Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: гурт Anieli з кампазіцыяй «Не рухайся»

15.09.2022 09:20
Гэта чацвёрты сінгл дуэта, які ўвайшоў у дэбютны альбом.
Аўдыё
Joanna Pyrkowska oraz Paweł Krawczyk jako Anieli.
Joanna Pyrkowska oraz Paweł Krawczyk jako Anieli. Jakub Wittchen/Kayax

Anieli – так назваўся музычны дуэт, які складаецца з Ёанны Прыкоўскай (Joanna Prykowska) і Паўла Краўчыка (Paweł Krawczyk). Ён быў створаны ў 2022 годзе, але музыканты, якія яго заснавалі, дзейнічаюць на польскім музычным рынку ўжо звыш чвэрці стагоддзя. Цяпер яны разам, а раней выступалі на сцэне ў розных калектывах. Ёанна яшчэ ў 90-ыя гады захапляла сваіх фанатаў прыгожымі песнямі з гуртом Firebirds (Жар-птушкі), а Павел спрабаваў сваіх сілаў у розных гуртах, каб нарэшце стаць членам аднаго з самых важных музычных калектываў у гісторыі польскай музыкі – гурту Hey з вакалісткай Касяй Насоўскай.

А гурт Anielі – гэта новы раздзел для кожнага з іх. Для Ёанны – доўгачаканае вяртанне на сцэну пасля шматгадовай адсутнасці, для Паўла – першы ўласны калектыў пасля многіх гадоў, праведзеных на сцэне разам з гуртом Hey.
Крыху фактаў з біяграфіі нашых музычных герояў перадачы. Ёанна Прыкоўска нарадзілася ў верасні 1970 года. Вакалістка і аўтарка тэкстаў, як я ўжо казала, удзельнічала ў працы гурту Firebirds. А вось вышэйшая адукацыя музыканткі зусім не звязана з музыкай і агулам са сцэнай. Яна вучылася на факультэце сацыялогіі. Час ад часу выступае таксама ў тэатры – у музычных спектаклях.

Калі пра Ёанну інфармацыі ў даступных крыніцах няшмат, то пра Паўла Краўчыка яшчэ менш. Вядома, што ён нарадзіўся ў верасні 1972 года. Гітарыст, кампазітар, выканаўца. Як я ўжо згадвала, доўгі час выступаў з гуртом Hey. Ён з'яўляецца асноўным аўтарам музыкі ў альбомах гурта Hey з моманту далучэння да калектыву ў 2001 годзе. Разам з Касяй Насоўскай, сваёй жонкай, Павел нейкі час вёў праграму радыё Roxy FM, якое ўжо перастала існаваць.

А я прапаную вашай увазе песню калектыву Anieli пад назваю «Nie ruszaj się» (Не рухайся). Гэта чацвёрты сінгл дуэта, які ўвайшоў у дэбютны альбом.

Sam na sam, nikt nie zna mnie
Nie tęskni nikt, to ostatni raz
Noc za oknem, ręce drżą
Poznaję cię – wszystko albo nic
Razem – po wieczny czas, po grób
Mówisz mi – razem na serca dno
Razem, nic nie rozdzieli nas, toniemy razem
Z prędkością dźwięku gnam
Na serca samo dno
Nie ruszaj się, nie ruszaj – zostań tak
Nie ruszaj się, czekałam tyle lat...
Samotności ostry pazur duszę tnie To ostatni raz...

Адзін на адзін, ніхто мяне не ведае, ніхто не сумуе, гэта апошні раз. Ноч за акном, рукі дрыжаць, я пазнаю цябе – усё або нічога. Разам – на вечнасць, да труны. Гаворыш мне – разам на сэрца дно. Разам, нішто не разлучыць нас, мы тонем разам.

З хуткасцю гуку я нясуся на сэрца самае дно. Не рухайся, не варушыся – заставайся так, не рухайся, я столькі гадоў чакала... Адзіноты востры кіпцюр рэжа душу. Гэта апошні раз...

Sam na sam – гэтае словазлучэнне перакладаецца на беларускую мову як «адзін на адзін», у чатыры вочы, тэт-а-тэт. Адным словам, калі тым, пра каго ідзе гаворка, ніхто не перашкаджае, і яны могуць пабыць разам.

Wszystko albo nic – а калі ўжо гэтыя двое доўга пабудуць сам на сам, то вельмі верагодна, што хтосьці з іх кіне такі лозунг – wszystko albo nic – усё або нічога, або будзь са мною да канца жыцця, або я не жадаю цябе бачыць.

Po wieczny czas – гэтак паэтычна, на прыгожай літаратурнай мове гаворыцца пра вернасць людзей адзін аднаму – калі іх любоў працягваецца да апошняга дыхання – па-польску мы б сказалі «miłość po grób» – каханне да канца жыцця, да труны.

Z prędkością dźwięku – з хуткасцю гуку. Паводле навукоўцаў, хуткасць распаўсюджвання гукавых хваль (інакш – хуткасць гуку) у атмасферы Зямлі пры тэмпературы 20ºC складае 343 метра ў секунду. Такі вось цікавы факт. А хуткасць святла значна большая – яна складае амаль 300 млн метраў у секунду.

Nie ruszaj się – па-беларуску «не рухайся, не варушыся». Беларускі дзеяслоў, які называе рух, вельмі падобны да польскага, толькі нельга забываць, што ёсць слова, якое гучыць практычна як беларускае «рухацца», але гэта вульгарны выраз на польскай мове, які нецэнзурна называе секс. Калі ласка, памятайце пра гэта ў кантактах з палякамі.

нг