Беларуская Служба

Беларускія студэнты прымуць удзел у «Школе лідараў за дэмакратыю»

23.11.2020 13:47
Чарговая праграма дапамогі беларускім студэнтам пачала дзейнічаць у Жэшаве (Rzeszów) – горадзе на паўднёвым усходзе Польшчы. Адна з мясцовых ВНУ прыняла 13 беларускіх студэнтаў і будзе ім дапамагаць развіваць свае здольнасці.
Аўдыё
  • Распачалася чарговая праграма падтрымкі беларускіх студэнтаў
    -
Школа лідараў за дэмакратыю - адмысловая праграма для беларускіх студэнтаўWyższa Szkoła Informatyki i Zarządzania w Rzeszowie

Універсітэт інфарматыкі і менеджменту ў Жэшаве абвесціла аб заканчэнні конкурсу на стыпендыю ў рамках праграмы «Школа лідараў за дэмакратыю». Гэта адмысловая праграма, якая была створаная ў сувязі з падзеямі ў Беларусі, з мэтай дапамагчы ў развіцці беларусам, якія сустракаюцца з цяжкасцямі на радзіме і хочуць здабываць якасную і сучасную адукацыю. Студэнты ў рамках стыпендыі змогуць вучыцца на такіх напрамках і факультэтах, як: менеджмент, інфарматыка, лагістыка, камп’ютарная графіка, прадукцыя СМІ і касметалогія. Усе заняткі будуць весціся на польскай мове, а некаторыя таксама па-англійску. У рамках праграмы маладыя студэнты не мусяць клапаціцца пра плату за навучанне, бо яе поўнасцю аплочвае стыпендыя.

«Школа лідараў за дэмакратыю» прапануе ўнікальныя магчымасці для развіцця і адукацыі будучых лідараў дэмакратычных змен падчас спробы адказаць на важныя пытанні і стварыць план дзеянняў для пабудовы дэмакратычнага грамадства. Праблемы, якія будуць закранацца ў рамках стыпендыі, гэта: як мірна пабудаваць эфектыўнае дэмакратычнае грамадства; як развіць грамадзянскую супольнасць; як грамадства сёння можа абараняць свае свабоды; якія самыя вялікія праблемы сёння; як супрацьстаяць працэсам, якія пагражаюць свабодзе і дэмакратыі?

“Я хачу займацца самаразвіццём і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі з усяго свету”, – кажа адна з лаўрэатак праграмы Елізавета Дзянішчык:

-Я буду добра памятаць той дзень, калі я атрымала стыпендыю ва Ўніверсітэце Школе інфармацыйных тэхналогій і менеджменту ў Жэшаве. Я марыла аб тым цэлых два года, каб паступіць на такую праграму. Чаму менеджмент? З дзяцінства мне падабаецца камунікавацца з людзьмі і працаваць у камандзе, таму я думаю, што пасля заканчэння школы стану добрым менеджарам. Праграма SoL for Democracy – гэта добрая магчымасць для мяне даведацца больш пра дэмакратычнае грамадства. Я вельмі радая, што змагу прыняць удзел у гэтай праграме. Для мяне гэта вялікі гонар. Якія чаканні і жаданні ад вучобы і праграмы? – Перш за ўсё, гэта магчымасць для асабістага развіцця і магчымасць сустрэцца з людзьмі з усяго свету. Таксама ва Ўніверсітэце працуюць выдатныя выкладчыкі, якія ахвотна дзеляцца сваімі ведамі і дапамагаюць нам стаць добрымі спецыялістамі. Дзякуючы вучобе ва Ўніверсітэце інфармацыйных тэхналогій і менеджменту я магу быць упэўнена, што ў будучыні ў мяне будуць бязмежныя магчымасці і паспяховая кар'ера.

Праграма «Школа лідараў за дэмакратыю» была запушчана Універсітэтам інфаратыкі і менеджменту ў навучальным годзе 2020/21 як выраз салідарнасці з беларускім грамадствам, якое зараз перажывае няпросты час. У беларускіх стыпендыятаў будзе магчымасць, напрыклад, удзельнічаць у тэматычных семінарах і сустрэчах з прадстаўнікамі бізнесу і прадстаўнікамі фірмаў міжнароднай значнасці. Удзельнікамі праграмы таксама будуць займацца рэпетытары, і будуць праводзіць з імі індывідуальныя заняткі, накіраваныя на паляпшэнне здольнасцей і ведаў. Студэнты з Беларусі таксама могуць разлічваць на дапамогу сваіх старэйшых калег, цяперашніх студэнтаў універсітэта. Сярод іх студэнтка кампʼютарнай графікі і мультымедыйнай вытворчасці Віталіна Языкава:

-У мяне ёсць магчымасць стаць так званай старэйшай сястрой для некаторых студэнтаў, якія пачынаюць новы этап жыцця – навучанне ва ўніверсітэце ў іншай краіне. Ужо ў суботу адбудзецца першая Інтэрнэт-сустрэча са студэнтамі з Беларусі, якія атрымалі стыпендыю ў рамках «Школы лідараў за дэмакратыю». Я хацела б сказаць, што я вельмі радая, што ёсць такая магчымасць і такая праграма. Я сама беларуска і разумею, якая гэта цудоўная магчымасць і наколькі яна важная для беларусаў, якія вырашылі вучыцца ў Польшчы. Я з нецярпеннем чакаю суботы, каб павіншаваць студэнтаў з Беларусі і пажадаць ім цікавага студэнцкага жыцця.

Універсітэт інфаратыкі і менеджменту ў Жэшаве – адна з найбольш паспяховых польскіх прыватных ВНУ. Яна існуе ўжо 25 гадоў і вядзе актыўную працу ў галіне новых навук, звязаных з лічбавымі тэхналогіямі. У школе можна здабыць дыплом бакалаўра, магістра, а таксама рабіць дысертацыю. Студэнты, якія атрымалі магчымасць вучыцца ў рамках праграмы «Школа лідараў за дэмакратыю», будуць мець да чынення з прафесіяналамі ў галінах інфармацыйных, медычных і прыродных тэхналогій. Праграма, якую падрыхтавала вучэльня ў сталіцы падкарпацкага ваяводства – гэта толькі адна з многіх прапановаў, якія ў гэтым годзе стварылі польскія ВНУ для беларускіх студэнтаў. Салідарнасць студэнцкай і навуковай супольнасці заўважаецца ва ўсіх буйных гарадах Польшчы, як і ў іншых краінах Еўразвязу, якія з ахвотай прымаюць і дапамагаюць студэнтам, рэпрэсаваным за сваю грамадзянскую пазіцыю ў Беларусі.

аев