Беларуская Служба

Ноч расстраляных паэтаў прайшла і ў Варшаве

30.10.2020 16:25
Аўдыё
  • Ноч расстраляных паэтаў у Варшаве прыцягнула ўвагу не толькі да загінулых у 37 годзе, але і да сённяшніх палітвязняў.
Логатып акцыікрыніца: фейсбук ночы расстраляных паэтаў

Увечары 29 кастрычніка беларусы Варшавы сустрэліся, каб ушанаваць памяць загінулых падчас сталінскіх рэпрэсій у савецкай Беларусі. Акцыя “Ночы расстраляных паэтаў” прайшла ў сімвалічным месцы, ля помніка сасланых у глыб СССР у гады другой сусветнай вайны. Гэтым фактам арганізатары хацелі паказаць супольную трагедыю іх радзімы і краіны, у якой яны зараз жывуць. Лёсы Польшчы і Беларусі, асабліва ў гады сталінскага тэрору, вельмі цесна звязаныя. Акцыя распачалася з чытання прозвішчаў усіх, хто быў расстраляны ўночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 у «амерыканцы» - турме тагачаснага НКВД, сёння гэта КДБ Рэспублікі Беларусь.

Сімвалічным момантам сустрэчы было чытанне прозвішчаў палітвязняў, якія сёння знаходзяцца ў той самай вязніцы, што беларуская інтэлігенцыя ў 1937 годзе.

Пасля часткі, звязанай з успамінамі, прыйшоў час і на чытанне вершаў расстраляных паэтаў. З’явіліся таксама і сучасныя беларускія паэты, якія чыталі свае вершы, прысвечаныя цяперашняй сітуацыі ў Беларусі.

Ушанаваць памяць знішчанай савецкай уладай беларускай інтэлігенцыі прыйшло каля 30 чалавек. Акцыя ў памяць Ночы расстраляных паэтаў у Варшаве прайшла н ягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю. Людзі прыйшлі ўшанаваць памяць герояў Беларусі. Яны чыталі вершы загінулых, а таксама паставілі лампады, якія сфармавалі бел-чырвона-белы сцяг ля помніка. Акцыя “Ночы расстраляных паэтаў” традыцыйна праходзіла паралельна і ў Курапатах.

Слухайце аўдыёфайл

Альберт Ежы Вяжбіцкі