Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: разрады займеннікаў

02.02.2020 12:22
Займеннік – гэта часціна мовы, якая ўказвае на прадметы, колькасць, якасць, не называючы іх.
Аўдыё
  -
Беларуская мова - марфалогіяфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Займеннік – гэта часціна мовы, якая ўказвае на прадметы, колькасць, якасць, не называючы іх; фактычна замяняе пры гэтым словы іншых часцін мовы пры няведанні адпаведных назваў ці наўмысна, або можа замяняцца імі, калі адпаведныя рэаліі вядомыя. 

У залежнасці ад таго, словы якіх часцін мовы замяшчае займеннік, вылучаюцца:

  • займеннікі, суадносныя з назоўнікамі – абагульнена-прадметныя (ты, яны, хто...),
  • займеннікі, суадносныя з прыметнікамі – абагульнена-якасныя (наш, свой, твой...),
  • займеннікі, суадносныя з лічэбнікамі – абагульнена-колькасныя (колькі, столькі, гэтулькі...).

Для ўсіх займеннікаў характэрна катэгорыя склону, але граматычныя катэгорыі роду і ліку праяўляюцца імі непаслядоўна і звязаныя з пэўнымі разрадамі займеннікаў.

З улікам найперш семантычных асаблівасцяў выдзяляюцца займеннікі:

  • асабовыя (я, ты, ён, яна, яно, мы, вы, яны),
  • зваротны (сябе),
  • прыналежныя (мой, твой, свой, яго, яе, наш, ваш, іх),
  • указальныя (гэты, гэтакі, такі, той),
  • азначальныя (кожны, іншы, сам, самы, увесь, усякі, усё, усе, уся),
  • пытальна-адносныя (хто, што, які, чый, каторы, колькі),
  • адмоўныя(ніхто, нішто, нічый, ніякі),
  • няпэўныя (нехта, нешта, некаторы, хтосьці, штосьці, хто-небудзь, што-небудзь, абы-хто, абы-што).

Сёння засяродзім нашу ўвагу на асабовых займенніках, зваротным, прыналежных і ўказальных.

  • Асабовыя займеннікі – служаць аналітычным сродкам выражэння персанальнасці, прычым займеннікі 3-й асобы выражаюць не толькі персону, а і выступаюць у ролі найбольш абагульненага ўказальніка на ўсе магчымыя прадметы, з’явы, прыкметы, паняцці ў якасці іх замяняльніка. Асабовыя займеннікі я, ты не маюць марфалагічнай катэгорыі роду, якая, аднак, праяўляецца сінтаксічнымі сродкамі праз прэдыкатыўную сувязь з дзеясловамі прошлага часу (я была, ты быў), або з магчымымі азначэннямі, што часцей за ўсё выступаюць у якасці прыдатка (я, зацікаўленая кнігай; ён, зацікаўлены газетай, і інш.). Катэгорыя ліку ў асабовых займеннікаў я, ты праяўляецца праз суплетыўныя формы мы, вы, якія абазначаюць мноства розных асоб, уключна я, ты. Для асабовых займеннікаў характэрна транспазіцыя, г. зн. адзін займеннік ужываецца ў значэнні і на месцы іншага. Мы можа абазначаць я (напр. у навуковых працах), а вы можа выступаць на месцы ты (г.зв. форма ветлівасці). Пры скланенні асабовых займеннікаў адзначаецца суплетывізм асноў (параўн.: назоўны – я, ты, мы, вы, ён, яна, яно, яны; родны – мяне, цябе, нас, вас, яго, яе, яго, іх; давальны – мне, табе, нам, вам, яму, ёй, яму, ім; вінавальны – мяне, цябе, нас, вас, яго, яе, яго, іх; творны – мной(-ою),  табой(-ою),  намі,  вамі,  ім,  ёй(-ёю), ім, імі; месны – аба мне, аб табе, аб нас, аб вас, аб ім, аб ёй, аб ім, аб іх).
  • Зваротны займенніксябе (сабе) паказвае на тое, што аб’ектам дзеяння служыць сам суб’ект, або асоба, ці прадмет, пра якія ідзе гаворка. Гэты займеннік не мае катэгорыі ліку, роду, а таксама назоўнага склону (у творным склоне мае дзве формы – сабой і сабою), можа адносіцца да 1-й, 2-й, 3-й асобы абодвух лікаў, скланяецца па ўзору займенніка ты. У сказе выконвае ролю дапаўнення (напр. Не хвалі сам сябе, няхай людзі пахваляць цябе), ці акалічнасці месца (напр. Ён быццам нічога не заўважыў навокал сябе).
  • Прыналежныя займеннікі ўказваюць на 1-ю, 2-ю, 3-ю асобы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі прадмета: мой, наш –1-я асоба; твой, ваш – 2-я асоба; яго, яе, іх – 3-я асоба; свой – усе тры асобы. Прыналежныя займеннікі мой, твой, наш, ваш маюць катэгорыі ліку, роду, склону (скланяюцца па ўзору прыметнікаў); займеннікі яго, яе, іх не скланяюцца. У мове мастацкай літаратуры часта сустракаюцца прыналежныя займеннікі ягоны, ейны, іхні (напр. А песні ягоныя былі – дзіва! Каратк.) У некаторых склонавых формах прыналежных займеннікаў магчымыя варыянтныя канчаткі (напр.: у назоўным склоне – нашы лугі і нашыя лугі; у родным склоне – вашай і вашае – дзеля прыкладу: У зялёнай дуброве мы начаваць будзем, а вашае ласкі павек не забудзем; у творным склоне – сваёй рукой і сваёю рукою і інш.).
  • Указальныя займеннікігэты, той, такі, гэтакі маюць марфалагічныя формы роду, ліку, склону; скланяюцца па ўзору прыметнікаў. Значэнні займеннікаў гэты, той з’яўляюцца карэлятыўнымі: яны ўжываюцца пры ўказанні адпаведна на блізкі і далёкі прадметы; у беларускіх гаворках на Падляшшы пад уплывам польскай мовы паявіўся займеннік трэцяй ступені аддалення тамтой. Займеннікі такі, гэтакі ўдакладняюць або выдзяляюць сэнс пры характарыстыцы якасці прадмета, могуць паказваць падабенства рэалій. Указальныя займеннікі жаночага роду ў родным і творным склонах могуць ужывацца з аднаскладовым альбо двухскладовым канчаткам (напр. Я. Колас пісаў: Не сцярпеў Кандрат такое прыўды; Быў смешны дзядзька той часінай з пустою лыжкаю, з тычынай. Чаму ж, чаму часінай тою мы не спаткаліся з табою?)

Лічэбнікавыя займеннікі столькі і гэтулькі не маюць катэгорый роду і ліку, скланяюцца як прыметнікі ў множным ліку (стольк-іх, стольк-ім, стольк-імі).

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак