Беларуская Служба

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках – след прысутнасці славутага іерусалімскага ордэна ў Польшчы (ФОТА)

05.11.2021 15:07
Несамавітая святыня знаходзіцца на Малапольскім шляху Рыцарскага Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай.
Аўдыё
  • Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках – след прысутнасці славутага іерусалімскага ордэна ў Польшчы.
 .
Касцёл Св. Крыжа ў СядліскахAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў касцёл Святога Крыжа ў Сядлісках(Siedliska) – то бок у былую вёску, а зараз раён гарадка Мехаў(Miechów) у Малапольшчы. Несамавітая святыня знаходзіцца на Малапольскім шляху Рыцарскага Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай (лац.: Ordo Equestris Sancti Sepulcri Hierosolymitani). Згаданы турыстычны шлях прадстаўляе ролю Ордэна ў гісторыі Касцёла ў Польшчы і польскай культуры.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Заснаваны ў пачатку XI стагоддзя Ордэн, павінен быў ахоўваць Гроб Гасподні ў Іерусаліме і прыбываючых пакланіцца да яго паломнікаў. У Польшчы законнікі пасяліліся ў 1163 годзе, дзякуючы намаганням рыцара Якса з сям'і Грыфітаў – аднаго з нешматлікіх польскіх удзельнікаў крыжовых паходаў. Якса пасяліў манахаў у Мехаве, таму іх часта называюць проста мехаўцамі (miechowici). Асабліва жывое развіццё Ордэна адбывалася напрыканцы XII стагоддзя.

Былі заснаваныя новыя кляштары, асабліва на тэрыторыі Малапольшчы і Вялікапольшчы, а пазней таксама ў Сілезіі і Мазовіі. Паводле гістарычных дакументаў, у XVII- XVIII стагоддзях Рыцарскі Ордэн Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай у Польшчы быў уладальнікам значных маёнткаў. Аднак на пачатку XIX стагоддзя ордэн быў ліквідаваны і вярнуўся ў Польшчу толькі ў 1990-х гадах. Яго сядзіба знаходзіцца ў Мехаве, у малой базіліцы Гроба Гасподняга.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Хоць дні славы Ордэна ў Польшчы даўно мінулі, а з часу яго скасавання прайшло шмат гадоў, то ў тых месцах, дзе мехаўцы будавалі свае касцёлы, кляштары, школы і бальніцы па сённяшні дзень захаваліся сляды іх дзейнасці. Менавіта гісторыю і ролю Ордэна ў Польшчы прэзентуе Малапольскі шляху Рыцарскага Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай, які пачынаецца ў Мехаве ад Санктуарыя Гроба Гасподняга.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Адным з пунктаў на згаданым шляху з’яўляецца касцёл Святога Крыжа ў Сядлісках. Святыня ў Сядлісках была пабудаваная напрыканцы XV і пачатку XVI стагоддзяў. Яна ўяўляе сабой касцёл, арыентаваны на прамавугольным плане, які звужаецца на ўсход і завяршаецца шматкутнікам. Касцёл складаецца з аднаго нефа і нявыдзельнага прэзбітэрыя. У XVII стагоддзі да касцёла была прыбудаваная драўляная званіца, якую ў 1970-я гады ўмацавалі каменнай крухтай. Будынак утрымлівае гатычныя элементы і быў унесены ў рэестр помнікаў. Падчас апошняга рамонту аб’екта гонта на даху была заменена бляхай.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Галоўны ўваход у касцёл размешчаны ў заходняй частцы падмурка вежы, унутраная частка якой зʼяўляецца ўваходнай крухтай. З крухты праз завостраны каменны партал мы ўваходзім у інтэрʼер касцёла. Пасля пажару Мехава ў XVIII стагоддзі інтэрʼер касцёла быў абсталяваны барочнымі элементамі – гэта галоўны і два бакавыя алтары, а таксама разьбяная кафедра, усталяваная на паўночнай сцяне. З поўдня ў бакавой сцяне ёсць дадатковы ўваход, які вядзе праз гатычны партал з каменных блокаў. У паўночнай сцяне ёсць дзверы ў рызніцу, прыбудаваную да аб’екта ў 1970-я гады. Галоўны алтар – гэта прыгожае, разьбянае распяцце, размешчанае на чырвоным экране, акружанае барочнай рамай. Драўляная канструкцыя алтара абсталявана дзвюма платформамі, на якіх размешчаны фігуры св. Пятра і Паўла. У ніжняй частцы алтара размешчаныя выявы св. Марыі Магдалены і св. Пятра.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Левы бакавы алтар зроблены з дрэва. Цэнтральна размешчаная выява Уваскрасення Хрыста, напісаная невядомым жывапісцам, змешчаная ў барочнай раме. На паўднёвай сцяне знаходзіцца алтар-блізнюк з выявай Маці Божай Беззаганнага Зачацця. Абодва бакавыя алтары маюць чатыры драўляныя падставы, на якіх калісьці былі размешчаны драўляныя фігуры святых. На жаль, фігуры былі скрадзеныя. Драўляная столь нефа распісаная гербамі царкоўных іерархаў.

На паўднёвай сцяне, побач з уваходам, змешчана эпітафія дабрадзея касцёла Анны Гадэфруа з Вейсаў, якая памерла 1 верасня 1845 года.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Побач з касцёлам знаходзяцца могілкі, якія раней былі пахавальнымі. Да нашых дзён захаваліся два надмагіллі. У мінулым касцёл акружала цагляная сцяна, якая таксама вызначала мяжу могілак. З гэтай агароджы захавалася толькі брама ХІХ стагоддзя з фрагментамі ранейшай брамы.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Каля касцёла знаходзіцца невялікая крыніца, якая лічыцца цудадзейнай – яе вада, паводле легендаў, мае лячэбныя ўласцівасці. Верагодна, прамыванне вадой вачэй у вясновы перыяд паляпшае зрок. Некаторыя легенды распавядаюць пра выпадкі цудадзейнага аднаўлення зроку сляпым.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Таксама мясцовая легенда апавядае пра бедную дзяўчыну, якая насіла ваду з цудадзейнай крыніцы. Вада, якая вылілася з вёдраў, замерзла, утвараючы знак падвойнага крыжа, такога ж, як герб Рыцарскага Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай. Менавіта таму законнікі з Мехава вырашылі пабудаваць у гэтым месцы касцёл.

Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Касцёл Св. Крыжа ў Сядлісках. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У мінулым касцёл у Сядлісках быў аб’ектам велікапосных працэсій, якія ішлі ад кляштарнага касцёла ў Мехаве. У цяперашні час гэтая традыцыя павольна адраджаецца.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу