Беларуская Служба

ПЭН-Цэнтр і Аршанскае ТБМ запрашаюць на «вандроўны» Фестываль Уладзіміра Караткевіча

27.11.2019 14:33
Фестываль прымеркаваны да дня нараджэння класіка.
Плакат фестывалюПЭН-Цэнтр

Беларускі ПЭН-Цэнтр і Аршанская філія Таварыства беларускай мовы запрашаюць на «вандроўны» Фестываль Уладзіміра Караткевіча, які сёлета пройдзе 30 лістапада ў Смалянах і Оршы. Наведнікаў чакаюць культурніцкія падзеі, у якіх возьмуць удзел дзеячы культуры з усёй краіны, але найперш творцы з Аршаншчыны. Фестываль прымеркаваны да дня нараджэння класіка, піша ПЭН-Цэнтр.

У праграме фестывалю экскурсія па Смалянах ад краязнаўца Віктара Мяжэвіча, а пісьменніца Паліна Качаткова правядзе экскурсія па Оршы.

«Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю!» – пад такой назвай пройдзе дыскусія аб ролі Уладзіміра Караткевіча ў фармаванні новай ідэнтычнасці беларусаў. Вечарам чакаецца літаратурна-музычная імпрэза. У межах вечарыны адбудзецца прэзентацыя праекту «Вандроўная кнігарня» ад Аляксандры Логвінавай. Падчас фестывалю можна будзе набыць кнігі беларускіх і замежных аўтараў ад выдавецтва «Логвінаў». Таксама наведнікаў чакаюць кнігі класікаў і сучаснікаў ад кнігарні «Акадэмкніга».

Уваход на ўсе падзеі вольны.

Мяркуецца, што Фестываль Уладзіміра Караткевіча стане штогадовым, і ў 2020 годзе, да 90-гадовага юбілею пісменніка, пройдзе з большым размахам.

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры