«Rzeczpospolita» паведамляе, што новы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі намераны зрабіць рэвалюцыю ў абарачэнні зямлёй ды іншых галінах эканомікі дзяржавы.
Змены – гэта між іншым адмена мараторыю на продаж ворнай зямлі, вялізныя інвестыцыі ў транспарт і падтрымка ўкраінскага ваенна-прамысловага комплексу. Прэзідэнт абяцае, што ўжо ў будучым годзе будзе створаны рынак 40 млн. гектараў зямлі. А ўкраінскі чарназём – адзін з найлепшых на свеце, пра што нагадаў Зяленскі. Кіраўнік дзяржавы заявіў пра гэта падчас візіту ў Турцыю, і дадаў, што чакае турэцкія фірмы з інвестыцыямі ва Украіне.
На дадзены момант украінская сельская гаспадарка знаходзіцца ва ўладанні алігархаў, дзякуючы мараторыю на продаж зямлі. Гэта ўскладняе дзейнасць дробных фермераў. Рэформа Зяленскага павінна сітуацыю змяніць, таму нічога дзіўнага, што многія выступаюць супраць яе. Грамчэй за ўсіх пратэстуе прарасейскі кандыдат у прэзідэнты Юрый Байко. Расіяне маюць ва Ўкраіне шмат інтарэсаў, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, Байко патрабуе правесці рэферэндум.
Дзеянні новага прэзідэнта ідуць у напрамку, які здаўна рэкамендуе Міжнародны валютны фонд, ён шмат гадоў патрабуе, каб Кіеў вызваліў рынак сельскагаспадарчых угоддзяў.
Зяленскі заявіў таксама пра намер інвеставаць каля 20 млрд. долараў у інфраструктуру Украіны, між іншым, у будаўніцтва і рамонт дарог ды аэрапортаў.
нг