Беларуская Служба

70 гадоў таму нарадзілася зорка польскай эстрады Анна Янтар (ВІДЭА)

12.06.2020 21:34
Ва ўзросце 17 гадоў адбыўся яе артыстычны дэбют: яна выступіла на фестывалі студэнцкай песні ў Кракаве.
Аўдыё
  • 70 гадоў таму нарадзілася зорка польскай эстрады Анна Янтар
Anna Jantar
Anna JantarGrażyna Rutkowska / NAC

Сёлета адзначаецца юбілей вядомай польскай спявачкі. Калі б яна жыла, то артыстцы споўнілася б 70 гадоў. 10 чэрвеня 1950 года нарадзілася зорка польскай эстрады Анна Янтар.

Анна Янтар (сапраўднае імя Анна Марыя Шмэтэрлінг, па мужу Кукульска) нарадзілася ў горадзе Познань у 1950 годзе. Ва ўзросце 17 гадоў адбыўся яе артыстычны дэбют: яна выступіла на фестывалі студэнцкай песні ў Кракаве. Конкурс тады выйграла іншая вядомая польская артыстка Марыля Радовіч, а Анна Янтар атрымала прыз журы.

Музычную кар'еру спявачка пачала як Анна Шмэтэрлінг, але ў 1972 годзе ўзяла просты і мілагучны псеўданім – Анна Янтар.

У 1970 годзе выйшла замуж за Яраслава Кукульскага – вядомага польскага музыканта і кампазітара, які напісаў шмат песень для сваёй жонкі – многія сталі шлягерамі.

У 1975 годзе Анна Янтар была прызнаная эстраднай артысткай года, а яе пласцінка «Najtrudniejszy pierwszy krok» (Найцяжэйшы першы крок) разышлася ў 150-тысячным тыражы. За год да смерці, у 1979 годзе, яна зноў атрымала тытул найлепшай польскай спявачкі.

У пачатку 1970-х Анна адправілася ў Савецкі Саюз у сваё першае замежнае турнэ. Паездка ў вялікую брацкую краіну ў тыя часы для кожнага польскага артысты была важнай мастацкай падзеяй. Трохмесячныя гастролі Анны Янтар ахоплівалі Маскву, Ленінград, Яраслаўль, Растоў-на-Доне, Грозны, Тбілісі, Архангельск, Сочы, Баку, Адэсу... Савецкі друк публікаваў захопленыя артыкулы пра польскую спявачку. Анну Янтар часта параўноўвалі з яе цёзкай, суседкай і сяброўкай Аннай Герман, якая тады ўжо была вельмі папулярная ў Саюзе.

У абедзвюх былі выдатныя галасы і, самае галоўнае, абедзве спявалі для простых людзей прыгожыя і мілагучныя песні. Дарэчы, абедзве Анны былі сяброўкамі: старэйшая і з большым досведам Анна Герман захаплялася талентам Янтар. Яна запісала песню Żeby szczęśliwym być («Каб шчаслівым быць») з рэпертуару Анны Янтар на рускай мове. З сімпатыі да малодшай сяброўкі Герман часта выконвала гэты гіт на сваіх канцэртах у СССР. Дзякуючы ёй песня стала міжнародным шлягерам.

Жыццё Анны Янтар абарвалася раптоўна. 27 снежня 1979 года артыстка накіравалася ў трэці раз у турнэ па Злучаных Штатах Амерыкі. У студзені і лютым яна выступала для амерыканскіх палякаў у розных гарадах краіны. Дадому Анна Янтар вярталася самалётам Іл-62М польскай авіякампаніі LOT рэйсам з Нью-Ёрка. На борце самалёта знаходзілася 77 пасажыраў і 10 членаў экіпажа. Машына ўпала 14 сакавіка 1980 года а 11:15 пры заходзе на пасадку ў некалькіх кіламетрах ад варшаўскага аэрапорта. Загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце.

За хвіліну да пасадкі, зніжаючы самалёт, экіпаж паведаміў дыспетчару пра тое, што не запалілася лямпачка, якая сігналізуе пра выпушчанае шасі. Такога тыпу непаладкі даволі часта здараліся ў Іл-62. Капітан атрымаў загад перарваць пасадку і здзейсніць круг над аэрапортам, каб дыспетчар праз бінокль мог убачыць, ці шасі выйшла, ці не. Калі чатыры маторы лайнера пачалі набіраць абароты для пад’ёма, адбыўся выбух у рухавіку нумар два, у выніку чаго абломкі пашкодзілі рухавік нумар адзін, гідраўлічныя трубкі сістэмы кіравання і прабілі фюзеляж. Самалёт аказаўся некіруемы і як камень пачаў падаць. Пазней у выніку следства аказалася, што прычынай выбуху была канструкцыйная хіба турбіны, якая прывяла да стомленасці матэрыялу і ў выніку выбуху рухавіка.

У красавіку 1980 года, літаральна праз месяц пасля смерці зоркі польскай эстрады, на хвалях Польскага радыё прагучала перадача ў памяць аб Анне Янтар. Сучаснікі згадвалі, што яна ніколі не лічыла сябе зоркай і не паводзілася як зорка – яна заўсёды па-сяброўску адносілася да ўсіх людзей. А пасля кожнага канцэрта ў грымёрку Анны Янтар прыходзілі натоўпы людзей, якія прыносілі кветкі, слодычы, прасілі ў яе аўтографы альбо падпісаць пласцінку. Анна нікому не адмаўляла і ўсіх прымала. Здаралася, што пасля выступлення заставалася ў грымёрцы працяглы час, каб прыняць усіх сваіх прыхільнікаў.

Агулам Анна Янтар выдала дзясяткі альбомаў і сінглаў, дала сотні канцэртаў, стала лаўрэаткай многіх польскіх і міжнародных конкурсаў.

Дарэчы, яе дачка Наталля Кукульска, якая нарадзілася ў 1976 годзе, таксама стала вядомай спявачкай. Сімвалічна, што яна разам з маці выканала яе вядомую песню «Tyle słońca w całym mieście» – зразумела, голас Анны Янтар прагучаў з запісу і быў зведзены ў студыі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу