Беларуская Служба

Эдвард Гулевіч звяртаецца да маці ў сентыментальнай песні

08.10.2020 09:00
Арыгінальная кампазіцыя "Ліст да маці" была запісана на расійскай мове.
Аўдыё
Edward Hulewicz
Edward HulewiczWojciech Kusiński/Polskie Radio

Сёння ў нашай перадачы будзе сентыментальны настрой. Можа, асенняе надвор’е спрыяе такому настрою, можа падзеі, якія адбываюцца на свеце ды ў нашых краінах пражывання, можа нешта іншае, але часам хочацца паслухаць такія чуллівыя песні, як кампазіцыя ў выкананні Эдварда Гулевіча (Edward Hulewicz).

Кароткая вытрымка з біяграфіі музыканта. Эдвард Гулевіч нарадзіўся ў лістападзе тысяча дзевяцьсот трыццаць сёмага года ў Бярэзьне на Валыні. Гэты горад, які тады ўваходзіў у склад Польшчы, а цяпер знаходзіцца ў межах Украіны, стаў сумна вядомым пасля масавых забойстваў палякаў украінскімі нацыяналістамі ў ‘43 годзе. Сям’і Гулевіча ўдалося ўцячы і перабрацца жыць у Польшчу. Сярэднюю адукацыю Эдвард атрымаў у Квідзыне на поўначы Польшчы, яшчэ падчас вучобы заснаваў рок-гурт, вучыўся ў вышэйшай педагагічнай школе ў Гданьску, спяваў у студэнцкіх клубах, на працягу года выступаў з канцэртамі ў Чэхаславакіі.

У Гулевіча багатая сцэнічная спадчына, ён заснаваў рок-гурт Тарпаны, пазней калектыў распаўся, а музыкант вырашыў працягваць выступаць на эстрадзе самастойна. Як многія іншыя здольныя палякі, ён іміграваў у ЗША ў сярэдзіне 80-ых гадоў, а пазней, у 80-ых ды 90-ых, рэгулярна вяртаўся на Айчыну, каб запісваць кружэлкі, адна з якіх заваявала статус плацінавай за вялікую колькасць прададзеных асобнікаў.

У 90-ыя гады на кароткі час пачаў цікавіцца забаўляльнай, дыскатэчнай музыкай, якую ў Польшчы называюць disсo polo. Падарожнічаў з турнэ амаль па ўсіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку пяць разоў па Расіі, а таксама па Злучаных Штатах Амерыкі ды Канадзе. У 2005 годзе вярнуўся на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу.
Эдвард Гулевіч – лаўрэат розных конкурсаў, таксама ён, між іншым, кавалер Ордэну адраджэння Польшчы, медаля імя Фрэдэрыка Шапэна, медаля за заслугі перад культурай. У свабодным ад канцэртаў часе малюе, піша вершы і апякуецца сіротамі ў дзіцячых дамах. Дзеля гэтага нават атрымаў неабходную адукацыю для выхавацеляў дзіцячых дамоў.
А ў нашым эфіры кампазіцыя Эдварда Гулевіча “Ліст да маці” (Edward HulewiczList do matki”)
Напісаў тэкст Уладзімеж Патушыньскі, аўтар музыкі – Васіль Ліпатаў, арыгінальны назоў кампазіцыі “Письмо к матери”.

Żyjesz tak, jak wiele matek żyje
Zapomniana w zmierzchu swego dnia
Serce twe codziennie mocniej bije
Przez ten wieczny twój matczyny strach
Piszą mi, że tęsknisz w samotności
I o zmierzchu wypatrujesz mnie
Wiem, jak bardzo brak ci słów miłości
Które każda matka słyszeć chce
Lecz twój syn dziś takich słów nie umie
Choć uczyłaś kochać dzień po dniu
Nie pamięta, trudno mu zrozumieć
Że czyjś głos kołysał go do snu
Jak przez mgłę dziś widzę twoją postać
Wybacz mi, to przecież tyle lat
Jakże bardzo chciałaś, bym pozostał
Ale mnie nieznany wzywał świat
Nie mógłbym pozostać tak daleki
Byś tęsknotą nie dosięgła mnie
Zanim przyjdzie zamknąć ci powieki
Ciebie, matko, jeszcze ujrzeć chcę
Powitają mnie twe dobre ręce
Powitają twoje drogie łzy
Spytasz mnie: "Jak było ci tam w świecie?"
Ja odpowiem: "Dobry świat to ty"

Ты жывеш, як жывуць многія маці – забытая на змярканні свайго дня. Сэрца тваё штодзённа мацней б’ецца з-за гэтага твайго вечнага мацярынскага страху. Мне пішуць, што ты сумуеш у адзіноце, і на прыцемку шукаеш мяне зрокам. Я ведаю, як вельмі не хапае табе слоў любові, якія кожная маці хоча чуць.

Аднак твой сын сёння такіх слоў не ўмее, хаця ты вучыла любіць кожны дзень. Не памятае, цяжка гэта зразумець, што чыйсьці голас калыхаў яго да сну. Як праз туман я бачу сёння тваю постаць. Прабач мне, гэта ж столькі гадоў. Як жа ты моцна хацела, каб я застаўся, але мяне невядомы клікаў свет.

Я б не мог стаць такі далёкі, каб ты тугой не дасягнула мяне. Перад тым, як прыйдзецца заплюшчыць табе вочы, я хачу яшчэ ўбачыць цябе, маці. Прывітаюць мяне твае добрыя рукі, прывітаюць твае дарагія слёзы. Ты спытаеш “Як было там, на свеце?”. Я адкажу: “Добры свет – гэта ты”.

Serce mocniej bije – сэрца мацней б’ецца. Сэрца на польскай мове, таксама, дарэчы, як і на беларускай, гэта той орган, які атаясамліваецца з эмоцыямі, што перажывае чалавек. Хаця гэта не зусім праўда, эмоцыі мы перажываем перш за ўсё ў галаве, але сэрца пачынае стукаць, калі хвалюемся або перажываем, таму і такая асацыяцыя. Па-польску можна сказаць таксама “serce mocno wali” – гэта значыць, моцна б’ецца, нясецца галопам.

Wypatrujesz mnie – ты шукаеш мяне зрокам. Wypatrywać – гэта ўглядацца ў нешта, доўга глядзець кудысьці, шукаючы нечага.

Jak bardzo brak ci słów miłości – як вельмі не хапае табе слоў любові. Нагадваю, бо я ўжо казала ў гэтых рубрыках, што на польскай мове ёсць словы, якія называюць кожны від любві – як любоў платанічную, так і фізічную – гэта miłość (назоўнік) і kochać (дзеяслоў). Miłość можа быць кожнага роду – да маці, да айчыны, да дзіцяці, мужа, жонкі, жывёлы, прыроды і г.д. І таксама можна гэта ўсё kochać. На беларускай мове ёсць адрозненне паміж любоўю да маці, айчыны і каханнем у адносінах да асобы супрацьлеглага полу (або таго ж полу ў выпадку гомасексуальных людзей).

Zamknąć ci powieki – заплюшчыць табе вочы, іншымі словамі – дазволіць табе адысці ў іншы, лепшы свет, памерці.

 нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы