Беларуская Служба

Юзэф Лейтэс - найбольш вядомы польскі рэжысёр даваеннага перыяду

19.06.2021 07:59
Юзэф Лейтэс стаяў таксама ля вытокаў ізраільскага кіно. 
Аўдыё
  • Юзэф Лейтэс - найбольш вядомы польскі рэжысёр даваеннага перыяду
Юзэф ЛейтэсNAC/Koncern Ilustrowany Kurier Codzienny - Archiwum Ilustracji

Сёння ў гістарычнай рубрыцы пазнаёмім вас з постаццю вядомага польскага даваеннага кінарэжысёра.  лічыцца адным з найбольш таленавітых прадстаўнікоў польскай кінаіндустрыі даваеннага часу.

Юзэф Лейтэс нарадзіўся ў лістападзе 1901 года ў сям’і асіміляваных яўрэяў, якія ў канцы 19-га стагоддзя пераехалі з Расіі на польскую тэрыторыю. З самага дзяцінства будучы рэжысёр захапляўся мастацтвам: хадзіў у музычную школу, цікавіўся выяўленчым мастацтвам, часта заходзіў у кінатэатры, якія ў тыя часы пачалі з’яўляцца.

У 1920 годзе, калі пачалася польска-бальшавіцкая вайна, добраахвотнікам пайшоў на фронт змагацца супраць чырвоных. Пасля ваенных дзеянняў вывучаў філасофію і хімію ў кракаўскім Ягелонскім універсітэце, але пастаянна думаў пра кіно. І тады пераехаў у Вену, дзе працаваў на здымачных пляцоўках з тагачаснымі вядомымі рэжысёрамі, у тым ліку з Міхаем Кертэцам Камінерам, які пазней пад псеўданімам Майкл Кёрціс зняў славуты фільм «Касабланка».

У канцы 1920-х гадоў вярнуўся ў Польшчу і пачаў працу ў айчынным кіно. Першы нямы фільм «Ураган» зняў у 1928 годзе. І хоць крытыкі ацэньваюць кінакарціну даволі пазітыўна, то фільм не карыстаўся папулярнасцю ў гледачоў.

Наступныя два фільмы Юзэфа Лейтэса не захаваліся да нашых дзён. Гэта «З дня на дзень», у якім расказваецца гісторыя з часоў Першай сусветнай вайны, і «Дзікія палі», у якім ідзе аповед пра ваенныя дзеянні ў 1918 годзе, калі Польшча адраджалася як незалежная краіна.

Дарэчы, «Дзікія палі» стаў першым гукавым фільмам Лейтэса.

Чарговая кінакарціна Лейтэса карысталася вялікім поспехам у гледачоў. У фільме «Пад тваёй аховай», у якім пераплятаюцца рэлігійныя і любоўныя тэмы, расказваецца гісторыя паралізаванага пілота. На жаль, Юзэф Лейтэс не стаў вядомым дзякуючы гэтай кінакарціне, таму што інвестары-прадзюсэры выкінулі з цітраў прозвішча рэжысёра, паколькі баяліся, што нацыяналістычныя колы негатыўна ўспрымуць факт, што рэлігійны фільм зняў яўрэй.
Прозвішча Юзэфа Лейтэса стала вядомае шырокай грамадскасці дзякуючы фільму «Малады лес» з 1934 года. У ім паказаныя падзеі рэвалюцыі ў Расіі ў 1905 годзе. Галоўныя героі фільма – юнакі-палякі, вучні гімназіі, якія выступаюць супраць русіфікацыі і царскаму прыгнёту. У фільме ролі выканалі тагачасныя зоркі польскай тэатральнай і кінасцэны – Міхал Зніч і Стэфан Ярач.

У 1936 годзе Лейтэс зняў фільм «Барбара Радзвіл». Спецыялісты лічаць, што гэта была найлепшая польская касцюміраваная драма даваеннага часу. Гэтая кінакарціна карысталася проста ашаламляльным поспехам, хоць фабула была нескладаная, а стваральнікі фільма націск зрабілі на любоўную гісторыю, а не на прэзентацыю гістарычных фактаў.

Кінакрытыкі ў адзін голас зазначаюць, што найлепшым фільмам Лейтэса стала кінакарціна «Дзяўчаты з Наваліпак». Наваліпкі – гэта старая варшаўская вуліца, якая знаходзіцца ў цэнтры горада. У кінастужцы апавядаецца гісторыя штодзённага жыцця на гэтай вуліцы, дзе жылі небагатыя гараджане. Лічыцца, што згаданая кінакарціна Лейтэса з’яўляецца адзіным даваенным польскім фільмам, прадстаўніком плыні гэтак званага грамадскага кіно.

Калі пачалася вайна, Юзэф Лейтэс служыў у Польскіх узброеных сілах на Захадзе ў здымачнай групе, дзе рабіў дакументальнае кіно пра ваенныя будні. Пасля вайны працаваў у Вялікабратаніі і Ізраілі. Калі ў 1948 годзе на карце свету з’явілася новая дзяржава Ізраіль, то фільм «Верны горад» Лейтэса стаў асновапачынальнікам кінематографа маладой краіны.

На пачатку 1950-х гадоў пераехаў у ЗША, дзе працягваў працаваць у кінаіндустрыі, аднак за акіянам яму не ўдалося дасягнуць поспеху.

Памёр Юзэф Лейтэс 27 мая 1983 года ў горадзе Санта-Моніка.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу