Беларуская Служба

Скала – горад на поўдні Польшчы з багатай сярэднявечнай гісторыяй (ФОТА)

22.10.2021 17:02
Скала – невялікі гістарычны горад на ўскраіне Ойцаўскага нацыянальнага парку.
Аўдыё
  • Скала – невялікі гістарычны горад на ўскраіне Ойцаўскага нацыянальнага парку.
СкалаAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў Скалу (Skała) – невялікі гарадок сярэднявечнага паходжання, размешчаны ў 20 кіламетрах ад Кракава, на ўскраіне Айцоўскага нацыянальнага парку. Горад на працягу стагоддзяў быў уласнасцю ордэна клярысак, а яго заснавальніца – Саламея была сястрой князя Баляслава Сарамлівага.

Скала – адзін з найстарэйшых гарадоў Малапольшчы. Паводле лацінскага правапісу яго называлі Scala або Magna Schala. Верагодна згаданая назва паходзіць ад камяністага пагорка над маляўнічай Далінай Прондніка (Dolina Prądnika).

На пачатку XІІІ стагоддзя Скала згадваецца, як град, за які жорсткія баі вялі Пясты – прадстаўнікі першай польскай княжацкай і каралеўскай дынастыі.

Скала - рынкавая плошча. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Скала - рынкавая плошча. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Скала афіцыйна атрымала гарадскія правы ў лістападзе 1267 года, дзякуючы клярысцы Саламеі, пазней абвешчанай багаслаўлёнай, якая перанесла кляштар клярысак з гарадка Завіхаст (Zawichwost) ля Сандамежа ў навакольную вёску Градзіска (Grodzisko) і паўплывала на багатага брата, які ахвяраваў ордэну шматлікія зямельныя ўчасткі і пабудовы.

Скала размяшчалася на важным гандлёвым шляху з Кракава ў Сілезію і далей у Вялікапольшчу і ад пачатку была важным гандлёва-эканамічным цэнтрам Кракаўскай ваяводства. З часам важную ролю ў горадзе пачалі адыгрываць рамеснікі, згрупаваныя ў гэтак званых цэхах. Цікава, што ў XVII стагоддзі самую значную ролю адыгрывалі шаўцы.

Скала - рынкавая плошча. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Скала - рынкавая плошча. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 1794 годзе, пасля бітвы за Рацлавіцы, лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць расійска-прускай акупацыі Тадэвуш Касцюшка загадаў заснаваць ля Скалы ваенны лагер. Пасля трэцяга падзелу Польшчы горад ненадоўга знаходзілася пад уладай Аўстрыі. З 1809 года ён належаў Варшаўскаму герцагству, а затым па рашэнні Венскага кангрэса з 1815 года быў уключаны ў склад, залежнага ад Расіі, Каралеўства Польскага.

XIX стагоддзе – гэта перыяд падзення велічы гораду. Аддзяленне Скалы ад Кракава дзяржаўнай мяжой прывяло да парушэння шматвяковых эканамічных і гандлёвых сувязей паміж двума гарадамі. Нягледзячы на рост колькасці жыхароў, горад практычна не развіваўся.

Помнік на Рынкавай плошчы. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Помнік на Рынкавай плошчы. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У часе паўстання 1863 года ваколіцы Скалы былі месцам дзейнасці і баёў паўстанцкіх атрадаў. Сімвалам гэтага часу з’яўляюцца мясцовыя могілкі. У 1953 годзе астанкі 23 паўстанцаў былі эксгумаваныя і перапахаваныя ў Пясковай Скале ў сімвалічнай магіле.

У выніку адміністрацыйнай рэформы ў Каралеўстве Польскім у 1870 годзе Скала страціла гарадскія правы і атрымала іх назад толькі ў 1987 годзе.

У 1939 годзе Скала была захоплена гітлераўскай арміяй, а потым у значнай ступені спалена. Нягледзячы на гэта падчас акупацыі горад быў цэнтрам руху супраціву, галоўным чынам Арміі Краёвай і Сялянскіх батальёнаў.

Нягледзячы на шматлікія пажары і ваенныя разбурэнні, горад захаваў сярэднявечную планіроўку, якая выразна паказвае на гарадскі характар мясціны.

Скала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Скала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Цэнтральным пунктам Скалы з’яўляецца буйная рынкавая плошча з каменнай статуяй св. Фларыяна з XIX стагоддзя.

Каля рынкавай плошчы, знаходзіцца касцёл святога Мікалая з з XVIII стагоддзя. Ён быў пабудаваны на месцы дзвюх старых, драўляных святыняў z XV i XVI стагоддзяў. У галоўным алтары святыні знаходзіцца цудоўны вобраз Маці Божай XVІІ стагоддзя па ўзоры карціны з базілікі Маці Божай Снежнай у Рыме.

Kасцёл святога Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Kасцёл святога Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Побач з касцёлам можна паглядзець драўляную званіцу, якая ляжыць на Шляху драўлянай архітэктуры Малапольшчы. У гарадку захаваліся таксама некалькі будынкаў з XIX стагоддзя.

Драўляная званіцa, якая ляжыць на Шляху драўлянай архітэктуры Малапольшчы. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Драўляная званіцa, якая ляжыць на Шляху драўлянай архітэктуры Малапольшчы. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 2012 годзе жыхары Скалы адзначалі 800-годдзе з дня нараджэння благаславёнай Саламеі і 745-годдзе заснавання гораду. З гэтай нагоды на Рынкавай плошчы быў усталяваны ўнікальны помнік, на якім прадстаўлены гістарычныя постаці, звязаныя з заснаваннем гораду.

Kасцёл святога Мікалая з XVIII стагоддзя. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Kасцёл святога Мікалая з XVIII стагоддзя. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Наведваючы Скалу таксама варта пабачыць навакольныя славутасці. Апроч Ойцаўскага нацыянальнага парка і замка Пяскова Скала, адной з іх з’яўляецца камера-домік бласлаўлёнай Саламеі ў Градзіску. У гэтай вёсцы знаходзіцца таксама «Баранёўка» – старая мясцовасць, дзе захаваліся гістарычны млын і вадзяная лесапільня.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу