Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы

30.01.2020 16:13
Паслухайце песню, якая сабрала найбольш галасоў у рэйтынгу Польскага радыё на самую важную кампазіцыю 95-годдзя.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У гэтым годзе грамадскае Польскае радыё адзначае свой юбілей – 95 гадоў існавання (першая перадача прагучала 1 лютага 1925 г.). Адным з элементаў адзначэння гэтай знамянальнай даты стаў плебісцыт, у рамках якога слухачы радыёстанцыі выбіраюць важнейшыя песні польскай эстрады. 95 кампазіцый выбралі журналісты розных праграм Польскага радыё, якія займаюцца музычнай тэматыкай, а слухачы галасуюць, якая ім больш за ўсё падабаецца.

Творы, якія атрымаюць найбольш галасоў, будуць перавыдадзеныя, іх праспяваюць вядомыя выканаўцы, а Музычнае агенцтва Польскага радыё выдасць іх у выглядзе кампакт-дыску.

Галасаванне ў рамках плебісцыту запланавана да канца студзеня. У чацвер раніцай на першым месцы была песня Марылі Радовіч пад загалоўкам «Малгоська». Яна сабрала звыш 11% галасоў, а кампазіцыя, якая трапіла на другую пазіцыю – «Дзіўны гэты свет» Чэслава Немэна, атрымала менш за 8%.

У рамках Музычнага ўроку польскай мовы я хачу прадставіць песню Марылі Радовіч, якая заняла першае месца. Радовіч (сапраўднае імя Марыя Антаніна Радовіч) – прымадонна польскай сцэны поп-музыкі. Калі хтосьці хаця б крыху цікавіцца Польшчай ды яе музычнай эстрадай, то напэўна чуў і пра Марылю Радовіч, гэткую польскую Алу Пугачову. Трэба сказаць, што яна – не толькі вельмі таленавітая пяснярка, але таксама і былая спартсменка, у маладосці займалася лёгкай атлетыкай, заваёўвала медалі на чэмпіянатах. Відаць, у Марылі выдатны генатып, калі ў свае 74 гады яна выглядае на некалькі дзясяткаў гадоў менш. А вось як Радовіч спявае пра Малгоську.

To był maj,
pachniała Saska Kępa
szalonym, zielonym bzem.
To był maj,
gotowa była ta sukienka
i noc się stawała dniem.

Już zapisani byliśmy w urzędzie,
białe koszule na sznurze schły.
Nie wiedziałam,
co ze mną będzie,
gdy tamtą dziewczynę
pod rękę ujrzałam z nim.

Małgośka – mówią mi –
on niewart jednej łzy,
on nie jest wart jednej łzy.
Małgośka – kochaj nas –
na smutki przyjdzie czas,
zaśpiewaj raz, zatańcz raz!
Małgośka – tańcz i pij,
a z niego sobie kpij,
a z niego kpij sobie, kpij.
Jak wróci, powiedz: nie,
niech idzie tam gdzie chce,
hej, głupia ty, głupia ty, głupia ty.

Jesień już,
już palą chwasty w sadach
i pachnie zielony dym.
Jesień już,
gdy zajrzę do sąsiada,
pytają mnie, czy jestem z kim

Widziałam biały ślub, idą święta,
nie słyszałam z daleka słów.
Może rosną
im już pisklęta,
a suknia tej młodej
uszyta jest z moich snów.

Małgośka – mówią mi –
on niewart jednej łzy,
oj głupia ty, głupia ty.
Małgośka – wróżą z kart –
on nie jest grosza wart,
a weź go czart, weź go czart!
Małgośka – tańcz i pij,
a z niego sobie kpij,
a z niego kpij sobie, kpij.
Jak wróci, powiedz: nie,
niech zginie gdzieś na dnie,
hej, głupia ty, głupia ty, głupia ty.

Гэта быў май, пахла Саская Кэмпа шалёным, зялёным бэзам. Гэта быў май, гатовая была сукенка, а ноч станавілася днём. Мы ўжо падалі дакументы ў ЗАГС, белыя кашулі на вяроўцы сохлі. Я не ведала, што са мной будзе, калі ўбачыла тую дзяўчыну пад ручку з ім.

Малгоська – кажуць мне, ён ня варта адной слязы, Малгоська, любі нас, на сум прыйдзе час, заспявай, затанцуй раз! Малгоська, танцуй і пі, а з яго насміхайся. Калі вернецца, скажы: не, хай ідзе туды, куды хоча. Эх, дурная ты, дурная.

Восень ужо, паляць пустазелле ў садах, і пахне зялёны дым. Восень ужо, калі зазірну да суседа, мяне пытаюць, ці я з кімсьці. Я бачыла белы шлюб, ідуць святы, я не чула здалёк словаў. Магчыма, у іх растуць ужо птушаняты, а сукенка гэтай нявесты пашытая з маіх сноў.

Малгоська – кажуць мне – ён не варты адной слязы, эх, дурная ты, дурная. Малгоська – варожаць на картах – ён не варты аднаго гроша, чорт з ім! Малгоська, танцуй і пі, а з яго насміхайся. Калі вернецца, скажы: не, хай згіне дзесьці на дне. Эх, дурная ты, дурная.

Аўтар словаў гэтага вялікага шлягеру польскай эстрады – Агнешка Асецка, таксама, дарэчы, як і іншых папулярных і любімых палякамі песняў. Музыку таксама напісала жанчына – Катажына Гэртнэр (Katarzyna Gaertner). У тэксце выражаны сум, калі не здзейсніцца адвечная мара жанчыны – заснаваць сям’ю, выйсці замуж, быць шчаслівай з мужчынам. Найгоршы жах для жанчыны – суперніца, іншая жанчына, якая адбірае ў яе любімага мужчыну.

Saska Kępa – гэта адзін з мікрараёнаў польскай сталіцы па правым беразе Віслы, ён уваходзіць у склад раёну Прага-Паўдзень. Саска Кэмпа – прэстыжная частка Варшавы, дзе жыве шмат прадстаўнікоў эліты, польскай інтэлігенцыі. Праўда, так было калісьці, цяпер мікрараён ужо менш элітны, чым быў тады, калі Асецка пісала тэкст гэтай песні. Пасля вайны новым сацыялістычным уладам Польшчы не падабаўся «буржуйскі» характар мікрараёну, і таму ў прыватныя багатыя вілы падсялялі бедных жыхароў.

Gotowa była ta sukienka – гатовая была сукенка. Тут, канешне, гаворка ідзе пра шлюбную сукенку, якую апранае нявеста на гэты, самы важны для многіх жанчын, адзін дзень у сваім жыцці. Па-польску такая сукенка называецца suknia ślubna, каб падкрэсліць яе афіцыйны характар, але, відаць, аўтарцы больш падыходзіла слова сукенка з увагі на рыфму.

Już zapisani byliśmy w urzędzie – мы ўжо падалі дакументы ў ЗАГС. У Беларусі маладыя распісваюцца ў ЗАГСе (Запіс актаў грамадзянскага стану), а палякі кажуць пра такі адміністрацыйны орган urząd. Праўда, urząd – гэта не толькі ЗАГС, але таксама кожны іншы орган дзяржаўнай адміністрацыі. А тое, што маладыя «былі запісаныя» яшчэ не азначае, што яны распісаліся ў беларускім значэнні гэтага слова, яны толькі падалі дакументы і вызначылі дату шлюбу, які, як вядома, быў адменены, бо жаніх знайшоў іншую.

Weź go czart – чорт з ім. Чорт ужо практычна стаў сінонімам д’ябла, хаця паходжанне гэтага слова іншае. Czart (беларускі чорт) – гэта паняцце яшчэ дахрысціянскае, злы дэман, месца якога пазней, пасля ўваходу хрысціянства на нашы землі, заняў чорны анёл, які выступіў супраць Бога – д’ябал, шатан.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы