Беларуская Служба

Газпрам у абцугах цёплай зімы

14.02.2020 15:45
Сёлетняя цёплая зіма моцна б’е па інтарэсах Газпраму.
Siedziba Gazpromu w Samarze w Rosji
Siedziba Gazpromu w Samarze w RosjiMindscape studio/ Shutterstock

Тэму асвятляе штодзёнка «Gazeta Wyborcza».

Газавыя сховішчы ў Еўропе цяпер напоўненыя на 68%. Гэта рэкордны вынік за апошнія дзесяць год. Да таго тады памер газасховішчаў быў у тры разы меншы, чым цяпер. Сёлетні абагравальны сезон Еўропа завершыць з рэкорднымі запасамі газу, піша выданне.

У выніку цэны на сыравіну ў Еўропе пачалі змяншацца. На галоўнай еўрапейскай біржы TTF 1000 м3 газу цяпер каштуюць каля 100 долараў. Гэта найменшая цана з 2009-га года.
Выданне зазначае, што гэта наступствы цёплай зімы ды палітыкі Газпраму. Летась канцэрн заяўляў пра магчымыя спыненні паставак газу ў Еўропу з-за спрэчкі з Украінай. Еўрапейцы адказалі на гэта назапашваннем запасаў газу.

Тры месяцы таму праўленне Газпраму заявіла, што метэаролагі памыляюцца і цёплай зімы ня будзе. Наадварот у Крамлі былі перакананыя, што зіма будзе халаднейшай чым у 2019-м годзе. Высветлілася, што памыліўся Газпром. Снежань 2019, студзень 2020 выдаліся надзвычай цёплымі. У лютым таксама маразы не прыйшлі. Еўрапейскія ТЭЦ спальваюць менш газу, цэны на сыравіну падаюць.

Выданне зазначае, што Газпраму ўжо давялося знізіць цэны. У 2019-м годзе Газпрам экспартаваў сыравіну па 203 долараў за 1000 кубоў, што на 1/5 менш чым у 2018-м. На пачатку лютага бягучага года фірма зменшыла цану да 175-185 долараў за 1000 м3.

Рэакцыяй фірмы на сітуацыю стала стратэгія экспансіі. Газпрам разлічвае на тое, што скарачэнне цэн дазволіць канцэрну пасунуць з рынку вугаль, які доўгі час перамагаў газ ніжэйшай цаной. Таксама ў Маскве спадзяюцца, што спажыванню газу будзе спрыяць кліматычная палітыка ЕЗ, якая прадугледжвае скарачэнне выкарыстання вугалю ў энергетыцы, піша газета.

юл