Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: катэгорыя склону назоўніка

22.12.2019 14:24
Назоўнікі, якія характарызуюцца агульнасцю склонавых канчаткаў, аб'ядноўваюцца ў групы, або тыпы скланення.
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Граматычная катэгорыя склону паказвае на сінтаксічную ролю назоўніка і яго адносіны паміж словамі ў сказе або ў словазлучэнні. Фармальна праяўляецца праз канчаткі імён ці сінтаксічным спосабам у нескланяльных назоўнікаў праз дапасаваныя да іх словы.

У сучаснай беларускай мове налічваецца шэсць склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны). Захаваліся таксама рэшткі клічнага склону, які, аднак, у сённяшніх граматыках не разглядаецца ў якасці самастойнага, хаця вылучаўся ў першай Беларускай граматыцы для школ аўтарства Браніслава Тарашкевіча. Клічны склон часта замяняецца назоўным (паслухай, братка), але мае таксама свае асаблівыя канчаткі (браце, суседзе; лесе) і -у (-ю) (братку, сынку; госцю, дабрадзею).  

Склонавыя формы назоўніка з’яўляюцца полісемічнымі па свайму значэнню, напр.:

  • назоўны склон можа абазначаць і суб’ект дзеяння, і аб’ект (у пасіўных канструкцыях): Зямля праграваеццаі Зямля прагрэтая;
  • родны склон можа мець значэнне: часткі цэлага (шклянка малака), азначэння (павевы гісторыі), прасторавае (ляжаць ля ракі), часу (з вясны да восені), прычыны (спяваць з радасці), мэты і прызначэння (падрыхтаваць месца для вогнішча), прыналежнасці (хустка маці);
  • давальны склон мае асноўнае значэнне ўскоснага аб'екта – абазначае асобу ці прадмет, на які накіравана дзеянне (напісаць брату), а ў безасабовых сказах можа мець значэнне ўскоснага суб'екта (Нават пешаходу нельга было выбірацца ў дарогу);
  • вінавальны склон мае значэнне: прамога аб'екта (люблю мой край), прадмета думкі, мовы ці пачуцця (адчуваць трывогу), прасторавае (ісці на Варшаву), часу (працаваць дзень і ноч), мэты (спяшаць на спатканне);
  • творны склон багаты на значэнні: выступае г. зв. творны інструментальны (пісаць алоўкам), творны ўскоснага аб'екта (пахне травою), творны прэдыкатыўны (ён служыў у пана парабкам), са значэннем сумеснага дзеяння (сын з бацькам), прасторавым (ісці лесам), часу (суботнім днём), спосабу дзеяння (ісці смелым крокам);
  • месны склон выступае ў асноўным значэнні месца дзеяння (капуста расце ў агародзе, хмары плывуць па небе), мае таксама значэнне часу (па зіме прыходзіць вясна), прычыны, спосабу дзеяння (азірнуцца па старым вайсковым звычаі), стану (спыніцца ў здзіўленні), ускоснага аб'екта (указ аб узнагароджанні);
  • прамы аб’ект дзеяння можа выражацца назоўнікам у родным склоне і ў вінавальным (чытанне часопіса і чытаць часопіс), а ўскосны аб’ект – у давальным, творным і месным (дзякаваць настаўніку, пахне садавінай, закон аб адукацыі).

Змяненне назоўнікаў па склонах называецца скланеннем. Назоўнікі, якія характарызуюцца агульнасцю склонавых канчаткаў, аб'ядноўваюцца ў групы, або тыпы скланення. У залежнасці ад роду і наяўнасці тых або іншых канчаткаў беларускія назоўнікі класіфікуюцца на тры асноўныя тыпы скланення:

  • да першага скланення належаць назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам (дом, горад, чытач), назоўнікі ніякага роду (акно, галлё, поле) разам з пяццю імёнамі на -мя (бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя);
  • другое скланенне ўключае ў сябе назоўнікі жаночага роду з канчаткамі -а (-я) у назоўным склоне адзіночнага ліку (галава, зямля, краіна);
  • трэцяе скланенне аб'ядноўвае назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам (дробязь, кроў, рэч).

Пад выдзеленыя тыпы скланення не падпадаюць:

  • рознаскланяльныя назоўнікі:назвы маладых істот, назоўнікі на -мя, назвы асоб са значэннем сацыяльнага становішча, назоўнікі агульнага роду, назоўнікі мужчынскага роду на -а (-я), некаторыя назоўнікі ніякага роду і інш. (ваўчаня, імя, дваранін, плакса, мужчына, старшыня, вуха, неба);
  • множналікавыя назоўнікі (акуляры, нажніцы, сані);
  • марфалагічна нязменныя назоўнікі, запазычаныя з іншых моў, складаюць групунескланяльных слоў (лэдзі, пані, паліто), склон якіх, аднак, праяўляецца праз сінтаксічныя паказчыкі; з уласнабеларускіх нязменных назоўнікаў трэба адзначыць жаночыя прозвішчы на зычны (Гурловіч, Корзюк, Раманчык), а таксама ўтвораныя ад агульных назоўнікаў ніякага роду (Калена, Матавіла), прозвішчы мужчынскага і жаночага роду на (Гурло, Ралько), прозвішчы на -іх, (-ых) (Касых, Рудых) большасць абрэвіятур (БДУ, МТЗ) і некаторыя іншыя;
  • асобны тып скланення ўтвараюць субстантываваныя прыметнікі, дзеепрыметнікі, якія скланяюцца па ўзору прыметнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду.

Працяг тэмы пра скланенне назоўнікаў слухайце праз тыдзень.

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

 

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак