Беларуская Служба

Вольга Такарчук: стаю па баку дабра і святла

10.12.2019 18:05
10 снежня ў сталіцы Швецыі польская пісьменніца атрымала з рук шведскага караля залаты медаль і дыплом Нобелеўскага лаўрэата.
Аўдыё
  • Волга такарчук заклікае свет у бок дабра падчас уручэння Нобэлеўскіх прэмій.

Шведская акадэмія прызнала яе лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2018 год. Са свайго боку пісьменніца звярнулася да свету з заклікам перастаць нішчыць прыроду, цікавіцца толькі жорсткасцю ды гвалтам, замест гэтага перайсці на бок дабрыні ды святла.

10 снежня ў Стакгольме праходзіла ўрачыстая цырымонія ўручэнне Нобэлеўскай прэміі 14 лаўрэатам у розных галінах чалавечай дзейнасці. У галіне літаратуры прэмію атрымалі два аўтары: аўстрыйскі пісьменнік Пітар Гандкэ ды полька Вольга Такарчук. Польская пісьменніца атрымала ўзнагароду за пісьменніцкую фантазію, якая ў спалучэнні з энцыклапедычным запалам прэзентуе пераадольванне межаў, як форму жыцця. Дадзеная ўрачыстасць стала завяршэннем Нобелеўскага тыдня, які прайшоў у Швецыі.

Польская пісьменніца выступіла з прамовай пра стан сучаснага грамадства і ейнае бачанне шляхоў выратавання.

Вольга Такарчук перакананая, што сучасны свет усё больш пагружаецца ў інфармацыйны хаос.

Замест таго, каб пачуць гармонію свету, мы пачулі какафонію гукаў, невыносны шум, у якім у роспачы спрабуем пачуць любую найцішэйшую мелодыю, кволага рытму. Як ніколі да гэтай шумнай рэчаіснасці пасуе пераказаная шэкспіраўская цытата: інтэрнэт становіцца ўсё часцей мовай дурня, поўнай енку ды злосці.

Нешта ня так з нашым мірам, казала аўтарка «Кніг Якубавых».

Паўсюднасць выяваў гвалту, дурасці ды бязлітаснасці, мова нянавісці ледзь кампенсуюцца добрымі навінамі, але яны не ўстане суцішыць уражанне прыгнечанасці, якое нават цяжка выказаць словамі. Нешта ня так з нашым мірам. Гэткае пачуцце, якое некалі было ўласціва толькі нервовым паэтам, сёння становіцца эпідэміяй нявызначанасці, непакою, што льецца адусюль.

Палітычны ды кліматычны крызісы не ўзяліся ніадкуль, падкрэсліла польская пісьменніца.

Прагнасць, непавага да прыроды, эгаізм, адсутнасць фантазіі, бясконцае канкурэнцыя, безадказнасць ператварылі наш мір у прадмет, які можна рэзаць на кавалкі, выкарыстоўваць і нішчыць. Таму я веру, што мушу гаварыць так, нібы наш мір быў жывым безупынна фармаваным адзінствам, а мы яго малой і адначасова магутнай часткай.

Вольга Такарчук зазначыла, што адным са шляхоў выратавання павінна стаць літаратура, якая бачыць мір адзіным ды вучыць важнаму пачуццю – пяшчоты.

Пяшчота – гэта глыбокае перажыванне пра іншую сутнасць, пра яго крохкасць, непаўторнасць, падатлівасць на пакуты і дзеянне часу. Пяшчота выяўляе повязі паміж намі, падабенства ды існасці. Гэта той погляд, якія паказвае мір жывым, жывучы, звязаны з сабой, у супрацы ды ўзаемазалежнасці. Літаратура пабудавана на пяшчоце, гэта галоўны псіхалагічны механізм апавядання.

Культура ды мастацтва ў якасці інструментаў, каб палепшыць мір, не ўпершыню гучаць у словах польскай Нобелеўскай лаўрэаткі. У 2005-м годзе ў інтэрв'ю для Польскага радыё Вольга Такарчук казала, што галоўны паказнік якасці твора – гэта тое, што людзі становяцца лепшымі пасля кантакту з ім.

Для мяне гэта вельмі важны паказнік таго, ці твор добры, ці не. Ідзецца не пра тое, ці ён добра напісаны, зняты, зроблены. Ідзецца пра тое, што ён ва мне пакідае. Вельмі часта, калі я хаджу ў кіно ды выходжу з кінатэатру, у мяне ўзнікае пачуццё, што я змянілася, вырасла праз досвед кантактавання з мастацкім творам. Я сутыкнулася з нечым, што ёсць проста добрым, стаіць на баку дабра, святла.

Вольга Такарчук дэбютавала ў якасці пісьменніцы ў 1993-м годзе раманам «Падарожжа людзей Кнігі». Яна стала пятай польскай лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі. Раней лаўрэатамі былі: Генрых Сянкевіч (1905 г.), Уладзіслаў Рэймант (1924 г.), Чэслаў Мілаш (1980 г.) і Віслава Шымборска (1996 г.).

Юры Ліхтаровіч