Беларуская Служба

Арлоў: Пахаванне Каліноўскага ў Вільні — свята з адценнем жалобы

28.11.2019 10:01
22 лістапада ў Вільні прайшла цырымонія дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". У.Арлоў пра пахаванне паўстанцаў 1863 г. у Вільні.
. 22  2019 .     ()          1863-1864 .
Вільня. 22 лістапада 2019 г. Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў (справа) у кафедральным касцёле падчас цырымоніі дзяржаўнага перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг.Viktar Korbut

22 лістапада ў Вільні праходзіла цырымонія дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. У ёй удзельнічалі прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі, Украіны і Латвіі — усіх краін, на тэрыторыі якіх адбывалася паўстанне. Сярод грамадзян, якія прыйшлі правесці ў апошні шлях з віленскага кафедральнага касцёла на могілкі на Росе кіраўнікоў паўстання Вінцэнты Канстанты Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і іх таварышаў было асабліва многа беларусаў. У цырымоніі ўдзельнічаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, аўтар твораў пра паўстанне.

Уладзімір Арлоў: — Не толькі ў мяне, але і ў многіх прысутных тут ёсць адчуванне свята з адценнем жалобы. Мы бачым тут сотні беларусаў з нашымі нацыянальнымі бела-чырвона-белымі сцягамі. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё больш нашых суайчыннікаў успрымаюць Кастуся Каліноўскага як сапраўды нашага нацыянальнага героя.

Уладзімір Арлоў прыехаў у Вільню з Мінска. І ў сувязі з гэтым напомніў пра ўдзел мінчанкі Камілі Марцінкевіч, дачкі польска-беларускага пісьменніка Вінцэнты Дуніна-Марцінкевіча, у паўстанні 1863 года. Каміля Марцінкевіч пахавана ў Вільні на Бернардзінскіх могілках.

Уладзімір Арлоў палічыў патрэбным напомніць пра тое, як адгукаліся пра паўстанне 1863-1864 гадоў вядомыя рускія літаратурныя класікі, чые творы вывучаюцца ў беларускіх школах.

Уладзімір Арлоў: — Леў Талстой у 1863 годзе пісаў паэту Афанасію Фету пра тое, што “справы кепскія” і “давядзецца здымаць меч з іржавага цвіка”. І Леў Талстой збіраўся здымаць меч зусім не дзеля таго, каб стаць на бок паўстанцаў, а каб стаць на бок расійскіх карнікаў. Ён прызнаваўся: “Мне абсалютна ўсё роўна, што палякаў душаць”. А Фёдар Дастаеўскі ў “Братах Карамазавых” называў “палякамі”, “палячышкамі” і нашых суайчыннікаў, паўстанцаў. Дастаеўскі дапісаўся да таго, што сцвярджаў, што паўстанцы, маўляў, “паехалі” ў Сібір не як зняволеныя ссыльныя, а за добры заробак як царскія службоўцы. А Фёдар Цютчаў адгукнуўся на падзеі тых гадоў такім вершам:

Над русской Вильной стародавной
Родные теплятся кресты –
И звоном меди православной
Все огласились высоты.

Разам з тым у шэрагах паўстанцаў змагаліся і рускія.


Вільня, 22 лістапада 2019 г. Труны з астанкамі паўстанцаў у капліцы на могілках на Росе. Вільня, 22 лістапада 2019 г. Труны з астанкамі паўстанцаў у капліцы на могілках на Росе.

Незадоўга да цырымоніі дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў Уладзімір Арлоў падпісаў прапанову пахаваць астанкі Каліноўскага ў Беларусі.

Уладзімір Арлоў: — Частка астанкаў Каліноўскага павінна была б трапіць у Беларусь. Гісторыя ведае прыклады, калі выдатныя гістарычныя асобы пахаваны ў розных месцах: Пілсудскі, Шапэн, Касцюшка. Можа быць, у перспектыве, калі Беларусь будзе варта гэтага, калі ў Беларусі будзе іншая ўлада, туды маглі б трапіць і быць перапахаваны ўсе астанкі Кастуся Каліноўскага альбо іх сімвалічная частка.

Я мару пра той час, калі будзе адноўлены скасаваны ў Беларусі ордэн Каліноўскага, калі ў сталіцы нашай незалежнай дзяржавы будзе помнік нашаму першаму палітыку, які змагаўся за самастойную будучыню Беларусі.

Віктар Корбут

Вільня

Фота аўтара

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост