Беларуская Служба

У Польшчы адзначаюць Нацыянальны дзень памяці Выклятых жаўнераў

01.03.2021 13:36
Польскія гісторыкі ды палітыкі кажуць пра тое, што гэта ўшанаванне памяці ды даніна забытым доўгія гады жаўнерам, якія аддалі жыццё за вызваленне Польшчы.
Аўдыё
  • У Польшчы ўшаноўваюць памяць змагароў з камуністычным рэжымам
Здымак мае ілюстрацыйны характар PAP/Leszek Szymański

10 год таму польскія ўлады прынялі закон, які вызначыў, што 1 сакавіка будзе Нацыянальным днём памяці Выклятых жаўнераў. Гэта быў вынікі ініцыятывы прэзідэнта Леха Качыньскага, а таксама шырокіх грамадскіх працэсаў, а менавіта адраджэнне пацяці пра антыкамуністычнае падполле, змаганне за свабоду з камуністычнай уладай у 1940-50 гады. Таксама гэта вялікая заслуга тагачаснага Старшыні Інстытута нацыянальнай памяці Януша Куртыкі, распавёў прэзідэнцкі міністр Войцех Калярскі.

- Гэта свята, якое ўшаноўвае ўсіх, хто змагаўся за свабоду ў безнадзейныя часы, адразу пасля Другой сусветнай вайны, калі ў Польшчы быў усталяваны камуністычны рэжым. Гэта таксама дзень справядлівасці, напамін пра сотні тысяч людзей, якія прайшлі праз турмы, якія хаваліся ў лясах, былі ўцягнутыя ў законны антыкамуністычны супраціў. Сёння мы ўшаноўваем памяць тых людзей. Сённяшні дзень - гэта для нас разуменне пасля дзесяці гадоў, што 1 сакавіка стала нацыянальным святам, што нязломныя Выклятыя жаўнеры, усе ўдзельнікі Другога падполля, стаяць у шэрагу з легіянерамі Юзэфа Пілсудскага, салдатамі Арміі Краёвай, і актывістамі дэмакратычнай апазіцыі.

Законнасць таго супраціву звязаная з тым, што Выклятыя жаўнеры падпарадкоўваліся легальнаму часоваму ўраду, які знаходзіўся ў выгнанні ў Лондане. Паўстанне супраць камуністаў пачалося спантанна, гэта было рашэнне польскага народу, кажа гісторык Мацей Расаляк.

- Выклятыя жаўнеры засталіся вернымі салдацкай прысязе. Яны былі жаўнерамі, вернымі ўраду, яны абаранялі Польшчу, баранілі людзей, але і сябе. Тое, што савецкія ўлады рабілі на гэтых тэрыторыях, проста было заменай аднаго акупантам іншым. Турмы былі запоўненыя салдатамі Арміі Краёвай, пасля вызвалення, напрыклад, у Кракаве, НКУС расшукаў усіх, хто ўдзельнічаў у баях Арміі Краёвай падчас Варшаўскага паўстання. Яны таксама абаранялі сваё жыццё, рэчы і блізкіх. Гэта была абарона.

Доўгі час у Польшчы тэмы Выклятых жаўнераў замоўчвалася. Адраджацца яна пачала пасля распаду Савецкага Саюза. Распавядае дырэктар Музею Выклятых жаўнераў ды палітычных вязняў ПНР Яцэк Паўловіч.

- Гісторыя Выклятых жаўнераў надзвычай цікавая, але і трагічная. Даследаванні іх лёсу пачаліся ў канцы 1980-х. Раней гэтай тэмай ніхто не займаўся.

Усталяванне Нацыянальнага дня памяці Выклятых жаўнераў – гэта дасягненне польскага грамадства, перакананы сын ініцыятара дадзенага рашэння Павал Куртыка.

- Мы дасягнулі вялікіх поспехаў як грамадства, як нацыя, вярнуўшы ў калектыўную памяць вельмі важную групу людзей, для якіх Польшча была не пустым словам. Шмат людзей паспрыялі гэтаму поспеху.

Нацыянальны дзень памяці Выклятых жаўнераў адзначаецца 1 сакавіка з 2011 года. Гэтая дата была абрана ў памяць пра падзеі 1 сакавіка 1951 г. у турме ў варшаўскім мікрараёне Макотаў. У тоей дзень на загад камуністычных улад былі забітыя стрэлам у патыліцу камандзіры 4-й управы групы "Свабода і незалежнасць" - Лукаш Цяпліньскі і ды яго таварышы. Яны сфармавалі апошняе кіраўніцтва апошняга агульнадзяржаўнага падполля, якое працягвала дзейнасць Арміі Краёвай з 1945 года.

Юры Ліхтаровіч