Беларуская Служба

Рада польскай мовы падказвае палякам як правільна і прыгожа гаварыць на польскай мове

16.11.2019 12:23
Аб задачах Рады польскай мовы расказвае сябра арганізацыі і журналістка Польскага радыё.
Аўдыё
  • У студыі Польскага радыё для замежжа Малгажата Тулавецка (Małgorzata Tułowiecka) – лаўрэатка прэміі «Майстар польскай мовы» (Mistrz Mowy Polskiej), журналістка і вядучая Першай праграмы Польскага радыё.

У студыі Польскага радыё для замежжа Малгажата Тулавецка (Małgorzata Tułowiecka) – лаўрэатка прэміі «Майстар польскай мовы» (Mistrz Mowy Polskiej), журналістка і вядучая Першай праграмы Польскага радыё, якая ўжо больш за 30 гадоў рыхтуе праграму «Сто секунд польшчыны», дзе разам з выбітнымі мовазнаўцамі гутарыць аб правілах польскай мовы і пра культуру слова. Спадарыня Тулавецка таксама з’яўляецца сябрам Рады польскай мовы (Rada Języka Polskiego).
Давайце зазірнем у мінулае. Нагадайце, калі ласка, калі паўстала Рада польскай мовы, і якія яе задачы?

 - Гэтая ўстанова паўстала ў 1996 годзе, як вынік Першага форуму культуры слова, якое прайшло ў горадзе Уроцлаў у 1995 годзе. Гэтую сустрэчу зладзіла Польская Акадэмія навук, тагачаснае Міністэрства культуры і мастацтва ды Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Яшчэ адным вынікам гэтай сустрэчы быў «Закон аб польскай мове», які прынялі ў 1999 годзе. Мне не падабаецца акрэсленне «чысціня мовы», мне больш падабаецца словазлучэнне «правільная польская мова», бо «чыстая мова», паводле мяне, адмытая, паліраваная мова, а справа не ў гэтым, справа ў тым, каб гэта была багатая, сакавітая і пры гэтым правільная мова. Гэтым па сутнасці займаецца культура мовы. А чым займаецца Рада польскай мовы? Рада дзейнічае пры прэзідыуме Польскай Акадэміі навук. Гэта навуковая і адначасова экспертная ды дарадчыцкая ўстанова. Гэта рэспубліканская ўстанова не звязаная з ніякім палітычным ворганам. Рада дае рэкамендацыі і радзіць, яна не загадвае і не інструктуе. Рада польскай мовы арганізуе разнародныя канферэнцыі, між іншым, Форум культуры слова. Гэтае мерапрыемства ладзіцца кожныя два-тры гады. Дагэтуль прайшлі 12 такіх сустрэч. Канферэнцыі арганізуюць у розных гарадах і па розных тэмах, звязаных з моўнымі зносінамі.

Адзначым, што прынцыпы дзейнасьці Рады польскай мовы вызначаюцца Законам аб польскай мове з 7 кастрычніка 1999 году, а сама Рада існуе з траўня 2000 году. У склад Рады польскай мовы ўваходзяць знаўцы антрапалогіі культуры, журналістыкі, гісторыі, інфарматыкі (то бок навуковай інфармацыі), мовазнаўства, літаратуры, медыцыны, асветы, юрыдычных навук, перакладазнаўства. Задачай Рады польскай мовы з’яўляецца распаўсюджваць веды пра польскую мову, выдаваць ацэнкі арфаграфіі і пунктуацыі, даваць рэкамендацый па спрэчных пытаннях, звязаных з выкарыстоўваннем польскай мовы, а таксама ацэньваць мову тэкстаў з галіны публічнай камунікацыі, выдаваць ацэнкі наконт назваў тавараў ці паслугаў і адсочваць культуру мовы ў працэсе адукацыі. Раз на два гады Рада польскай мовы знаёміць Сейм і Сенат са справаздачай пра дзейнасць наконт абароны правілаў польскай мовы.

Госць студыі Малгажата Тулавецка прыводзіць прыклады дзейнасці і прыклады пытанняў, якія вырашае Рада польскай мовы:


