Беларуская Служба

У Мінску пакажуць польскае нямое кіно з 1929 году

04.12.2019 18:12
Экранізацыя оперы будзе прадстаўлена ў музычным суправаджэнні, створаным адмыслова для адноўленай версіі фільма.
АфішаПольскі інстытут

6 снежня 2019 года ў рамках праекта «Кінямо. Нямое кіно + жывая музыка» у кінатэатры «Масква» адбудзецца спецыяльны паказ драмы польскага рэжысёра Канстанты Мягліцкага «Галька», прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

Экранізацыя аднайменнай оперы, якая выйшла на экраны ў 1929 годзе, будзе прадстаўлена ў музычным суправаджэнні, створаным кампазітарам Вольгай Падгайскай адмыслова для адноўленай версіі фільма.

Беларуская прэм’ера «Галькі» адбудзецца пад жывы музычны акампанемент у выкананні:
• салістаў Вялікага тэатра Беларусі Ірыны Кучынскай (сапрана) і Андрэя Кліпо (барытон),
• харавой капэлы,
• калектыву новай камернай музыкі Five-storey ensemble: Вольга Падгайская (фартэпіяна), Аксана Герасімёнак (скрыпка), Аляксандра Чахоўская (скрыпка), Аляксандр Сердзюкоў (віяланчэль), Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас), Аляксандр Яскельчык (кларнет, бас-кларнет), Віталь Эпаў (сапрана-саксафон).

Фільм «Галька» з'яўляецца адной з трох даваенных экранізацый оперы Станіслава Манюшкі. Фільм Мягліцкага аднак не зʼяўляецца яго вернай адаптацыяй. У сцэнары быў выкарыстаны толькі галоўны матыў лібрэтта. Фільм узнік у 1929 годзе ў эпоху нямога кіно, але ўжо на парозе музыкальнага.

Польскі інстытут/ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры