Беларуская Служба

У Беларусі праходзіць Месяц польскай літаратуры

07.11.2019 16:33
Цэлы месяц будуць ладзіцца імпрэзы, каб пазнаёміць беларусаў з сучаснай польскай мастацкай і дакументальнай кнігай.
Аўдыё
  • Польская літаратура гучыць у Мінску
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Katrina_S from Pixabay/CC0

Лістапад стане месяцам польскай літаратуры ў Беларусі. Гэта звязана з адмысловай акцыяй, якую ладзіць Польскі інстытут у Менску. 

Акцыя пачалася 5 лістапада прэзентацыяй кнігі Людмілы Хмяльніцкай «Лёс інсургента: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе», выдадзенай пры падтрымцы Польскага Інстытута ў серыі «Наша ХІХ стагоддзе» выдавецтвам «Лімарыус». Так у беларускай сталіцы пачаўся чарговы, ужо восьмы па ліку, «Месяц польскай літаратуры».

Аляксандр Рыпіньскі – гэта польска-беларускі паэт, удзельнік паўстання 1830-га года, якія пасля вяртання з эміграцыі займаўся вывучэннем у тым ліку і беларускага фальклору.

У рамках «Месяца польскай літаратуры» запланаваная сустрэча з польскімі пісьменнікамі, прэзентацыя анталогіі польскай драматургіі, чытанні твораў польскіх ды беларускіх аўтараў. У рамках святкавання 25-годдзя існавання інстытуту будуць выдадзеныя новыя польскія кнігі па-беларуску, распавёў Польскаму радыё дырэктар Польскага інстытута ў Менску Цэзары Карпіньскі.

- Цяпер рыхтуецца новае выданне Каханка Вялікай Мядзведзіцы Сяргея Пясецкага, таксама мы вядзем размовы з Янушам Вішнеўскім пра тое, каб выдаць другую частку «Самотнасці ў Сеціве». Таксама да нас прыязджае ў госць спадар Антоні Лібэра, аўтар вядомай кніжкі «Мадам».Мы рыхтуем вялікі праект прысвечаны папулярызацыі польскай драматычнай літаратуры.

Пераклад кнігі «Мадам» зрабіла менская перакладчыца Марына Шода. Кніга ўжо выдадзеная і можна яе прачытаць па-беларуску. Гэта надзвычай цікавая пазіцыя, кажа перакладчыца.

- У «Месяцы польскай літаратуры» 14 лістапада адбудзецца прэзентацыя свежага перакладу кнігі «Мадам» Антонія Лібэры, якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкай літаратуры». Лібэра – вядомы польскі літаратуразнаўца, перакладчык, рэжысёр, аўтар адной мастацкай кнігі. Затое якой! «Мадам» – гэта гісторыя старшакласніка, які закахаўся ў настаўніцу французскай, і спрабуе дзякуючы сваім талентам заваяваць сэрца настаўніцы. Вельмі захапляльны твор, які звяртаецца да гісторыі Польшчы 1960-70ых гадоў, якая нагадвала тое, што тады адбывалася ў Савецкім Саюзе. Вельмі цікавая кніга.

Польская літаратура ў Беларусі цяпер даволі вядомая. Гэта адбываецца дзякуючы перакладам, польскай падтрымцы, кажа намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Тацяна Нядбай.

- У Беларусі ёсць вялікая колькасць файных прафесійных перакладчыкаў з польскай мовы. Гэта ўсё дзякуючы намаганням Польшчы. Польскі бок вельмі актыўна падтрымлівае прамоцыю. Уласнай літаратуры за межамі, у Беларусі. Дзякуючы гэтаму сфармавалася моцная школа перакладчыкаў. У параўнанні з іншымі літаратурамі, найбольш перакладаў на беларускую ў польскай. Таксама ёсць міжкультурныя сувязі з аўтарамі, з перакладчыкамі, што вельмі спрыяе прасоўванню культуры. Пры гэтым, Беларусь знаходзіцца ў межах расейскай інфармацыйнай прасторы. Магчыма трэба крыху больш інфармацыйнай працы, каб паказваць польскую культуру ў Беларусі.

У рамках «Месяца польскай літаратуры» таксама беларускія чытачы змогуць пачытаць ці паслухаць па-польску 12 польскіх бестселераў дзякуючы парталу «Czytaj.pl» - найбуйнейшай акцыі ў Польшчы па папулярызацыі чытання. 

Юры Ліхтаровіч