- Гэта навуковыя канферэнцыі, пра якія мы ўжо згадвалі, гэта дзейнасць калектываў Рады, якія вывучаюць разнародныя мовы: даследуюць мову СМІ, рэлігійную мову, мову юрыстаў, працуе таксама арфаграфічны калектыў. Рада польскай мовы з’яўляецца суарганізатарам агульнапольскай дыктоўкі. Рада падтрымлівае польскую мову таксама арганізоўваючы мерапрыемства пад назвай «Амбасадар польскай мовы» і прызнае званне «Амбасадара польскай мовы», то бок адзначае людзей, якія гавораць на прыгожай польскай мове. Сярод лаўрэатаў знакамітыя пісьменнікі – Тадэвуш Канвіцкі, Тадэвуш Ружэвіч, Вольга Такарчук. Да Рады звяртаюцца з рознымі пытаннямі, напрыклад, адносна імёнаў для дзяцей. Я хачу падкрэсліць, што Рада не мае права забараняць ці загадваць, толькі падказвае. Напрыклад, нас пыталі ці можна назваць дзіця імем «Дуб» ці «Апенька». Рада сказала «не», таму што гэта агульныя назоўнікі і такія імёны не трэба даваць. Або яшчэ хтосьці пытаў пра імя «Бостан» – гэта геаграфічны назоў і не трэба такім чынам называць дзіця. Таксама не рэкамендуем імёны: Томэк, Зося, Аня, таму што гэта дэмінітыўная, ласкальная форма слова (павінна быць Tomasz, Zofia, Anna- рэд.). Некалі Рада атрымала запыт ці можна назваць рэстаран «Або рыбка, або піпка». Мы выдалі ў гэтай справе адмоўную ацэнку. Але мы не ведаем, ці рэстаран атрымаў такую назву ці не, бо ён не мусіў падпарадкоўвацца рашэнню. Бывае, што рада адрэагоўвае сама на нейкую з’яву, напрыклад, выступіла супраць назвы Poznań City Center, але гандлёвы цэнтр усё ж так назвалі насуперак адмоўнай ацэнцы рады.

Амаль паўвека Малгажата Тулавецка рыхтуе на Польскім радыё моўныя перадачы, між іншым, згаданую раней «100 секунд польскай мовы», выступае з гэтымі перадачамі ў эфіры ўсіх праграм Польскага радыё.

Як вы думаеце, ці вашыя перадачы аказваюць уплыў на слухачоў і іх мову? – пытаем у журналісткі.

- Я спадзяюся, што хоць на некаторых уплываюць. Што яны такі чынам вучацца і пад уплывам гэтых перадач паляпшаецца іх мова. Аднак, найперш гутарка ідзе пра разбуджэнне моўнай тоеснасці, каб чалавек меў веды на тэму мовы, ведаў якая гэта прылада, і як карыстацца мовай у разнародных акалічнасцях. Польская мова вельмі багатая, сакавітая, разнастайная і можна на ёй перадаць усё.

Вы, відаць, маеце на ўвазе таксама задачу, якую павінны выконваць журналісты і СМІ?

- Так. Гэта звышзадача. Мая мара – каб усе радыёжурналісты карысталіся прыгожай польскай мовай, каб яны давалі прыклад. І часта слухачы хочуць, каб журналіст даваў прыклад, як прыгожа гаварыць на польскай мове.

Кожны год з 2000 году выбітныя мовазнаўцы, літаратуразнаўцы і сацыёлагі мовы, а таксама чытачы, інтэрнаўты, слухачы і гледачы выбіраюць пераможцу агульнапольскага конкурсу «Майстар польскай мовы». Дагэтуль на ўсе выпускі плебісцыту былі заяўлены больш за 1000 кандыдатаў, а лаўрэатамі сталі 70 чалавек. Сярод пераможцаў гэтай прэміі ёсць выбітныя польскія акторкі: Ірэна Квяткоўска (Irena Kwiatkowska) і Данута Шафлярска (Danura Szaflarska), палітык Уладыслаў Барташэўскі (Władysław Bartoszewski), архіепіскай Тадэвуш Гацлоўскі (Tadeusz Gocłowski), апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі (Ryszard Kaczorowski), музыкант Ян Пташын Врублеўскі (Jan Ptaszyn Wróblewski), а таксама архітэктар Віктoр Зін.

Званне «Майстар польскай мовы» атрымала таксама нашая госця Малгажата Тулавецка.

- Прэмію атрымалі многія людзі. Яны прадстаўляюць разнастайныя галіны: гэта журналісты, акцёры, пісменнікі, часам навукоўцы. Я таксама стала лаўрэатам. Гэта адбылося даволі даўно – у 2004 годзе. Самі Майстры стварылі Акадэмію Польскай мовы і прызнаюць прэмію «Кузьня польскай мовы», то бок тых установаў, колаў, якія «выпускаюць» Майстроў польскай мовы. Між іншым, гэтую узнагароду атрымаў Тэатр Польскага радыё, таксама дзіцячая радыёперадача «Jedynka dzieciom». Атрымліваюць прэмію «Кузьні польскай мовы» школы, эстрадныя калектывы, як славуты ансамбль «Gawęda».

Госцем студыі Польскага радыё для замежжа была Малгажата Тулавецка (Małgorzata Tułowiecka) – журналістка і вядучая Першай праграмы Польскага радыё, лaўрэатка прэміі «Майстар польскай мовы» і сябра Рады польскай мовы, якая ўжо амаль 50 гадоў падказвае радыёслухачам, як правільна і прыгожа гаварыць на польскай мове.

***

Гэта была перадача з цыклу «Польская мова без межаў», якая паўстала пры фінансавай падтрымцы фонду «Польская дапамога на Ўсходзе» і ў рамках праекту апекі Вышэйшай палаты польскага парламенту Сэнат над палякамі ў замежжы.

яс