Беларуская Служба

Рэжысёр прыватнага тэатру: У Беларусі квіток на спектакль за пяць рублёў – гэта ўжо дорага

25.10.2021 21:17
Палітычныя і эканамічныя ўмовы вымушаюць людзей з’язджаць з Беларусі і шукаць новае жыццё па-за межамі краіны.
Аўдыё
 ,   Teatr TuT
Кацярына Гавура, рэжысёрка праекта Teatr TuTВольга Хвоін. radyjo.net

Гэтай восенню выхадцы з Беларусі пачалі ствараць у Варшаве Teatr TuT. Гэта гісторыя рэжысёраў і актораў, якія з’ехалі з Беларусі з палітычных і эканамічных прычын. І па-за штодзённай працай, што дазваляе аплочваць базавыя патрэбы жыцця, спрабуюць вярнуць сабе творчую прафесію.

На гэтых выходных Teatr TuT зладзіў пастаноўку для дзяцей. Размаўляем з прадстаўнікамі гэтага камернага праекты пра прычыны, якія вымусілі іх пакінуць Беларусі.

Кацярына Гавура, рэжысёрка, у Беларусі мае прыватны камерцыйны тэатр «Залюстроўе». Яна кажа, што менавіта эканамічныя ўмовы не дазваляюць працаваць і развівацца.


У мяне ў Беларусі быў і пакуль застаецца тэатр «Залюстроўе», яму ўжо амаль 20 гадоў. Гэта камерцыйны тэатр, які жыве за кошт таго, колькі квіткоў прадасць. Але цяпер многія кажуць, што квіток за пяць рублёў – гэта дорага. Мы прыехалі сюды пачынаць з самага пачатку. Многія акторы, якія з’ехалі, занятыя тым,к аб зарабіць на ежу і жытло, працуюць у «жабках» і «бедронках», а акторства адышло на другі план. Тым не менш мы змаглі сабраць невялікую групу.

Калега па цэху Алана Айворы мае багаты прафесійны досвед: працавала ў Тэатры юнага гледача, была рэжысёрам і выкладчыкам у прыватнай школе-тэатры «Вобраз». Пасля выбараў 2020 года Алана актыўна ўдзельнічала ў маршах пратэсту, у жаночых акцыях. У выніку была вымушаная з’ехаць з Беларусі.

Алана Айворы расказвае, што знаходзіцца ў Польшчы з чэрвеня. За гэты час яна паспела папрацаваць і, як сама кажа, са швабрай. Але ўсё ж імкнецца вярнуць сябе ў прафесію. Удзельнічае ў працы тэатру, рыхтуе супольнае з прадстаўнікамі польскай культуры свята на Дзяды.

Напрыклад, 30 кастрычніка, у Centrum Lokalne Żoliborz будзе супольнае мерапрыемства з нагоды Дзядоў. Выступяць польскія і беларускія музычныя і танцавальныя калектывы, а таксама калектывы, якія займаюцца выяўленчым мастацтвам.

Прадстаўнік Цэнтру беларускай салідарнасці Анатоль Міхнавец падкрэслівае, што цяпер у Варшаве шмат людзей, якія ў Беларусі былі занятыя ў інтэлектуальнай сферы. І важна дапамагчы ім сябе знайсці на новым месцы.

Анатоль Міхнавец: «Даўно ведаю мастака Алеся Пушкіна, які цяпер сядзіць у турме. Калісьці я быў сведкаю, як яго аднавяскоўцы казалі: «Пушкін, ты жывеш у вёсцы, але ў цябе няма гаспадаркі, ты нічога не робіш, як гэта прынята ў вёсцы». На што Алесь Пушкін адказаў: «Гэтымі рукамі я магу намаляваць сум ці каханне ў вачах, а калі я дзень папрацую ў полі, то ўжо нічога не магу намаляваць гэтымі пальцамі».

Творчыя эліты – гэта залаты фонд нашага грамадства. Чаму ў нас ёсць нацыянальная праблема? Бо ўвесь час знішчаліся эліты. І калі мы цяпер не будзем ім дапамагаць, то ператворымся ў шэрую масу».

Знайсці афішы беларускіх творчых калектываў можна ў сацыяльных сетках, а таксама на сайтах ініцыятыў і фондаў, што працуюць з беларусамі, якія былі вымушаныя выехаць са сваёй краіны.

вх