Беларуская Служба

З пачатку года Польшчу наведала амаль 13 млн замежных турыстаў

19.08.2019 18:47
У мінулым годзе замежнікі выдаткавалі ў Польшчы больш за 7 млрд 700 млн еўра: актуальна турыстычная галіна дае прыбытак краіне на ўзроўні 6% ВВП.
Аўдыё
  • Сёлета з-за мяжы прыедзе 25 млн турыстаў
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne shutterstock, New Africa

У Польшчы – вялікі турыстычны патэнцыял, зазначаюць эксперты. Колькасць замежных турыстаў, якія наведваюць краіну на Вісле, з году ў год павялічваецца. Якое значэнне для польскай эканомікі можа мець развіццё турыстычнай галіны, у тым ліку прыезды турыстаў з-за мяжы? І ці Польшча выкарыстоўвае свой турыстычны патэнцыял?

З пачатку года Польшчу наведала амаль 13 млн замежных турыстаў. Паводле прагнозаў, сёлета з-за мяжы прыедзе 25 млн турыстаў. Для параўнання: у мінулым годзе Польшчу наведала амаль 86 млн замежнікаў, сярод якіх 20 млн – турысты. Найбольш папулярнымі месцамі адпачынку з’яўляецца польская Балтыка, рэгіён паазер’я Варміі і Мазуры на паўночным усходзе Польшчы, а таксама поўдзень краіны – Кракаў, Закапанэ, горы Татры і іншыя мясціны. Замежныя турысты едуць у Польшчу, па-першае, таму, што тут прыгожая і разнастайная прырода: лясы, у тым ліку славутая Белавежская пушча, шматлікія азёры, рэкі, мора, горы; па-другое, Польшча – бяспечная краіна.

Такім чынам, ці замежны, а таксама ўнутраны турызм можа быць важнай часткай нацыянальнага даходу? Бо, напрыклад, гасцініцы зарабляюць на турыстах, плацяць падаткі ў бюджэт, і даюць працу людзям. Гаворыць Агнешка Дурлік з Польскай эканамічнай палаты.

- У Польшчы турызм з’яўляецца менавіта той галіной эканомікі, якая можа працягваць развівацца. У нас яшчэ не выкарыстаны ўвесь патэнцыял, хоць таксама нямала трэба зрабіць, для прыкладу, палепшыць інфраструктуру. Пансіянатаў і гатэляў у Польшчы шмат, але надалей мала, каб прыняць усіх жадаючых. Гэта таксама датычыць развіцця агратурызма, таму што каб паехаць на вёску адпачыць, кліент хоча мець адпаведныя ўмовы і стандарт. Хоць з іншага боку ёсць турысты, якія хочуць спаць не ў пакоях з выгодамі, а на сене.

Турыстычная прапанова пастаянна пашыраецца, але надалей у нас менш гасцініц у параўнанні, напрыклад, з Грэцыяй альбо Іспаніяй. Зразумела, там іншы клімат, але калі параўноўваць з падобнымі шыротамі, то менш чым, напрыклад, у Германіі. Пры гэтым гаворка не толькі пра гасцінічную інфраструктуру, але і пра мясцовую, напрыклад, веласіпедныя сцежкі ў сельскай мясцовасці. І я не маю на ўвазе, што веласіпедныя дарожкі трэба рабіць бетонныя: не, проста адпаведна падрыхтаваць і, для прыкладу, паставіць знакі і ўказальнікі.

Іншым пытаннем з’яўляецца дыверсіфікацыя турыстычыных месцаў, бо замежнікі едуць ва Ўроцлаў, Кракаў, Гданьск, горы Татры. Але ў нас ёсць іншыя прыгожыя месцы, на прыклад, Свентакшыскія горы. Што зрабіць, каб турысты ехалі ў іншыя месцы? Праводзіць рэкламныя і прома-акцыі як унутры краіны, так і за мяжой.

У мінулым годзе замежнікі выдаткавалі ў Польшчы 35 млрд злотых (больш за 7 млрд 700 млн еўра). Актуальна турыстычная галіна дае прыбытак краіне на ўзроўні 6% ВВП.

У апошні час 50% палякаў, старэйшых за 14 гадоў, недзе паехала на адпачынак. Так што, як бачна, развіваецца не толькі замежны турызм, але і ўнутраны. Гаворыць Пшэмыслаў Квецень з брокерскай кампаніі X-Trade Brokers.

- Зразумела, другой Грэцыяй альбо Іспаніяй мы не станем, таму што ў нас іншая спецыфіка. Але мы можам выкарыстаць сваю нішу, знайсці, як гэта гаворыцца, сваю фішку. Паводле мяне, такой нішай можа быць экатурызм і агратурызм. Чаму? Па-першае, таму, што ў заходняй Еўропе Польшча асацыюецца менавіта з гэтым відам турызму.

На Захадзе існуе меркаванне, што ў Польшчы шмат некранутай чалавечай рукой прыроды, і вось гэтае меркаванне мы можам выкарыстаць, каб прыцягнуць замежных турыстаў. А замежны турызм для Польшчы вельмі важны, таму што 2/3 даходаў усяго турызму паходзіць ад замежнікаў.

Дарэчы, паводле спецыялістаў з турыстычнай галіны, замежнікаў прыцягваюць у Польшчы адносна невысокія цэны, шматлікія авіяспалучэнні, у тым ліку ў рэгіянальныя аэрапорты, а таксама сетка дарог, якая пастаянна развіваецца, перш за ўсё дзякуючы фінансавым сродкам з фондаў Еўрапейскага Саюза.

вс

пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаная перадача інфармацынага каналу Polskie Radio 24