Беларуская Служба

У Варшаве выйшла кніга пра 41 палац Вільні XVII–XVIII стст.

14.07.2022 16:49
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў кнігу Анны Сыльвіі Чыж Pałace Wilna XVII–XVIII wieku.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.С.Чыж пра кнігу Pałace Wilna.
 Pałace Wilna.
Кніга Pałace Wilna.https://www.facebook.com/InstytutPolonika/photos/a.213362315950040/1061653871120876/

Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў кнігу Анны Сыльвіі Чыж Pałace Wilna XVII–XVIII wieku. Упершыню пад адной вокладкай сабраны даныя пра 41 віленскі палац — як захаваныя, так і неіснуючыя. Выданне багата ілюстравана як гістарычнымі, так і сучаснымі фотаздымкамі.

У 2019-2021 гадах Анна Сыльвія Чыж, даследчыца з варшаўскага Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага, ажыццявіла даследчыцкі праект, які прафінансаваў Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika, у выніку якога выйшла кніга Pałace Wilna XVII–XVIII wieku.

У кнізе змешчаны як апісанні палацаў, так і фрагменты арыгінальных архіўных дакументаў XVII—XХ стст. Выданне дапоўнена слоўнікам архітэктараў і будаўнікоў Вільні XVII–XVIII стст.

Кніга складаецца амаль з 700 старонак. Падобнага даследавання яшчэ чакаюць такія гарады былой Рэчы Паспалітай як Варшава, Кракаў, Львоў, Гродна і інш.

Анна Сыльвія Чыж:Ідэя напісання гэтай кнігі нарадзілася, калі я выкладала гісторыю Вільні і яе мастацтва ў Інстытуце гісторыі мастацтва варшаўскага Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага, дзе я працую.

Я сутыкнулася з праблемай. Здавалася, што пра касцёлы Вільні можна было сабраць інфармацыю. Аднак расказаць пра палацы Вільні аказалася складанай задачай. Бо я амаль нічога пра іх не ведала і мала што магла знайсці ў даступнай мне літаратуры.

І гэта праблема з пошукам матэрыялаў пра арзітэктуру рэзідэнцый Вільні стала для мяне той кропкай, з якой я пачалася інтэнсіўныя грунтоўныя даследаванні. Я вырашыла, што гэты прабел у гісторыі архітэктуры Вільні трэба хутка закрыць.

У выніку з’явілася кніга пра палацы Вільні XVII—XVIII стст.

Для таго, каб знайсці і сабраць матэрыялы ў архівах і бібліятэках Вільні пра палацы горада XVII—XVIII стст., Анна Сыльвія Чыж ездзіла ў сталіцу Літвы на некалькі тыдняў, месяц. Анна Сыльвія Чыж прызнаецца, што гэта была марудная, складаная праца.

Анна Сыльвія Чыж:Рана ўстаеш, і ідзеш к восьмай, дзявятай гадзіне ў бібліятэку ці архіў. І некалькіх гадзін сядзіш там: праглядаеш вопісы спраў, заказваеш дакументы, і зноў — тое самае. Галоўнае — шырока паглядзець на даступныя крыніцы і праблематыку. І здаецца, у кнізе пра палацы Вільні гэта ўдалося зрабіць.

Увогуле, крыніцы вельмі розныя. Гэта і дакументы, звязаныя з рамонтамі палацаў, інвентары, дагаворы з архітэктарамі.

Увогуле, у кнізе змешчаны даныя пра 41 палац, якія былі ўзведзены і існавалі ў XVII—XVIII стст. Але гэта толькі прыватныя палацы, якія належалі канкрэтным шляхецкім і магнацкім родам. Таму ў кнізе няма палацаў віленскіх рымска-каталіцкіх біскупаў, грэка-каталіцкіх мітрапалітаў і палаца вялікіх князёў літоўскіх. Бо гэта зусім іншага тыпу будынкі не толькі паводле формы ўласнасці, але і паводле функцый.

Я таксама вывучала старую картаграфію, падатковыя дакументы і, натуральна, хадзіла па вуліцах і завулках Вільні, і ў выніку прыйшла да вываду, што ў горадзе павінен быў быць 41 палац. І з гэтых палацаў да нашых дзён захавалася прыкладна палова ў розным стане. Частка палацаў моцна перабудавана. І гэта нармальна. Бо гэта былі месцы, дзе таксама жылі. У сувязі з гэтым яны мадэрнізаваліся.

Таму, з аднаго боку, адны палацы захаваліся ў моцна перабудаваным выглядзе. Іншых практычна няма. Так, напрыклад, ад палаца Януша Радзівіла захавалася толькі адно крыло.

Сёння большасць палацаў знаходзіцца на перыферыі жыцця горада. З аднаго боку, у некаторых будынках знаходзяцца нейкія ўстановы, і па гэтай прычыне палацы зачынены і для жыхароў горада, і для турыстаў. З другога боку, некаторыя палацы закінуты: няма ідэй, што магло б знаходзіцца ў гэтых будынках цяпер, як у выпадку з палацам Абрамовічаў.

Такім чынам, з 20 палацаў, якія захаваліся, толькі палова функцыянуе як будынкі, якія захоўваюць памяць пра сваё ранейшае прызначэнне і роды, якім належалі ў Вільні.

Якія з палацаў Вільні самыя старыя?

Анна Сыльвія Чыж:Гэта, напрыклад, палац Сапегаў на Антокалі. Усе думаюць, што ён быў узведзены ў 90-я гг. XVII ст. Аднак у гэтым палацы “схаваны” старэйшы будынак — таксама рэзідэнцыя, якая паходзіць з 1600 г.

Трэба сказаць, што ў канструкцыях мнгіх палацаў Вільні “хаваюцца” муры будынкаў яшчэ з XV–XVI стст. І такім прыкладам можа быць палац гетманаў Пацаў, на фасадзе якога раскрыты гатычны мур, здаецца, 1500 г. Такім чынам, палацы вырасталі з ранейшых будынкаў, таму цяжка сказаць, які з іх самы старажытны.

Анна Сыльвія Чыж раіць усім, хто яшчэ не бываў у Вільні, абавязкова наведаць гэты горад.

Анна Сыльвія Чыж:Гэта кангламерат традцый розных нацыянальнасцей, веравызнанняў. І гэта можна сказаць не толькі пра Вільню, але і пра ўсё былое ВКЛ. У Вільні ж вельмі маляўнічы краявід.

Да таго ж, у Вільні і па-за ёй — у былым ВКЛ — захавалася некалькі жамчужын архітэктуры еўрапейскага ўзроўню. Нельга не захапляцца тым мастацтвам, якое з’яўлялася на гэтай тэрыторыі.

Я ўжо даўно даследую касцёл Святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні. Гэта вядомая жамчужына  архітэктуры барока, якая магла б упрыгожваць і які-небудзь краявід у Італіі.

Я б сказала, што Вільня — адзін з самых маляўнічых гарадоў Еўропы. Гэта горад, у якім захавалася старая планіроўка — з крывымі завулкамі, якія фарміруюць маляўнічасць горада, надаюць яму рамантычны характар. І ўсё гэта на фоне найпрыгажэйшага наваколля.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

М. Каламайская-Саід: З амаль 200 рымска-каталіцкіх кляштараў, скасаваных пасля паўстання 1830–1831 гг., захавалася 10%

24.03.2022 15:46
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід уклала, а Інстытут Polonika падрыхтаваў і выдаў двухтомны альбом Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832.