Беларуская Служба

Польская мова без межаў: Кашмар бацькоў эмігрантаў, як выхоўваць дзіцё ў шматмоўным асяроддзі?

27.09.2020 08:41
«Не трэба баяцца сітуацыі, калі бацькі гавораць на розных мовах, бо дзіця ад гэтага нічога не губляе, а толькі набывае». 
Аўдыё
  • Госця праграмы «Польская мова без межаў» Агнешка Яжыньска-Буцько – лагапед з Інстытуту фізіялогіі і паталогіі слыху Сусветнага цэнтру слыху ў Каятанах.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Evgeny Atamanenko

У сённяшнім выпуску праграмы «Польская мова без межаў», прысвечанай усім тым хто любіць польскую мову і культуру, пагаворым пра цікавы феномен, які клапоціць асабліва бацькоў у змешаных сем'ях або ў семʼях эмігрантаў.

Гэта зʼява мае больш агульныя рысы і назіраецца ва ўсіх моўных і культурных асяроддзях. Як вы ўжо напэўна здагадаліся, гаворка пойдзе пра шматмоўе дзяцей, якія сталеюць у неаднародным моўным атачэнні.

Госця праграмы «Польская мова без межаў» Агнешка Яжыньска-Буцько – лагапед з Інстытуту фізіялогіі і паталогіі слыху Сусветнага цэнтру слыху ў Каятанах, што пад Варшавай распавядае, калі дзіця пачынае адрозніваць мову на якой да яго звяртаецца тата, ці матуля:

-Пачаткова розніцу дзіцё пачынае заўважаць напрыканцы першага паўгоддзя свайго жыцця. Шасцімесячнае дзіця ўжо можа ўлоўліваць мелодыі моваў і адрозніваць перадусім зычныя ў асобных мовах. Першым чынам дзіця пачынае адрозніваць і засвойваць націск, акцэнт, а ў кожнай мове дамінуюць свае націскі і немаўля гэта ўлоўлівае.

Лагапед Агнешка Яжыньска-Буцько нагадвае, што ў першы год жыцця, перш чым дзіця пачне казаць, яно набывае розныя моўныя навыкі, якія залежаць ад таго, як мы з ім размаўляем:

-Мазгі ў дзяцей, незалежна ад мовы і культуры, працуюць аднолькава. Таму для развіцця моўных навыкаў трэба з дзіцем правільна мець зносіны, клапаціцца аб развіцці яго маторыкі, наладзіць мімічны, вербальны і зрокавы кантакт з малым. Правільнае стымуляванне безумоўна паўплывае на іх карысна. У той жа час усё, што будзе перашкаджаць гэтаму развіццю прынясе шкоду.

Гаворка ідзе пра доступ да электронных гаджэтаў – планшэтаў, тэлефонаў, кампутараў, а таксама да тэлебачанне. Ужыванне пералічаных тэхналогіяў у раннім узросце будзе адмоўна ўплываць на развіццё дзіця. Бо гаджэты выклікаюць сапраўдную аблогу мазгоў дзіцяці рознымі эмацыйнымі ўзбуджальнікамі. Трэба таксама звяртаць увагу на тое, з чым гуляе дзіця, ці не занадта шмат у яго цацак, і галоўнае, каб не было яркіх, мігаючых ляляк, якія адмоўна ўплываюць на ўразлівую нервовую сістэму малога.

Асновай развіцця мовы дзіцяці зʼяўляецца дыялог. Матуля ці тата, усміхаючыся малому, размаўляючы з ім, усталёўваючы зрокавы кантакт, атрымліваюць ад яго зваротную рэакцыю – усмешку, воклічы, часам енк ці слёзы. Гэта і ёсць пачатак дыялогу, гэта і ёсць зараджэння моўных навыкаў дзіцяці.

Агнешка Яжыньска-Буцько звяртае ўвагу на тое, што электронныя гаджэты не маюць прыродных зносінаў з намі, яны не фармуюць эфект узаемнасці. Таму калі малы расце ў польскамоўнай сямʼі, але па тэлевізары ідзе мультфільм на англійскай, то ён па тым, што ідзе з блакітнага экрана, іншай мовы не вывучыць.

У выпадку калі ў сямʼі гавораць на розных мовах, трэба гэтыя адносіны ўпардачыць –раіць навуковец:

-Калі мама гаворыць па-польску, а тата, да прыкладу, па-французску і горш мамы гаворыць па-польску, то лепш, калі кожны з бацькоў будзе гаварыць на сваёй мове. Я заўжды заахвочваю бацькоў так рабіць.

Па-першае, гэта дае магчымасць дзіцяці засвоіць родную мову сваіх бацькоў у правільнай форме. А па-другое, мова адлюстроўвае эмоцыі. І калі мы дрэнна валодаем якой-небудзь мовай, то не ў стане выказаць на ёй свае эмоцыі. А эмацыйны кантакт вельмі важны для дзіцяці. Таму не трэба баяцца сітуацыі, калі бацькі гавораць на розных мовах, бо дзіця ад гэтага нічога не губляе, а толькі набывае. Аднак упарадкаванне зносін зʼяўляецца той асновай, на якой дзіця будзе развіваць свае моўныя навыкі. Таксама мае значэнне час, які праводзіцца з дзіцем у зносінах на той ці іншай мове. Часам бацькі непакояцца з – за таго, што хтосьці з іх менш часу праводзіць з дзіцем. І гэта сапраўды вельмі важна.

Агнешка Яжыньска-Буцько распавядае, што да яе часта звяртаюцца палякі, якія жылі са сваімі дзецьмі за мяжой і часцей размаўлялі з імі на іншай мове, чым польская. Аднак пасля вяртання на радзіму ў дзяцей узнікалі праблемы з польскай мовай і, у сувязі з гэтым, з адносінамі як у сямʼі, так і з аднагодкамі. Таму лагапед раіць:

-Заўсёды важна, каб дзіцё авалодала спачатку адной мовай, а потым можна ўводзіць у зносіны іншыя мовы. Але гэта не тычыцца сітуацыяў, калі бацькі зʼяўляюцца білінгвамі. Памятайма, што паводле даследаванняў, каб апанаваць натуральным чынам мову дасканала, трэба праводзіць у дадзеным моўным атачэнні 33% нашага часу. Матэматыкі мы не ашукаем.

Лінгівтсычнымі парадамі пра тое, як варта выхоўваць малых дзяцей у неаднародным моўным асяроддзі з намі дзялілася Агнешка лагапед з Інстытуту фізіялогіі і паталогіі слыху Яжыньска-Буцько.

Цыкл перадач «Польская мова без межаў» паўстаў пры фінансавай падтрымкі канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы ў рамках апекі над палякамі замежжа.

Слухайце ащдыё!

Перадачу падрыхтаващ Эдуард Жолуд.


Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў