Беларуская Служба

Права на спадчыну: захоўваць ці выкарыстоўваць?

28.05.2020 13:36
«На жаль беларускае заканадаўства дагэтуль грунтуецца на састарэлым уяўленні пра нацыянальную спадчыну – толькі захоўванне» .
Аўдыё
  • Адна з кіраўнікоў і заснавальнікаў арганізацыі «ЕўраБеларусь» Таццяна Пашавалава тлумачыць, у чым заключаецца права на спадчыну:
Былы кляштар цыстэрыянцаў у мазырскай Даліне АнёлаўФота: Беларуская служба Польскага радыё, Эдуард Жолуд

Беларусам выпала жыць на памежжы розных культураў. Цягам стагоддзяў на беларускіх землях паўстала багатая і разнастайная матэрыяльная і духоўная спадчына. Каштоўнасці народу вымагаюць апекі і дагляду.

Аднак цяпер па ўсім свеце пераглядаецца канцэпцыя стаўлення да спадчыны. Калі раней намаганні дзяржаваў і супольнасцяў былі накіраваная на захаванне аб’еткаў і з’вяў, то цяперака ў прагрэсіўным падыходзе дамінуе канцэпцыя выкарыстання спадчыны ў жыцці лакальнай і нацыяльнай супольнасцяў.

«Права на спадчыну і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні» менавіта так называецца навукова практычная канферэнцыя, што ладзіцца 19-20 чэрвеня. Завадатарамі сімпозіуму сталі Беларускі камітэт ICOMOS (Міжнародная Рада па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін) і міжнародная грамадская арганізацыя «ЕўраБеларусь».

Адна з кіраўнікоў і заснавальнікаў арганізацыі «ЕўраБеларусь» Таццяна Пашавалава тлумачыць, у чым заключаецца права на спадчыну:

-Права на спадчыну – гэта такое права, якое з’ўляецца навацыяй у галіне аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта паняцце паступова прыходзіла ў міжнародныя дакументы і канвенцыі на працягу апошніх дваццаці гадоў, у тым ліку права на спадчыну зафіксавана ў Канвенцыі Фару, якая была прынятая Радай Еўропы ў 2005 годзе.

Паводле Канвенцыі Фару, права на спадчыну – гэта права супольнасці ўплываць на метады захвання або выкарыстання спадчыны. Дадзены міжнародны дакумент адобраны і прыняты ўжо большасцю еўрапейскіх краінаў, але ў некаторых краінах Канвенцыя Фару знаходзіцца на стадыі ратыфікацыі. У выпадку Усходняга партнёрства: Малдова, Грузія, Арменіі і Украіна прынялі гэту канвенцыю, але Беларусь і Азербайджан пакуль не.

Мэтай нашай арганізацыі і канферэнцыі «Права на спадчыну і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні», якую мы ладзім, з'яўляецца акурат прасоўвання ідэі і каштоўнасцяў Канвенцыі Фару – права на спадчыну. Перад усім мы зацікаўлены ў распаўсюдзе прынцыпу гэтай канвенцыі. Прынцыпы канвенцыі варты таго, каб пачаць выкарыстоўваць іх у Беларусі.

У Беларусі зацверджаны Кодэкс аб культуры, існуе заканадаўчая база, якая рэгулюе ахову гісіторыка-культурных каштоўнасцяў. Як беларускае заканадаўства пераклікаецца з заходняй перадавой практыкаў у гэтай галіне?

-Цяжка сказаць, як беларускае заканадаўства пераклікаецца з Канвенцыяй ды самой ідэяй права на спадчыну. Перад усім важны прынцыпы, на якіх грунтуецца заканадаўства – спадчына, гэтае тое што мы ахоўваем, ці тое што мы выкарыстоўваем.

У Еўропе і ў свеце акурат зараз адбываецца змена гэтага дыскурсу. Зараз спадчына перастае быць тым, што мы павінны толькі захаваць і неяк перадаць наступным пакаленням. Спадчына павінна выкарыстоўвацца цяпер, адпавядаць на патрэбы супольнасці зараз. Акцэнт пераносіцца з музейнага падыходу да забеспячэння «жыцця» спадчыны, на пераасэнсаванне яе рэвіталізацыі ў сучасным кантэксце. Гэта абсалютна новая парадыгма.

На жаль беларускае заканадаўства дагэтуль грунтуецца на састарэлым уяўленні пра нацыянальную спадчыну – толькі захоўванне. Канвенцыя Фару прасоўвае прынцыпы выкарыстання і размыцця паняцця ўласнасці для спадчыны. Спадчына павінна належыць не толькі дзяржаве, але і мясцовай супольнасці, агулам грамадству і менавіта яны павінны вызначаць мэтавае выкарыстанне спадчыны. (...)

Поўную гутарку Эдуарда Жолуда з культуролагам Таццянай Пашавалавай слухайце ў далучаным гукавым файле!