Беларуская Служба

Прыбытак банкаў у Польшчы пасля ІІІ квартала складае 13,2 млрд злотых

10.12.2019 11:21
У цяперашні час у Польшчы дзейнічае 31 камерцыйны банк, які ўжо некалькі гадоў запар фіксуе меншыя прыбыткі.
Аўдыё
  • Прыбытак банкаў у Польшчы пасля ІІІ квартала бягучага году складае больш за 13 млрд злотых.
.
Грошы.Photo:_Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

Чысты прыбытак банкаўскага сектара за студзень-кастрычнік павялічыўся на 453,5 млн злотых (3,6%) і склаў 13,2 млрд злотых у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміла польская Камісія па фінансавым наглядзе.

Камісія дадала, што толькі ў кастрычніку прыбытак польскага банкаўскага сектара склаў 1,38 млрд злотых і быў на 210,5 млн злотых большы, чым у кастрычніку 2018 года.

Паводле камісіі, у канцы кастрычніка 2019 года ажно 17 банкаў (чатыры камерцыйныя і 13 кааператыўных) панеслі агульную страту ў памеры амаль 554,5 млн злотых. Доля згаданых банкаў у актывах усяго польскага банкаўскага сектара складала каля 4,4%. Астатнія банкі гэтага сектара паведамілі аб агульным прыбытку ў памеры 13,6 млрд злотых.

Кошт іпатэчных крэдытаў на канец кастрычніка гэтага года склаў 444 мільярды злотых, спажывецкіх крэдытаў - 178 мільярдаў злотых, а астатняй запазычанасці - 120 мільярдаў злотых. Агульны памер запазычанасці польскіх хатнік гаспадарак складае 742 мільярды злотых.

У цяперашні час у Польшчы дзейнічае 31 камерцыйны банк, які ўжо некалькі гадоў запар фіксуе меншыя прыбыткі, што з'яўляецца вынікам зніжэння прыбытку ад укладзенага капіталу. 2011 год стаў рэкордным па прыбытку. Тады банкаўскі сектар у Польшчы зафіксаваў 15,7 млрд злотых прыбытку. Дзеля параўнання, у 2016 годзе банкі атрымалі 13,9 млрд злотых прыбытку, у 2017 годзе 13,6 млрд злотых, хаця ў 2018 годзе у іх атрымалася зарабіць 14,7 млрд злотых.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі