Беларуская Служба

Арганіст: За ўсё жыццё сустрэў толькі двух людзей, якім не падабаецца арганная музыка

26.09.2022 19:33
Артур Паласухін з Баранавічаў летась атрымаў ступень бакалаўра ў Музычным універсітэце імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве. 
Аўдыё
  • Артур Паласухін з Баранавічаў летась атрымаў ступень бакалаўра ў Музычным універсітэце імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве.
Ілюстрацыя Крыніца: Shutterstock.com

Герой сённяшняй размовы – Артур Паласухін з Баранавічаў. Апошнія чатыры гады Артур жыве і навучаецца ў Варшаве. Летась юнак атрымаў ступень бакалаўра ў Музычным універсітэце імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве. Артур вывучаў ігру на аргане. Сёлета музыка заканчвае іншую спецыяльнасць у гэтым жа ўніверсітэце – ігра на клавесіне. У размове з намі Артур распавёў аб сваёй вучобе ў адным з лепшых музычных універсітэтаў Польшчы і пра свае прафесійныя планы. Ігра на аргане даволі рэдкая спецыяльнасць, пацікавіліся ў музыка, як ён прыйшоў да яе:

-Усё пачалося з самага дзяцінства. У нас былі арганісты, нябожчыца арганістка Галіна Брынько. Яна першая паказала мне арган. Мяне вельмі захапіў гэты інструмент. Пазней у нас былі дзве манашкі-арганісткі. Адна працавала арганісткай у касцёле і адначасова вучылася ў каледжы ў Баранавічах. Другая манашка, сястра Кацярына, зараз вучыцца разам са мной у той жа навучальнай установе.

На пытанне аб тым, чаму Артур вырашыў атрымліваць адукацыю ў Польшчы, ён адказаў, што ўсё вызначыла тое, што польская мова была адзінай замежнай мовай, якой ён валодаў:

-Я размаўляю па-польску з самага дзяцінства. У мяне ёсць польскія карані, але ў маёй сям'і ніхто не размаўляў па-польску. Я вывучыў польскую дзякуючы таму, што браў удзел у каталіцкай літургіі. У нашай Пінскай дыяцэзіі набажэнствы вядуцца – 50 на 50, гэта значыць палова – па-польску, палова – па-беларуску. Таму з дзяцінства дзякуючы касцёлу я навучыўся чытаць па-польску. Таксама ў Баранавічах ёсць польская школа. Бацькі запісалі мяне туды. Я вучыўся там.

Расказваючы пра сваю вучобу ў Варшаве, Артур прызнаўся, што шкадуе, што ў яго як у студэнта было мала магчымасцяў выступаць на канцэртах:

-Нават калі параўноўваць з іншымі музычнымі навучальнымі ўстановамі ў Польшчы, то ў нас канцэрты былі толькі раз на паўгода ці нават радзей. Я маю на ўвазе менавіта арганныя канцэрты. Як клавесініст я толькі два разы быў на сцэне. Я ведаю, што ў іншых навучальных установах у Польшчы ў студэнтаў ёсць распіскі, яны мусяць раз на два месяцы выступіць на канцэрце. Яны запісваюцца, ходзяць іграць, абыгрываюць праграму. Ёсць нават платныя канцэрты, за якія яны атрымліваюць ганарары. У Варшаве такога няма.

На пытанне аб актуальнасці сёння арганнай музыкі Артур адказаў, што кожны раз пры зносінах з людзьмі ён сустракаецца з цікавасцю і захапленнем.

-За ўсё сваё жыццё я сустрэў толькі двух людзей, якія адкрыта мне сказалі, што не любяць арганную музыку. Калі я знаёмлюся з новым чалавекам і кажу, што я арганіст, то адразу чую ў адказ: «Вау!» Захапленне. Людзі кажуць: «Арганная музыка – гэта нешта недасяжнае, незямное». Яны ўвесь час пытаюцца, як гэта, ці складана граць на такім інструменце, як можна авалодаць ім. Па іх словах, лягчэй навучыцца кіраваць самалётам, чым граць на аргане. Вось так людзі ставяцца да маёй прафесіі.

Артур распавёў, што Польшча не стала яго апошняй кропкай, скончыўшы вучобу тут ён працягне сваё навучанне ў Нямеччыне, Лейпцыгу:

-Праз месяц я еду ў Лейпцыг, дзе я працягну сваю вучобу. Канешне, там значна больш магчымасцяў. Тамака практычна кожны тыдзень студэнты выступаюць на канцэртах. Насамрэч там карʼера артыста выглядае зусім інакш. Вядома, вялікі мінус у тым, што ў сувязі з пандэміяй там вельмі строга ставяцца да ўсіх абмежаванняў і гэтак далей. Таму складана было цягам гэтых двух апошніх гадоў, калі была пандэмія, правесці, прыняць удзел ці наведаць канцэрт. Арганісты таксама скардзяцца, але звычайна там усё жыве, музыка жыве.

Калі ты атрымліваеш месца ў касцёле ў якасці арганіста, то ты не толькі граеш на богаслужэннях, можна граць прэзентацыі, у цябе ёсць знаёмыя арганісты, цябе запрашаюць выступаць на канцэртах. Можна ездзіць да знаёмых і даваць канцэрты, прэзентацыі. Так усё і працуе ў Нямеччыне. Гэта вельмі цікавая праца.

Размову з арганістам Артурам Паласухіным слухайце ў далучаным файле!

эж