Беларуская Служба

Авіякампанія LOT плануе павялічыць парк машын да 200 самалётаў

22.07.2019 14:31
Сярод стратэгіі развіцця на бліжэйшыя гады старшыня праўлення LOT назваў павелічэнне колькасці маршрутаў, флоту і развіццё базы ў Будапешце.
    LOT
Бартавы персанал польскай авіякампаніі LOTфота: lot.com

Польская нацыянальная авіякампанія LOT плануе перавозіць да 2027 году 25 млн пасажыраў у год, паведаміў польскаму эканамічнаму парталу Business Insider старшыня праўлення авіяперавозчыка Рафал Мільчарскі. А адкуль з’явіўся 2027 год? Менавіта ў гэтым годзе плануецца адкрыццё новага буйнога аэрапорту – Цэнтральнага камунікацыйнага порту (ЦКП), будаўніцтва якога пачынаецца паміж Варшавай і Лоддзю, у 40 км ад польскай сталіцы. Адначасова з адкрыццём ЦКП будзе спынены пасажырскі рух з міжнароднага варшаўскага аэрапорту імя Фрыдэрыка Шапэна.

У мінулым годзе авіякампанія LOT перавезла 8 млн 800 тыс. пасажыраў, сёлета плануе перавезці больш за 10 млн, сказаў Мільчарскі.
Актуальна флот польскай авіякампаніі складаецца з 90 самалётаў. Да 2027 года авіялініі плануюць павялічыць парк да 200 машын, якія будуць дыслакавацца ў Варшаве, а таксама ў двух дадатковых базах авіякампаніі: у Кракаве і Будапешце.

Сярод стратэгіі развіцця на бліжэйшыя гады Рафал Мільчарскі назваў павелічэнне колькасці маршрутаў, флоту і развіццё базы ў Будапешце. У венгерскую сталіцу кампанія LOT увайшла ў 2017 годзе і пачала ажыццяўляць трансатлантычныя рэйсы. Паколькі венгерская нацыянальная авіякампанія Malev абанкруцілася ў 2012 годзе, на венгерскім авіярынку ёсць месца для працы традыцыйных, не толькі бюджэтных, авіялініяй. Сёлета авіялініі LOT плануюць пашырыць з Будапешту сетку палётаў па Еўропе, паведамляе Business Insider.

вс