Беларуская Служба

Польскае радыё абвясціла акцыю: «Куды дзеўся чорны партфель?»

09.05.2022 12:15
Радыёстанцыя мае надзею на тое, што знойдуцца страчаныя падчас вайны грамафонныя пласцінкі з гістарычнымі запісамі.
Аўдыё
  • Польскае радыё абвясціла акцыю: «Куды дзеўся чорны партфель?»
   :    ?
Польскае радыё абвясціла акцыю: «Куды дзеўся чорны партфель?»Polskie Radio

Грамадскае Польскае радыё ініцыявала акцыю пад загалоўкам: «Куды дзеўся чорны партфель?». Ейная мэта адшукаць страчаную калекцыю грамафонных металічных пласцінак з верасня 1939 года. Надоечы ў Канцэртнай студыі Польскага радыё ім. Уладзіслава Шпілмана ў Варшаве адбылася прэзентацыя альбома «Збор грамафонных пласцінак з верасня 1939 года». Пры нагодзе быў таксама быў абвешчаны пошук страчанай часткі калекцыі пласцінак, якую ў верасні 1939 года з сядзібы радыёстанцыі вынес Міраслаў Пануфнік, каб выратаваць яе ад немцаў.

Назва акцыі: «Куды дзеўся чорны партфель?» узялася адтуль, што частка збору грамафонных пласцінак, быў вынесеная з радыёстанцыі менавіта ў чорным партфелі. У канцы верасня 1939 года супрацоўнікі Польскага радыё тры разы выносілі з сядзібы радыёстанцыі каштоўныя пласцінкі з гістарычнымі запісамі.
Дырэктарка Архіва Польскага радыё Эльжбета Бэрусь-Тамашэўска(Elżbieta Berus-Tomaszewska) паведаміла, што зніклай лічыцца трэцяя частка калекцыі металічных пласцінак:

- Паводле гісторыкаў, Міраслаў Пануфнік вынес з радыёстанцыі каля 50 пласцінак. Мы ведаем, што да пачатку Варшаўскага паўстання, падчас якога загінуў Міраслаў Пануфнік, згаданыя пласцінкі знаходзіліся ў падвале ягонага сямейнага дома. Што далей з імі адбылося? Ёсць розныя версіі падзеяў.

Зараз кіраўніцтва Польскага радыё звярнулася з заклікам да грамадства даць усю інфармацыю пра страчаную калекцыю. Старшыня праўлення радыёстанцыі падкрэсліла, што «калекцыя грамафонных пласцінак з верасня 1939 года мае ўнікальны характар», таксама таму, што супрацоўнікі радыёстанцыі з вялікай адданасцю і рызыкуючы жыццём выносілі пласцінкі з сядзібы радыё і хавалі іх ад немцаў.

Да гэтай пары з каля 200 пласцінак удалося атрымаць назад 93 металічныя грамафонныя пласцінкі. Летась згаданая калекцыя была ўнесеная ў Нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», нагадала Агнешка Каміньска(Agnieszka Kamińska):

- У мінулым годзе гукі са згаданых пласцінак з 1939 года былі ўнесеныя ў Нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету». Гэта была вельмі важная падзея, паколькі паказвала каштоўнасць таго, што захавалася да нашых часоў.

Старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі(Karol Nawrocki) заявіў, што для палякаў, якія тады змагаліся за незалежнасць, запісаныя ў верасні 1939 года выказванні найважнейшых тагачасных палітыкаў мелі вялікае значэнне:

- Першы дывановы налёт падчас Другой сусветнай вайны адбыўся 25 верасня 1939 года над Варшавай, калі немцы скінулі 693 тоны бомбаў. Аднак ні гэтыя бомбы, ні гук падаючых будынкаў, ні гук рухавікоў самалётаў Люфтвафэ не заглушылі эфір Польскага радыё.

Кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык(Jan Józef Kasprzyk) нагадаў, што Польшча, як першая краіна ў Еўропе і ў свеце, выступіла супраць двух таталітарызмаў – нямецкага нацызму і расійскага камунізму. Палякі даказалі, што для іх свабода і незалежнасць – гэта самае галоўнае:

- Доказам гэтага з’яўляюцца згаданыя запісы, якія дзякуючы Польскаму радыё змогуць трапіць у « крывяносную сістэму» нацыянальнай памяці. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтай акцыі збор будзе пашыраны і дзякуючы запісаным тады галасам, тагачаснае пакаленне зможа, нібы з-за свету, выхоўваць нашае і наступнае пакаленні.

Да пошукаў гістарычных пласцінак далучылася Міністэрства замежных спраў. Намеснік кіраўніка МЗС Шыман Шынкоўскі вель Сэнк (Szymon Szynkowski vel Sęk) паведаміў, што міністэрства будзе шукаць зніклай часткі калекцыі пры дапамозе амаль 100 польскіх устаноў і 25 польскіх інстытутаў за мяжой:

- Польскім установам будзе даручана распаўсюджваць пытанне: «Куды дзеўся чорны партфель?», не толькі сярод палякаў за мяжой, але і сярод грамадзян іншых краін, каб знайсці гэтую «польскасць», запісаную на металафонах у верасні 1939 года.

У верасні 1939 года ў Польскім радыё было больш за 9 тысяч запісаных гэтак званых металафонаў. У апошнія дні верасня, перад капітуляцыяй Варшавы, калі ўжо было вядома, што грамадская радыёстанцыя будзе перададзена немцам, ейны дырэктар Эдмунд Рудніцкі даў загад вынесці з установы і схаваць запісы з верасня 1939 года. Супрацоўнікі радыёстанцыі, сядзіба якой у той час знаходзілася на вуліцы Зельнай у Варшаве, падзялілі збор пласцінак на тры часткі. Адну частку з сядзібы вынес падпалкоўнік Вацлаў Ліпіньскі. Другую частку вынес Яўген Дамахоўскі, які павінен быў перадаць яе амерыканскаму карэспандэнту для вывазу за мяжу. Аднак гэтага не адбылося і пласцінкі былі схаваныя ў падвале крамы на вуліцы Маршалкоўскай.

Пошук металафонаў пачаўся ў канцы 1970-х гадоў. У выніку ўдалося атрымаць назад дзве першыя часткі калекцыі – агулам 93 грамафонныя пласцінкі з верасня 1939 года.

У сваю чаргу, частка калекцыі, якую з сядзібы Польскага радыё вынес Міраслаў Пануфнік, хутчэй за ўсё, была разрабаваныя ў 1944 -1945 гадах. Аднак некалькі сведкаў паведаміла Польскаму радыё, што яны бачылі асобныя пласцінкі з гэтай часткі. Таму кіраўніцтва радыёстанцыі з надзеяй зноў абвясціла акцыю пошуку зніклай калекцыі: «Куды дзеўся чорны партфель?».

IAR/аз

Польскае радыё выдала калекцыю захаваных запісаў з верасня 1939 года

06.05.2022 09:33
Частка знойдзенай калекцыі – у выглядзе 93 металічных грамафонных пласцінак – летась была занесена ў Нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету».