і-: бяліць, чарніць, зеляніць, сініць.

Пра значэнне словаўтварэння і неабходнасць глыбокага разумення яго правілаў трапна сказаў Л.М. Шакун у працы Словаўтварэнне (Мінск 1978, с. 4). Усведамленне іх дае магчымасць таму, хто гаворыць або слухае (чытае), адрозніць правільнае новаўтва­рэнне ад няправільнага, рэгулярна ўжывальнае ад рэдка ўжывальнага (аказіянальнага), г. зн. супаставіць факты маўлення з агульнапрынятымі моўнымі нормамі.

 Ніна Баршчэўская 

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак