Беларуская Служба

Беларусы ў Кіеве рыхтуюць спектакль паводле рамана Сашы Філіпенкі «Былы Сын»

12.05.2021 11:46
Патрэбная падтрымка беларускай дыяспары, каб гэты спектакль паказаць ва ўсіх краінах-суседках Беларусі і ўсім краінам беларускай эміграцыі.
Аўдыё
  • Вядомыя беларусы ў Кіеве ставяць спектакль паводле рамана беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі
Ілюстрацыйны здымакPixabay.com/Clker-Free-Vector-Images/CC0 Creative Commons

Вядомыя беларусы ў Кіеве ставяць спектакль паводле рамана беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі «Быўшы Сын». У ім гісторыя сям'і, якая жыве ва ўмовах дыктатуры Лукашэнкі, – кажа прадзюсар гэтага праекта Ігар Краснапольскі.

- Усе падзеі ў сямʼі адбываюцца на фоне падзеяў у краіне. Гісторыя пачынаецца з Нямігі, калі загінулі 50 чалавек. Адзін з нашых герояў пападае ў кому і вакол яго праходзіць трансфармацыя, змяненні ў псіхалогіі мамы, бабулі, яго каханай.

Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што ўсе аўтары і акцёры – выхадцы з Беларусі, вымушаныя жыць за мяжой: Саша Філіпенка (аўтар), Уладзімір Ушакоў (рэжысёр і мастацкі кіраўнік забароненага ў Беларусі СХТ), Таццяна Мартынава (блогер «Хопіць Баяцца»), Анастасія Шпакоўская (актрыса тэатра імя Максіма Горкага, вакалістка гурта «Naka»), Сяргей Кузін (радыёвядучы, музыкант, шоўмэн, вядучы, былы генеральны прадзюсар «Альфа радыё» ў Мінску, цяпер «Радыё Рокс»), Яўген Казакевіч (акцёр, радыёвядучы), Аляксей Яравенка (акцёр), Павел Гарадніцкі (акцёр і рэжысёр «Беларускага Свабоднага тэатра», удзельнік групы «Разбiтае сэрца пацана»), і іншыя, чые імёны пакуль не выдаюцца.

«Патрэбная падтрымка беларускай дыяспары, каб гэты спектакль паказаць ва ўсіх краінах-суседках Беларусі і ўсім краінам беларускай эміграцыі», – падкрэслівае Краснапольскі.

- Дыяспара можа звязацца са мной або купіць білеты. Мы прапануем дыяспары купіць гэтак званы падвешаны білет, то бок, яны купляюць білет для кагосьці. І гэты білет мы зможам перадаць або бежанцам, якія аказаліся ва Украіне, або людзям, ад якіх залежыць лёс гэтых уцекачоў. Мы хацелі б запрасіць чыноўнікаў, ад якіх залежыць будучыня бежанцаў.

Прэмʼерныя паказы ў Кіеве плануюцца 19 і 20 мая. Кошт квіткоў 10-30 €.

Кожны, хто аплаціў білет атрымае персанальную падзяку, з подпісамі ўсіх удзельнікаў праекта, абяцаў Ігар Краснапольскі.

яс