Беларуская Служба

Мастацтвазнаўца Дзмітрый Папоў: Калі няма законаў, то «любы можа спаліць тваю хату»

21.05.2022 20:30
Эміграцыя, цэнзура, дэпрэсія. Беларускае грамадства ў цэлым і яго творчы сегмент перажываюць няпростыя часы.
Аўдыё
 .
Дзмітрый Папоў.Фота: Facebook

Слухайце далучаны файл!

Дзмітрый Папоў шмат год працуе з мастакамі, сітуацыю ведае добра. Ён, сярод іншага, адзін з ідэйных арганізатараў усебеларускай выставы «Я – Манэ, я – Шышкін, я – Малевіч...», якая збірала сотні прац і сотні мастакоў з усёй Беларусі. Дарослыя і дзеці, аматары і прафесіяналы. Усе жанры, стылі і напрамкі выяўленчага мастацтва. Што адбываецца цяпер, ці ёсць прастора і магчымасць для творчасці ў цяперашніх умовах, ці ўплывае вялікая хваля міграцыі з Беларусі на агульную сітуацыю?

– Канешне, гэта ўплывае на маральны стан. Калі нехта хоча з’ехаць, а нехта ўжо з’ехаў, а нехта ў працэсе. Канешне, гэта на ўсіх уплывае. Але маё суб’ектыўнае меркаванне – пакуль такая колькасць з’ехаўшых глабальных узрушэнняў для краіны і грамадства не нясе. Да таго ж гэта людзі, якія ў асноўным жывуць дастаткова адасоблена, сваім анклавам, пэўная культурная праслойка, якая жыве ў сваім свеце і крыху ў левітацыі над агульнай колькасцю людзей. Таму масы асабліва гэтага ад’езду не заўважаюць. Але я, канешне, гэта заўважаю. Шмат мастакоў, з якімі мы зрабілі вялікую колькасць выстаў, ужо тут няма, многія займаюцца самацэнзурай, многія ў апатыі і кажуць, што ім нічога не трэба. Мы адчуваем гэта моцна, бо жывем у гэтай праслойцы.

Развагі пра міграцыю, магчымасці страчаныя і набытыя, вырванасць са свайго месца – гэта бясконцая і пастаянная тэма ў колах людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць ці з’язджаюць з краіны цягам апошніх двух год. Мой суразмоўца кажа, што міграцыя – справа няпростая, але адназначнага адказу, што ў выніку яна дае, тут і цяпер няма.

– Самае сумнае, і я пра гэта ўжо публічна казаў, што людзі пражываюць там, у міграцыі сваё жыццё, але невядома колькі Бог адмераў часу гэтай сітуацыі – год-два-тры-чатыры, і калі ў гэтых людзей усё добра складзецца там, яны застануцца. Мы часта згадваем Хаіма Суціна, Марка Шагала, вядомых творчых людзей, якія шмат дасягнулі за мяжою. Але скажу вам шчыра, я рады, што ёсць Шагал у сусветным мастацтве, але мне скрушна, калі ў Беларусі гавораць «наш Шагал». Так, гэта ваш Шагал, але ён не быў бы сабой, калі б з пэўных абставін не з’ехаў. Тут ён бы сышоў у самацэнзуру і ўрэшце знік бы. Гэта такая маленькая рэмарка.

Так, гэта ваш Шагал, але ён не быў бы сабой, калі б з пэўных абставін не з’ехаў.

Дзмітрый Папоў разважае, што творцы, якія маладыя і не абцяжараныя сем’ямі ацэньваюць эміграцыю пазітыўна, «адносяцца да гэтага, як да вялікага і цікавага сусветнага турнэ – усё цікава і нармальна». Хто паехаў з сем’ямі, ім, канешне, цяжэй: трэба зарабляць больш, ствараць умовы сваёй сям’і. «Я ведаю творчых людзей, якія цяпер займаюцца будоўляй ды іншым, і часу ім асабліва на творчасць не хапае, бо трэба выжываць», – падкрэслівае мой суразмоўца. І мы таксама распавядалі раней у сваіх  эфірах пра такіх людзей, напрыклад, пра акторку і рэжысёра  Алану Айворы, якая была вымушаная пайсці ў Варшаве на нізкакваліфікаваную працу, каб сябе забяспечыць.


Дзмітрый Папоў. Дзмітрый Папоў

Таксама суразмоўца разважае, што адсутнасць законаў у грамадстве вядзе і да таго, што «любы можа спаліць тваю хату». Калі няма стрымліваючых фактараў, нішто не перашкаджае знішчыць чалавека, ні маральна, ні фізічна, калі ў цябе на яго нейкая злосць. Згадайце гісторыі пра безліч даносаў на калег, суседзяў, сваякоў. Гэтая тое грамадства, якое ствараюць таталітарныя рэжымы.

У Дзмітрыя сын – палітвязень, ён амаль два гады ўжо правёў у зняволенні, «дасць Бог, засталося тры гады» – кажа мой суразмоўца.

 – У дзень выбараў ён выйшаў на вуліцу, як і многія неабыякавыя грамадзяне, у месцы, дзе не было нейкіх беспарадкаў, ён патрапіў на запіс відэакамеры. Пазней ён быў паранены гумовай куляй, атрымаў раненні ад светлашумавой гранаты. Ужо пасля бальніцы яго арыштавалі на «суткі», а потым за трымалі за ўдзел у масавых беспарадкаў, хаця іх і не было там. Але што зробіш. Калі была магчымасць яго ўратаваць, ён сказаў мне: «Тата, калі ты прыйшоў угаворваць мяне збегчы, дык я закон не парушаў і гатовы адказаць за ўсё, бо нічога кепскага не зрабіў. Гэта была яго праверка закону і законнасці. Цяпер на ўсё жыццё ён будзе ведаць, што "закон, что дышло: куда повернул..."

Падзеі цяпер закручваюцца так моцна, што мы і ўявіць сабе не маглі. Але, калі спружыну моцна сціскаць, то ці рука лопне, ці спружына. Хаця пакуль усё развіваецца ў негатыўным рэчышчы: сфера стаіць, зарабляць немагчыма, цэнзура цісне.

– Канешне, я гэта моцна пражываю і перажываю. У мяне шасцёра дзяцей, чацвёра малых. Я думаю, што будзе. Пытанне самацэнзуры ёсць. Можа падацца, што я такі-растакі чалавек, але ёсць, канешне, і ў мяне. Але я імкнуся сябе ад самацэнзуры стрымліваць. Гісторыя чалавецтва паказвае, што пасля нечага кепскага надыходзіць добрае. І нічога з такім парадкам не зробіш. Не бывае, каб усе пражылі жыццё ў мармеладзе, абавязкова мусяць адбыцца і кепскія, і добрыя падзеі. Ай, напэўна яны і мусяць быць, інакш чалавек сам стане мармеладам.

вх

Рэдакцыя «Новага Часу»: Застаемся беларускацэнтрычным выданнем, працуем, нягледзячы на рэпрэсіі

18.05.2022 20:40
Беларускі рэжым працягвае разгром недзяржаўных медыя, працягвае браць закладнікаў з ліку журналістаў ды і проста звычайных людзей. 

«Цэнзура для творчага чалавека – гэта і творчы, і чалавечы тупік»

19.05.2022 16:59
У Мінску гэтымі днямі праходзіць выстава «Арт-Мінск». Але ўжо са старту здарыўся скандал з цэнзураю.