Беларуская Служба

Польскія СМІ пішуць, колькі ў сярэднім будзе каштаваць палякам падрыхтоўка святочнага стала

05.12.2019 14:39
Сёлета ўверх пайшлі цэны амаль усіх папулярных прадуктаў, больш за ўсё падаражэла гародніна.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneSyda Productions/Shutterstock.com

Менш за тры тыдні засталося да калядных святаў паводле каталіцкай традыцыі. Dziennik Gazeta Prawna падлічыў, колькі ў сярэднім будзе каштаваць палякам падрыхтоўка святочнага стала вечарам напярэдадні Божага нараджэння (Вігілія).

На працягу апошніх гадоў цэны прадуктаў харчавання раслі вельмі паволі або не мяняліся. У снежні мінулага году яны былі толькі на 0,8% вышэйшыя, чым годам раней. Таму спажыўцы прывыклі, што яны кожны год выдаткоўваюць прыкладна аднолькавую суму на дадзеныя мэты. Тым часам сёлета ўверх пайшлі цэны амаль усіх папулярных прадуктаў.

Больш за ўсё падаражэла гародніна. Так сталася ў выніку летняй засухі і вясенніх замаразкаў. Рознічныя цэны гародніны на 11-14% вышэйшыя, чым летась, але, напрыклад, за бульбу трэба заплаціць нават на некалькі дзясяткаў працэнтаў больш. На адну пятую падаражэў цукар, мука – прыкладна на адну дзясятую. Адпаведна, больш будуць каштаваць хлеб і салодкая выпечка. Уверх пайшлі цэны свініны (10-12%) з-за эпідэміі афрыканскай чумы свіней у краінах Азіі, а таксама кошт кураціны (2-3%).

На святочным стале ў палякаў абавязкова павінны быць стравы з рыбы. А запасы марской рыбы па ўсім свеце ўсё меншыя, адпаведна, і цана расце. Селядзец ці хек падаражэлі на прыкладна 6%, затое карп каштуе столькі ж, колькі ў мінулым годзе. Няшмат будзе тавараў, цана якіх за год упала. Гэта перш за ўсё масла і яйкі.

На думку экспертаў, у сярэднім польская сям’я выдаткуе на падрыхтоўку святаў 1521 злоты (каля 400$) – на 5% больш, чым летась.

Патрыцыя Отта/пер.нг