Беларуская Служба

Жнівень – у польскім Каталіцкім касцёле месяц пілігрымак у нацыянальны санктуарый Ясна Гура ў Чэнстахове

05.08.2022 15:06
Штогод да Маці Божай Чэнстахоўскай пешшу прыходзяць тысячы пілігрымаў.
Аўдыё
  • Жнівень – у польскім Каталіцкім касцёле месяц пілігрымак у нацыянальны санктуарый Ясна Гура ў Чэнстахове
Студэнцкая пілігрымкаPAP/Piotr Nowak

У жніўні з многіх гарадоў на Ясную Гуру вырушылі пешыя пілігрымкі. У Чэнстахову яны дабіраюцца на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама вядомае як свята Маці Божай Зельнай, якое адзначаецца 15 жніўня. Па традыцыі ў гэты дзень асвяшчаюцца кветкі і зёлкі.

У пятніцу пад лозунгам «Еўхарыстыя дае жыццё» вырушыла 39-я Пешая пілігрымка Варшаўска-Праскай дыяцэзіі. Кіраўнік пілігрымкі ксёндз Дарыюш Бала расказвае пра яе найважнейшыя інтэнцыі, у тым ліку падкрэсліваючы ролю сям’і:

-Мы хочам чарговы раз наблізіць пілігрымам таямніцу Еўхарыстыі. У часах, якіх мы жывем, сям’я – гэта вельмі важнае заданне, каб сем’і ўзмацняць. Пілігрымка – гэта духоўнае заданне. Мы хочам узмацняць веру, каб пілігрымы ў сем’ях добра выконвалі свае задачы.

«Вы будзеце даваць моц кожнаму, каго сустрэнеце на шляху», – сказаў пілігрымам біскуп Рамуальд Камінскі. У санктуарыі Маці Божай Астрабрамскай у Варшаве іерарх узначаліў імшу на пачатак 39-й пешай пілігрымкі Варшаўска-Праскай дыяцэзіі. Ён звярнуў увагу на важнасць міжасабовых адносін падчас пілігрымкі.

-У гэтым выпадку гэта вельмі бачныя адносіны: я іду і бачу рэчаіснасць, у якой жывуць нашыя браты і сёстры, і я за вас малюся. Гэта блаславёная дзейнасць, лячэнне малітвай, дабром, шляхетнасцю пілігрымаў.


Студэнцкая пілігрымка Студэнцкая пілігрымка

Пілігрымы ідуць 315 кіламетраў, да месца прызначэння яны прыйдуць 14 жніўня. Яны будуць разважаць над Божым Словам, спяваць, маліцца на ружанцы, слухаць канферэнцыі.
У той жа самы дзень, 5 жніўня, з Варшавы на Ясную Гуру стартавала ХХХІ Пешая пілігрымка інвалідаў. Яе арганізатарам з’яўляецца Каталіцкае таварыства інвалідаў Варшаўскай архідыяцэзіі. Старшыня таварыства Лукаш Аўчарэк кажа, што гэтая пілігрымка шмат у чым унікальная:

-Траса прыстасаваная для патрэбаў людзей з інваліднасцю. Мы павінны так падрыхтаваць пілігрымку, каб людзі на інвалідных вазках, якіх вельмі вялікая колькасць, маглі ісці адпаведнымі дарогамі. Выключная таксама таму, што, паводле нас, людзі з інваліднасцю – гэта скарб Касцёла. Гэта бачна ў лозунгу нашай пілігрымкі: «Мы ёсць». Каб мы бачылі, што ў грамадстве ёсць людзі з інваліднасцю, са сваімі праблемамі, але і сваімі патрэбамі, клопатамі, якія яны хочуць занесці да Чэнстахоўскай Пані.

Гісторыя пілігрымкі пачынаецца з 1992 года. Папярэдняя, да пандэміі, у 2019 годзе налічвала 650 чалавек, сёлета ідзе каля 250 чалавек з інваліднасцю.

42-і раз у Чэнстахову выйшла студэнцкая пілігрымка з Варшавы. У гаміліі кардынал Казімір Ныч звярнуў увагу на кантэкст пілігрымкі ў цяжкім 2022 годзе – падчас вайны ва Украіне, часу пасля пандэміі, высокіх коштаў і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

-Час, у якім вы несяцё свае падзякі і клопат у Чэнстахову, у пэўнай ступені з’яўляецца небяспечным часам. Магчыма, у штодзённым жыцці мы на гэта не звяртаем да канца ўвагі: як у пэўныя моманты, у сваёй слабасці, сваім эгаізме, імкненні панаваць над светам, як сучасны свет знаходзіцца блізка ад нейкай большай небяспекі.

Мітрапаліт Варшаўскі таксама гаварыў пра цяжкасці пілігрымкі:

-Ёсць справы, якія трэба прадставіць Богу асаблівым чынам. Трэба далучыць да сваіх просьбаў цяжкасці пілігрымавання. Мы ўсё ж рады, што пасля апошніх трох цяжкіх гадоў, пандэміі, вайны, мы вярнуліся да пілігрымак.

Сёлета больш за тысячу ўдзельнікаў 42-й Варшаўскай Мітрапалітальнай акадэмічнай пілігрымкі на Ясную Гару суправаджае лозунг «Сын вас вызваліць». За 10 дзён пілігрымы пераадолеюць 300 кіламетраў. Варшаўская Мітрапалітальная акадэмічная пілігрымка прыбудзе на Ясную Гуру 14 жніўня перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Найстарэйшая пілігрымка ў Чэнстахову, пра якую гаворыцца ў хроніках, вырушыла ў верасні 1626 году з Глівіц. Яна была выразам удзячнасці за выратаванне горада ад дацкіх войскаў падчас Трыццацігадовай вайны. Згодна з гарадскімі легендамі, Марыя раскінула свой плашч над горадам, абараняючы яго і прымушаючы сваіх ворагаў бегчы.

Пасля цудоўнага выратавання 80 гараджан выправіліся ў пілігрымку ў Чэнстахову, дзе 29 верасня 1626 году размясцілі харугву з выявай Марыі. Жыхары Глівіц склалі ў парафіяльным касцёле прысягу, што будуць штогод хадзіць у пілігрымку. Як сцвярджаюць гарадскія летапісы, «зарок гэты быў мілы для Маці Божай, а для гараджан збаўчы».

Да пандэміі кожны жнівень у нацыянальны санктуарый ішлі больш за 40 пілігрымак, у якіх ішло больш за 250 тысяч чалавек.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры