Беларуская Служба

Мінімальная зарплата ў Польшчы вырасце хутчэй, чым раней прадбачвалі ўлады

13.09.2019 11:59
Урад пастараўся нейкім чынам кампенсаваць страты наймальнікам – панізіць узносы на сацыяльнае страхаванне для малых фірмаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock, Mongkol_Chuewong

У выданні Rzeczpospolita вялікае інтэрв'ю з міністрам навукі Польшчы Яраславам Говіным. Гаворка ідзе між іншым пра важнейшы пастулат кіруючай партыі «Права і справядлівасць» перад парламенцкімі выбарамі – абяцанне рашуча падняць мінімальны заробак у краіне. Говін кажа, што мінімалка вырасце хутчэй, чым раней прадбачваў ПіС, але ўрад пастараўся нейкім чынам кампенсаваць страты наймальнікам – панізіць узносы на сацыяльнае страхаванне для малых фірмаў, каб рост мінімалкі не паўплываў вельмі адмоўна на іх фінансавае становішча.

У Польшчы свабодны рынак. Ці не лепш было б, каб менавіта рынак вырашаў аб тым, як расце мінімальная зарплата? На думку Яраслава Говіна, механізм мінімальнай зарплаты патрабуе ўмяшання дзяржавы, а таксама адабрэння з боку прафесійных саюзаў і працадаўцаў. Прапанова зменаў паявілася з думкаю пра пашырэнне сярэдняга класу. Моцная пазіцыя сярэдняга класу – гэта ўмова развіцця польскай эканомікі.

Міністр адзначае, што для «Права і справядлівасці» важней за ўсё грамадска-сацыяльныя пытанні. Нават можна сказаць, што партыі бліжэй да сацыял-дэмакратыі па дадзеным пытанні, чым да кансерватараў. Добра, што апошнімі гадамі так шмат увагі ўлады прысвячаюць абароне самых неабароненых слаёў грамадства, аднак хтосьці павінен прадстаўляць таксама інтарэсы польскіх навукоўцаў, інжынераў, прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў свабодных прафесіяў ці спецыялістаў. Таму Яраслаў Говін выступае супраць павышэння падаткаў для гэтай групы жыхароў Польшчы.

нг