Беларуская Служба

70 гадоў таму нарадзілася легенда польскага року – Кора

12.06.2021 15:43
Кора ўвайшла ў гісторыю Польшчы, як адна з важнейшых постацяў айчыннай музычнай сцэны XX стагоддзя. 
Аўдыё
Mural upamiętniający Korę na Bielanach
Mural upamiętniający Korę na Bielanach Foto: Forum / Andrzej Hulimka

70 гадоў таму, 8 чэрвеня 1951 года, нарадзілася Кора, сапраўднае імя Ольга Сіповіч – ікона польскага року, на працягу многіх гадоў лідарка гурта Maanam, паэтка, аўтар арыгінальных тэкстаў песень і вершаў. Кора памерла 28 ліпеня 2018 года, пасля працяглай анкалагічнай хваробы. Ёй было 67 гадоў.

Больш 30 гадоў яна была звязана з легендарным гуртом Maanam, лідарам якога яна стала. Усяго яны запісалі 33 сінглы і 18 альбомаў.

Кора была выканаўцай з вельмі выразным, драпежным сцэнічным вобразам. У Корыбыў непаўторны голас, у якім чуліся і сіла, і лірызм – як у песні «Krakowski spleen»:

Кора адрознівалася яшчэ і тым, што спявала толькі на роднай мове. На хвалях Трэцяй праграмы Польскага радыё ў 2015 годзе Кора патлумачыла, чаму, насуперак модзе, яна спявае па-польску:

-У мяне вялікі культ польскай мовы. У 1980-ыя гады, калі мы гралі канцэрт у Нямеччыне, я не магла нават уявіць, што трэба запісваць песні па-ангельску. Навошта запісваць па-ангельску, калі ніхто не зразумее, што ты там спяваеш.

Выканаўца пісала тэксты рок-песень. Як Кора падкрэслівала ў шматлікіх інтэрв'ю, пісаць іх па-польску – няпростае мастацтва, але ёй удалося дабіцца ў гэтым поспеху:

-Некаторыя тэксты могуць функцыянаваць без музыкі. Але вялікае мастацтва заключаецца ў тым, каб напісаць рокавы тэкст, які суіснуе з музыкай. Калі робіш усё сам спачатку да канца памылак значна меней. Зусім інакш справа выглядае, калі хтосьці падсцёбвае рабіць хутчэй, калі надыходзіць час здаваць твор. Ціск перашкаджае, а жаданне ёсць незаўжды. Аднак цешуся прызнаннем вялікіх польскіх паэтаў.

Томаш Арганэк, кампазітар і аўтар песень, супрацоўнічаў з Корай падчас стварэння відэакліпа «Чорная Мадонна» квартэта «Арганэк». Музыка ўспамінаў Кору як эксцэнтрычную асобу, але адначасова цёплага і разумнага чалавека:

-Гэта быў выдатны чалавек. Не буду ўжываць мінулага часу, яна ёсць. Кора моцна трапіла не толькі ў памяць, у сэрца і эмоцыі. Яна была вельмі моцным архетыпам жанчына, адначасова яна кахала. Яна была вельмі разумнай. Мы шмат з ёй размаўлялі. Знутры яна была эксцэнтрычная, але пры набліжэнні да яе, яна аказвалася вельмі цёплым разумным чалавекам. Кора вельмі прыгожа пісала пра каханне і жыццё.

Муж Коры Каміль Сіповіч падчас апошняга развітання з жонкай на Вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве падкрэсліваў, што Кора да апошняга была ваяўнічым і поўным жыцця чалавекам:

-Для мяне яна была квінтэсенцыяй жыцця. Яна была чыстым жыццём. Апошнім часам яна рабіла ўсё, каб паказаць, што яна ёсць, малявала Мадонны, займалася садам, да самага канца была актыўная. Яна кахала жыццё, але не баялася смерці. Аднойчы яна мне сказала, я гатова.

Кора запісала з гуртом «Maanam» 33 сінглы і 18 альбомаў. Яе тэксты выдаваліся таксама як зборнікі вершаў.

У 2014 годзе была ўзнагароджана Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны сярэбраным медалём «Заслужаны дзеяч культуры – Глорыя Арціс», які прысуджаецца за асаблівыя дасягненні ў галіне мастацтва.

На варшаўскіх Белянах, дзе спявачка пражыла шмат гадоў, нядаўна быў створаны мурал з выявай Коры. Яна ўвайшла ў гісторыю Польшчы, як адна з важнейшых постацяў айчыннай музычнай сцэны XX стагоддзя. Калі б яна была жывая, 8 чэрвеня Коры споўнілася б 70 гадоў.

Слухайце аўдыё!

эж