Беларуская Служба

Варшаўскаму Вялікаму тэатру споўнілася 187 гадоў

29.02.2020 07:58
Галоўнай операй, якая інаўгуравала адкрыццё тэатра 187 гадоў таму, быў «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні.
Аўдыё
  • 24 лютага 1833 года на сцэнах гэтага вялікага і прыгожага будынку адбыліся прэм’еры двух оперных спектакляў
Teatr Wielki na początku XX wieku
Teatr Wielki na początku XX wiekuPolona.pl/domena publiczna

Варшаўскаму Вялікаму тэатру споўнілася 187 гадоў. 24 лютага 1833 года на сцэнах гэтага вялікага і прыгожага будынку адбыліся прэм’еры двух оперных спектакляў.

Галоўнай операй, якая інаўгуравала адкрыццё тэатра 187 гадоў таму, быў «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні. У тыя часы варшаўскі тэатр быў адным з найбольшых у свеце.

Архітэктарам будынку быў славуты Антонія Караці, якія пабудаваў у Польшчы, і перш за ўсё ў Варшаве, шмат вядомых гмахаў, многія з якіх захаваліся па сённяшні дзень. Будаўніцтва тэатру працягвалася з 1825 па 1833 год. Дарэчы, пачатак будаўніцтва быў прымеркаваны да 150-й гадавіны Нацыянальнага тэатру, якія тады знаходзіўся ў іншым месцы ў намнога меншым будынку. А з 1840 года пляц, на якім пабудавалі Вялікі тэатр, пачалі называць Тэатральнай плошчай. Гэтая назва застаецца і па сённяшні дзень.

Увогуле, першапачаткова новапабудаваны тэатр называўся Вялікім нацыянальным, але пасля паўстання 1830-1831 г.г. цар Мікалай І загадаў скасаваць назву «нацыянальны» і пакінуць толькі слова «вялікі».

У тыя часы галоўны варшаўскі тэатр быў адным з самых сучасных у Еўропе, ён першапачаткова быў прыстасаваны для таго, каб ставіць у сябе п’есы трох тэатральных напрамкаў. І так, у Вялікім тэатры была (і ёсць) оперная, балетная і драматычная сцэны. Кожная са сцэн мела асобнага кіраўніка і асобную трупу ды групу дапаможнага персанала. А аркестр быў настолькі вялікі, што яго можна было падзяліць, і ён мог адначасова іграць і для оперы, і для балета.

Першапачаткова планавалася, што галоўная зала памесціць амаль 2 тыс. чалавек. Цэнтральным пунктам мела быць каралеўская галёрка. Аднак зноў жа па патрабаванню Мікалая І колькасць месц у зале зменшылі да 1248, а ад каралеўскай галёркі адмовіліся.

У 1890 годзе ў тэатры правялі электрычнасць, прычым электраэнергіяй будынак забяспечвала свая ўласная невялікая электрастанцыя.

Цягам існавання Вялікі тэатр некалькі разоў перабудоўвалі. Падчас Другой сусветнай вайны знішчэнні былі настолькі вялікія, што будынак прышлося пабудаваць амаль ад пачатку – гэта працягвалася з 1947 па 1965 год. Яшчэ пару гадоў таму оперная сцэна была найбольшай у свеце, цяпер гэты тытул займае пекінская опера. Але тытул найбольшай еўрапейскай опернай сцэны застаўся. І так, яе плошча складае 1150 м, шырыня – больш за 36 м, а вышыня – 34 м. Сцэна абсталяваная шасцю гідраўлічнымі кранамі, кожны з якіх можа падняць дэкарацыю вагой у 40 т. Дзякуючы электрарухавікам сцэна можа паварочвацца, а 400 пражэктараў і лямпаў ствараюць адпаведнае святло.

Сёння ўстанова называецца Вялікі тэатр Нацыянальная опера і ўключае ў сябе Нацыянальную оперу, Польскі нацыянальны балет і Нацыянальны тэатр. Актуальна гэта – вялізны культурны «камбінат», у якім працуюць сотні людзей. Нямногія ведаюць, што ў тэатры існуе, для прыкладу, вялізная фарбавальная майстэрня, дзе ўручную фарбуюць ды рысуюць гіганцкія дэкарацыі, напрыклад, неба, гарызонт ці пейзажы. Тут жа – швейнае атэлье, дзе ствараюць касцюмы з эпох з дасканалай гістарычнай дакладнасцю, і сталярная майстэрня, дзе вырабляюцца дэкарацыі і рэквізіты, задзейнічаныя ў спектаклях.

Так што запрашаем у варшаўскі Вялікі тэатр, у якім, дарэчы, час ад часу здараюцца і беларускія акцэнты. А бліжэйшы – 8 красавіка. У гэты дзень у польскай сталіцы пакажуць «Рэвізора» Мікалая Гогаля ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота: Вялікі тэатр на пачатку ХХ стагоддзя


Больш на гэтую тэму: Машына часу