Беларуская Служба

Музыканткі напісалі песню, знаходзячыся ў розных кропках Еўропы

29.07.2021 14:49
Музычны калектыў Лор (Lor) складаецца з чатырох дзеўчын.
Аўдыё
Julia Skiba, Lor
Julia Skiba, LorMW, Agencja Forum

Калі польскія музыканткі, пра якіх я сёння распавяду, некалькі гадоў таму паявіліся на музычнай сцэне, яны былі яшчэ падлеткамі. Цяпер гэта ўжо дарослыя жанчыны, але так склалася, што яны жывуць цяпер у розных частках еўрапейскага кантыненту, што не перашкаджае ім разам пісаць і спяваць песні.

Гаворка ідзе пра музычны калектыў Лор (Lor), які складаецца з чатырох дзеўчын – гэта Юлія Скіба, Паўліна Сумэра, Ягода Кудліньска і Юлія Блахута. Яны самі пра сябе гавораць як пра групу, якая стварае і спявае музыку разнавіднасці фолк. Дарэчы, адсюль і ўзяўся назоў гурту – Лор ад другога складу выразу фальклор.

Яшчэ не так даўно цяжка было сабе ўявіць, каб музыку ці песні пісалі і спявалі выканаўцы, якія знаходзяцца ў розных кропках зямнога шару, асабліва калі гаворка ідзе пра спяваныя кампазіцыі, а не толькі музыку. Але, як паказаў апошні год, гэта не толькі магчыма, а нават стала дамінуючай формай працы музыкантаў, якія доўгі час былі прымушаныя працаваць у сваіх дамах, паколькі ў розных краінах былі ўведзеныя жорсткія санітарныя нормы, а нават забарона выходзіць без выразнай неабходнасці з хаты.

І менавіта ў такіх пандэмічных умовах быў створаны новы сінгл «Ніхто» гурту Лор, які я хачу вам сёння запрапанаваць. Адна з аўтараў песні Юлія Скіба вучыцца ў Вялікабрытаніі, а ранейшыя кампазіцыі калектыву ў асноўным былі на ангельскай мове. Цяпер жа дзеўчыны вырашылі запісаць песню па-польску. Дарэчы, Юлія кажа, што ў Вялікабрытаніі ў студэнтаў значна менш заняткаў, таму застаецца больш часу на ўласнае хобі, як хаця б напісанне песняў.

Pamiętam, jak myśleliśmy:

że świat nas nie dotyczyłby,

gdybyśmy tak na przekór im

pozakrywali oczy

 

już prawie cię nie widzę

spróbuj odgadnąć

kto jest kim

jesteśmy coraz bliżej

pozakrywajcie oczy

 

niech nikt się nie porusza

nikt mi nie przerywa

zacznę, gdy zapadnie zmrok

Nikogo już nie słucham,

nikt się nie odzywa,

radzę wam odwróćcie wzrok

 

Pamiętam, jak myśleliśmy:

że nikt nas nie zobaczyłby

gdybyśmy tak ostatkiem sił

pozakrywali oczy

 

udawaj że mnie nie ma

udawaj, że zniknęłam

 

Я памятаю, як мы думалі, што свет нас бы не датычыў, калі б мы наперакор ім пазасланялі вочы. Я ўжо амаль цябе не бачу, спрабуй здагадацца, хто ёсць хто. Мы ўсё бліжэй, пазасланяйце вочы.

Хай ніхто не рухаецца, ніхто мне не перарывае, я пачну, калі прыйдзе змярканне. Я нікога ўжо не слухаю, ніхто не гаворыць ні слова. Я вам раю – адвярніце зрок.

Памятаю, як мы думалі, што ніхто нас не ўбачыў бы, калі б мы з апошніх сілаў пазасланялі вочы. Я нікога ўжо не слухаю, ніхто нічога не гаворыць, раю вам – адвядзіце позірк. Рабі выгляд, што мяне няма, рабі выгляд, што я знікла.

 

Pozakrywali oczy – гэтае словазлучэнне гучыць як беларускае «пазакрывалі вочы», але блізасць моваў тут вядзе да зману, паколькі гучанне падобнае, а сэнс крыху адрозны. Па-польску zakryć oczy азначае засланіць вочы, напрыклад, рукамі, каб нічога не бачыць, а беларускае закрыць вочы (заплюшчыць вочы) – гэта па-польску zamknąć oczy.

Prawie cię nie widzę – я амаль цябе не бачу. Вось тут слова, якое гучыць зусім інакш, чым беларускі аналаг. Я маю на ўвазе часціцу «prawie», якая перакладаецца на беларускую мову выразам «амаль» і ніякім іншым.

Zapadnie zmrok – па-польску калі кажуць, што прыйшоў вечар, цёмны час сутак, то менавіта так называюць гэты працэс – zapada zmrok, гэта значыць – змяркаецца, надыходзіць вечар, ноч.

Udawaj, że mnie nie ma – дзеяслоў udawać зусім не звязаны з дзеяннем даваць нешта, гэта азначае, што хтосьці стараецца падмануць іншых – слухачоў ці гледачоў, робячы выгляд, што рэчаіснасць іншая, чым на самой справе.

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы