Беларуская Служба

Афіцыйна Лукашэнка не мае ані дома, ані машыны, а неафіцыйна - мільярды долараў за мяжой

11.08.2020 13:33
Польскі партал апублікаваў артыкул пра маёмасць дыктатара. 
Доларыpasja1000/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пры нагодзе падзей у Беларусі польскі партал Onet.pl зірнуў на фінансы Лукашэнкі. Афіцыйна ў Лукашэнкі няма ані дома, ані аўтамабіля, але на рахунках – мільярды долараў, паведамляе рэсурс. З дакументаў WikiLeaks вынікае, што маёмасць дыктатара ацэньваецца ў 9 млрд долараў. Афіцыйная зарплата кіраўніка краіны – 4 тыс. 200 долараў у пераліку з рублёў. Службовыя рэзідэнцыі, якіх журналісты налічылі 17, і люксавыя аўтамабілі, якія з'яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, дыктатар успрымае як свае ўласныя. Жыве як цар, маючы Службу аховы прэзідэнта, утрыманне якой у год паглынае 18 млн долараў.
Дык адкуль узяліся 9 млрд долараў, калі зарплата Лукашэнкі складае крыху больш за 4 тыс? Мільярдную маёмасць ён накапіў дзякуючы аплатам за транзіт праз Беларусь, рээкспарту тавараў у Расію, а таксама за хабары ад бізнесу і канфіскацыю маёмасці бізнесменаў, паведамляе партал Onet.pl.

У сваю чаргу газета Rzeczpospolita піша пра агульную эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Выданне зазначае, што асноўнай праблемай беларускай эканомікі не зʼяўляецца карупцыя, як ва Украіне, а неэфектыўная і старая эканамічная мадэль з вялізнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і дзяржаўнай сельскай гаспадаркай. Пасля насілля сілавікоў супраць мірных пратэстаў ані адзін інвестар не прыйдзе ў Беларусь, бо будзе баяцца. Больш за тое, некаторыя іншыя інвестары могуць вывесці свой капітал з краіны. Людзі пачнуць выязджаць на заработкі за мяжу, вырасце інфляцыя. Паводле прагнозаў, якія зʼявіліся яшчэ да выбараў, у 2020 годзе прадбачыцца 4-працэнтнае падзенне ВУП краіны з-за крызісу, звязанага з эпідэміяй каранавіруса. Аднак падзенне можа быць большым у сувязі з грамадска-палітычнай сітуацыяй пасля выбараў, інфармуе газета Rzeczpospolita.

вс