Беларуская Служба

Рэкордныя інвестыцыі ў Польшчы

20.01.2020 14:23
Летась польскі ўрад ажыццявіў інвестыцыйных праектаў на амаль 3 мільярды еўра.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne Image from Pixabay/СС0

Штодзёнка «Rzeczpospolita» зазначае, што ў 2019 годзе сума інвестыцыяў у польскую эканоміку вырасла на 36%. У першую чаргу ў Польшчы інвеставалі фірмы з галіны электрамабільнасці, матарызацыі ды вырабу прыладаў для хатняй гаспадаркі, у тым ліку такія сусветныя гіганты, як Toyota ці PSA.

Усяго летась у Польшчы было рэалізавана 56 інвестыцыйных праектаў з замежным капіталам. Гэта крыху менш, чым у 2018 годзе, калі быў 71 праект, аднак сума інвестыцыяў у 2019-м годзе была значна вышэйшая – больш за 3 мільярды еўра. Гэта рост на траціну ў параўнанні з 2018-м.

Выданне зазначае, што дзякуючы леташнім інвестыцыям Польшча стала рэгіянальным лідарам у галіне электрамабільнасці, то бок вырабу элементаў для электрычных аўтаў.

Гэтаму паспрыяла інвестыцыя карэйскай фірмы SK Innovation, якая за 335 мільёнаў еўра пабудавала фабрыку акумулятараў да электрычных аўтамабіляў. На этапе рэалізацыі цяпер знаходзяцца яшчэ 18 праектаў у дадзенай сферы на суму каля 4 мільярдаў еўра. Калі іх удасца ажыццявіць, 2020 год можа прынесці новы рэкорд, піша польскае выданне.

юл