Беларуская Служба

Ян Павал І кіраваў Касцёлам месяц, цяпер стаў блаславёным

18.09.2022 08:09
Аўдыё
  • Ян Павал І кіраваў Касцёлам месяц, цяпер стаў блаславёным
.
..

Ян Павал І Ян Павал І

Два тыдні таму Каталіцкі касцёл аб’явіў папу Яна Паўла І новым блаславёным. Ён узначальваў Касцёл 33 дні ў 1978 годзе і быў папярэднікам св. Яна Паўла ІІ. Пасля абрання 26 жніўня Альбіна Лучані памёр ад сардэчнага прыступу 28 верасня.

«Абранне папы на другі дзень канклаву – гэта нечаканасць, а імя кардынала Лучані – гэта яшчэ адна нечаканасць», – паведамляў карэспандэнт Польскага радыё.

Здзіўленне было тым большым, што дым, які з’явіўся над Сікстынскай капліцай, прысутныя на плошчы св. Пятра ўспрынялі як чорны, гэта азначала б, што галасаванне кардыналаў не дало станоўчага выніку. Тым часам праз некалькі хвілін адкрыліся галоўныя дзверы на балкон базілікі св. Пятра і ўсе пачулі: «Habemus papam».

26 жніўня 1978 году ў 19.17 Ватыканскае радыё пацвердзіла гэтую навіну. У сваёй першай прамове новаабраны наступнік св. Пётр, Ян Павал I сказаў:

– Учора раніцай я яшчэ спакойна ішоў да Сікстынскай капліцы, каб прыняць удзел у выбарах. Я ніколі не мог уявіць таго, што здарылася. Калі гэтая небяспека пачала пагражаць мне, абодва калегі, якія сядзелі са мной, шапталі мне словы падбадзёрвання: «Будзь мужны, калі Бог кладзе цяжар, Ён таксама дасць сілы яго несці», а другі дадаў: «Калі ласка, не бойцеся. Ва ўсім свеце столькі людзей, якія моляцца за папу».
Новы папа, а раней мітрапаліт Венецыі Альбіна Лучані займаў сваю пасаду ўсяго 33 дні. Памёр 28 верасня. Яго знайшлі мёртвым у ложку з запіскамі ў руках. Кажуць, што прычынай смерці Яна Паўла I стаў сардэчны прыступ.

Тое, што гэта кароткі пантыфікат, не азначае, што ён быў нязначным. На працягу гэтых 33 дзён папа быў вельмі актыўным. Асновай сваёй праграмы ён хацеў зрабіць экуменізм. Ян Павал І абвясціў перагляд кананічнага кодэкса і сваім галоўным заданнем прыняў евангелізацыю вернікаў. Абедзве гэтыя тэмы былі паднятыя яго наступнікам Янам Паўлам ІІ пасля смерці Яна Паўла І.

«Служэнне праўдзе, служэнне згодзе, служэнне справядлівасці і супрацоўніцтву народаў» – такім быў яго дэвіз. Ён хацеў працягваць традыцыю сустрэч з вернікамі ў свеце, распачатую Паўлам VI. Першая яго паездка была ў Ліван, дзе ішла крывавая вайна паміж хрысціянамі і мусульманамі. На жаль, раптоўная смерць перашкодзіла гэтым планам.

Ян Павал І быў вельмі сціплым чалавекам, гаворыць кс. Яцэк Скробіш, аўтар кнігі «Пакора. Гісторыя жыцця Яна Паўла І». Ён звяртае ўвагу, што ў выпадку пантыфікаў звычайна апісваецца час, калі яны ўзначальвалі Апостальскі пасад. Зрэдку гаворыцца пра іх жыццё да пантыфікату. У выпадку Яна Паўла І гэта прасцей, бо Касцёл ён узначальваў толькі месяц.

-Таму ў кнізе я стараўся паказваць пэўныя падзеі яго жыцця, але не толькі прыватнага, але палітычнага і гістарычнага. Паглядзець яго рэакцыю на гэтыя падзеі, як дарослага чалавека, са сфармаванымі поглядамі. Яго падыход да жыцця. У Альбіна Лучані была вялікая дысцыпліна ў жыцці. Гэта яго характэрная рыса. Таксама невыпадкова кнігу назвалі «Пакора. Гісторыя жыцця Яна Паўла І», паколькі ён сапраўды быў вельмі пакорным чалавекам, з пакорай падыходзіў да іншага чалавека і разумеў, што ён ніхто перад Богам. Ён не глядзеў на іншых з вышыні. Гэтыя факты паўплывалі на тое, што мы маем новага блаславёнага. Я б падкрэсліваў, што так сталася, што Альбіна Лучані быў таксама папам. Але трэба глядзець на яго як на пастыра, які быў вельмі кантактным чалавекам, простым у адносінах, адначасова вельмі пакорным.

Ксёндз Яцэк Скробіш гаворыць, што Альбіна Лучані з самога дзяцінства меў цяжкае жыццё. Ён нарадзіўся ў італьянскіх Даламітах, дзе ўмовы жыцця былі суровыя. Каб утрымаць сям'ю, мужчыны былі вымушаныя шукаць працу далёка ад вёсак, размешчаных у горных далінах. Так быў вымушаны зрабіць і бацька Альбіна Лучані. Мама займалася выхаваннем дзяцей.

-Ёсць сведчанні, што зімой яны былі вымушаныя знаходзіцца ў адным пакоі – мама і трое дзяцей, каб ашчаджаць на абаграванні дому. Гэтыя суровыя ўмовы жыцця напэўна паўплывалі на яго, як чалавека. Ён не хацеў для сябе многа. Папа пісаў, што ведае, як гэта быць галодным. Быў неабыякавы да бяды людзей. Ад мамы ён навучыўся стараннасці падчас малітвы. Таксама быў вельмі амбіцыйным чалавекам. Трэба таксама падкрэсліць ролю пробашчаў у парафіі, дзе жыў малады Альбіна Лучані. Гэта былі людзі, якія клапаціліся пра духоўнасць дзяцей і моладзі. У парафіі была багатая бібліятэка, дзе Альбіна праводзіў шмат часу. Гэта таксама ўплывала на яго асабовасць. І гаворка не толькі пра рэлігійную літаратуру, але і пра сусветную.

Пасля смерці Яна Паўла I зʼявіліся розныя тэорыі змовы, якія казалі пра атручэнне папы.

4 верасня 2022 году Ян Павал І быў унесены ў лік блаславёных Каталіцкага касцёлу.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Багацце веры