Беларуская Служба

У Польшчы хутка растуць цэны

17.08.2019 18:13
Так, цэны на агародніну пайшлі ўверх на больш чым 32% (бульба ажно ў два разы!), на цукар – на больш чым 28%, хлеба-булачныя вырабы падаражалі на амаль 10%.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnepixabay

У Польшчы хутка растуць цэны, паведамляе Gazeta Wyborcza. У ліпені бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага інфляцыя склала 2,9%, паінфармавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны. Найбольш падаражалі прадукты харчавання.

Так, цэны на агародніну пайшлі ўверх на больш чым 32% (бульба ажно ў два разы!), на цукар – на больш чым 28%, хлеба-булачныя вырабы падаражалі на амаль 10%, мука – на больш чым 8%, свініна – на 12%, рыс – на амаль 6%, каўбасныя вырабы – на амаль 7%. Акрамя таго, на 24% падаражаў вываз смецця, цырульна-касметычныя паслугі – на 5%, паслугі прыватнай медыцыны – на 6%, а туры ў турагенцтвах – на 7%. Паводле эканамістаў, прадукты харчавання найдаражэйшыя за апошнія восем гадоў. Пры гэтым прычыны росту цэн знаходзяцца як унутры краіны, так і звонку.

Але на некаторыя тавары цэны ўпалі. Для прыкладу, на 5% патаннелі курыныя яйкі, масла – на 9%, электраэнергія – на 6%, газ на АЗС – на амаль 7%. Акрамя таго, на 11% упалі цэны на сродкі сувязі ды на 5% – на фота- і аўдыётэхніку ды камп'ютары, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс