Беларуская Служба

Тоні Халік - польскі падарожнік, які адкрыў для суайчыннікаў экзатычныя краіны

08.02.2020 08:04
Яго біяграфія - гэта ўжо прыгода: служыў у Люфтвафэ і ваяваў у Францыі, жыў у Афрыцы і Амерыцы, а ў канцы стаў зоркай Польскага тэлебачання. 
Аўдыё
  • Тоні Халік - польскі падарожнік, які адкрыў для суайчыннікаў экзатычныя краіны
  (     )
Тоні Халік (з архіва жонкі журналіста Эльжбеты Дзікоўскай)commons.wikimedia.org/Public domain

99 гадоў таму, 24 студзеня 1921 года, нарадзіўся Тоні Халік (сапраўднае імя Мечыслаў Антоні Сэндзімір Халік). На яго фільмах пра падарожжы выхавалася некалькі пакаленняў палякаў, а цыкл праграм пра экзатычныя вандроўкі пад назвай «Перац і ваніль» (Pieprz i Wanilia) быў адным з найбольш любімых на дзяржаўным Польскім тэлебачанні. Менавіта дзякуючы Тоні Халіку палякі ў ПНР маглі даведацца пра тое, як жывуць людзі ў розных кутках нашай планеты, у тым ліку ў экзатычных краінах.

Дарэчы, біяграфія Тоні Халіка – гэта ўжо прыгода. Нарадзіўся ён у горадзе Торунь у сям’і памешчыкаў. У 14 гадоў Мечыслаў Халік уцёк з дому і паплыў па Вісле разам з перагоншчыкамі леса ў Гданьск. Там яго затрымалі сапрацоўнікі Памежнай службы і адправілі дадому.

У 1943 годзе трапіў на службу ў Люфтвафэ, у 1944 годзе яго перавялі ў Францыю ў эскадру бамбардзіроўшчыкаў. Там Халік уцёк і далучыўся да французскіх партызанаў, а адтуль трапіў у Вялікабрытанію, дзе быў прыняты на службу ў Польскія ўзброеныя сілы на Захадзе. І менавіта ў Англіі ўпершыню ўзяў у рукі кінакамеру, здымаючы самалёты, якія выляталі і вярталіся з баявых аперацый.

Пасля вайны працаваў у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы, і менавіта там зацікавіўся плямёнамі, якія жылі ўдалечыні ад цывілізацыі. Дарэчы, Тоні Халік мог размаўляць на іспанскай, англійскай, французскай, партугальскай, італьянскай, рускай і нямецкай мовах, а таксама на некалькіх мовах амазонскіх індзейцаў. У 1974 годзе ў Мексіцы пазнаёміўся з польскай журналісткай Эльжбетай Дзікоўскай. Яны пажаніліся, і ў 1975 годзе Тоні Халік пераехаў у Польшчу. Менавіта разам з жонкай ён вёў сваю праграму «Перац і ваніль» і здзяйсняў падарожжы па свеце.
Падарожжы і прыгоды Тоні Халік лічыў самым важным момантам у жыцці – пра гэта ён сам казаў у эфіры Польскага радыё ў 1996 годзе.

- Чым большую прыгоду дае нам бог альбо лёс (у залежнасці, хто ў што верыць), тым лепш, таму што дзякуючы гэтаму мы можам больш даведацца, убачыць шмат цікавага. І ў гэтым па сутнасці заключаецца жыццё, таму што наша жыццё – гэта свайго роду прыгода. Дарэчы, жыццёвыя прыгоды мы можам сустрэць шмат дзе: на вуліцы Варшавы альбо ў амазонскіх джунглях. Мае падарожжы і мае прыгоды – гэта мае найбольшыя жыццёвыя інвестыцыі і «грошы», якія ўдалося сабраць цягам 75 гадоў жыцця. Гэтыя залатыя манеты прыгодаў я кідаю ў скарбонку, каб у глыбокай старасці іх адтуль даставаць і ўспамінаць незабыўныя моманты.

У 1987-1988 гадах Халік здзейсніў кругасветнае падарожжа на борце польскага парусніка Dar Młodzieży.

Памёр легендарны журналіст і падарожнік у 1998 годзе. Экспанаты, якія ён збіраў падчас падарожжаў усё жыццё, трапілі ў фонды Варшаўскага этнаграфічнага музея. А ў 2003 годзе ў Торуні – горадзе, дзе ён нарадзіўся, – быў створаны Музей падарожнікаў імя Тоні Халіка.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

перадача падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё


Больш на гэтую тэму: Машына часу